/ Станіслаў Манюшка — паляк, літвін…

/ Станіслаў Манюшка — паляк, літвін…

5 мая 2009 года музычны свет адзначыў 190-ю гадавіну з дня нараджэння выдатнага кампазітара, пачынальніка польскай нацыянальнай класічнай музыкі Станіслава Манюшкі (1819–1872).

У гэты дзень у Мінску ў Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры творы кампазітара гучалі ў выкананні трыо «Вытокі», а ў Навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук адчынілася экспазіцыя «Музычны свет Станіслава Манюшкі» — прадстаўлены 58 прыжыццёвых і пасмяротных выданняў яго твораў, зборнік вершаў Уладзіслава Сыракомлі «Бяседы і рытмы», асобныя творы якога прысвечаны Манюшцы. А таксама выданні музыказнаўцаў В. Рудзінскага, С. Невядомскага, З. Яхімецкага, біяграфічны нарыс пра С. Манюшку Б. Вільчынскага, а разам з імі — кнігі з аўтографамі сучасных беларускіх даследчыкаў творчасці Манюшкі — В. Скарабагатава, А. Мальдзіса, У. Мархеля і Б. Смольскага.

Вяршынямі творчасці Манюшкі сталі оперы: «Галька» (1858) — пастаўленая спачатку ў Вільні, а потым у Варшаве, і «Страшны двор» (1865), пра якія прысутны на імпрэзе ў бібліятэцы НАН пасол Польшчы Хенрык Літвін слушна казаў як пра творы, якія пакладзены ў аснову фармавання самасвядомасці сучаснай польскай нацыі. Але ж вытокі натхнення Манюшкі — у разнастайнай і шматаблічнай культуры народаў Рэчы Паспалітай, польскага і беларускага, літоўскага і ўкраінскага. Звязаны з Беларуссю кроўна і па духу, ён і яго спадчына заканамерна прыцягваюць увагу беларусаў і з’яўляюцца прадметамі нашага гонару.

Народны беларускі мелас, сялянская песенная паэзія ў пераказе Яна Чачота, выбітныя вершы Адама Міцкевіча, тэксты Уладзіслава Сыракомлі — тая ўрадлівая культурная глеба, што лягла ў аснову творчых здзяйсненняў кампазітара. Тых, якія змянілі аблічча высокай музычнай культуры як польскіх, так і беларускіх земляў. Яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя ў салонах і залах шыкоўных магнацкіх палацаў, пад дахамі шляхецкіх сядзібаў гучалі пераважна творы італьянскіх, французскіх, нямецкіх музыкаў. За некалькі дзесяцігоддзяў на прафесійнай і хатняй сцэнах сваё годнае месца занялі мелодыі роднага краю. І дакладна падзяліць іх на польскія і беларускія — няўдзячная задача. Невыпадкова Рыгор Шырма, гаворачы пра напісаную ўжо ў Варшаве оперу Манюшкі «Фліс» («Плытагоны», 1858) адзначыў «такое багацце песенных і танцавальных народных інтанацый, што часам ствараецца ўражанне, што ты дзесьці пад Слуцкам ці каля Мінску прысутнічаеш на народным свяце».

І гэта заканамерна. Кампазітар нарадзіўся ў фальварку Убель Ігуменскага павета Мінскай губерні (сённяшні Чэрвеньскі раён) у шляхецкай сям’і, дзе бацька, Чэслаў Манюшка, сваяк мінскага жывапісца Валенція Ваньковіча, быў добрым графікам, а маці, Альжбета з Маджарскіх, выдатна грала на фартэпіяна. Так пачыналася музычна-мастацкая адукацыя будучага кампазітара: выхаванне маці, літургіі ў храмах, хатні тэатр у маёнтку роднага дзядзькі Юзэфа, нарэшце, народныя спевы, якія не мог не зафіксаваць слых таленавітага маладзёна. А далей былі заняткі разам з іншай музычнай славутасцю Беларусі, Фларыянам Міладоўскім, у Мінскай гімназіі ў класе музыканта і педагога Дамініка Стафановіча (да 1835 года), затым вучоба ў Вільні і, нарэшце, у рэктара Берлінскай пеўчай акадэміі К. Ф. Рунгенхагена. Там Манюшка шліфаваў сваё майстэрства дырыжора і кампазітара да 1840 года.

Першыя пастаноўкі Манюшкі — аднаактныя вадэвілі, «аперэткі» — нескладаныя, але прыязна ўспрынятыя публікай, якой падабаліся выкарыстаныя ў іх фальклорна-абрадавыя матывы вяселляў, дажынак, здзейсніліся ў Беларусі. У 1834 годзе ў Мінску пастаўлены «Канторскія служачыя». У 1841-м — у Гродне і ў 1843-м — у Мінску пастаўлены аднаактны жарт «Латэрэя» на лібрэта Корвін-Мілеўскага. А напрыканцы верасня 1841 года, сіламі аматараў, як і папярэднія п’есы, у Мінску выконвалася камічная опера «Рэкруцкі набор». Пастаўленая з нагоды прыезду ў Мінск новага генерал-губернатара Мірковіча, п’еса сталася першым эпізодам супрацоўніцтва кампазітара з маладым і яшчэ нязнаным пачынальнікам новай беларускай літаратуры Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам.


Па сутнасці, творчая садружнасць з ім Манюшкі распачала гісторыю беларускай оперы, бо разам яны падрыхтавалі чатыры аперэты. І надрукаваная ў 1846 годзе ў Вільні «Ідылія» («Сялянка»), якая ўбачыла сцэну 9 лютага 1852-га ў Мінску, а затым у Бабруйску, Слуцку, Нясвіжы — першы твор, у якім дзеючыя асобы-сяляне загаварылі па-беларуску побач з польскамоўнымі панамі.

Ажаніўшыся ў 1840 годзе з Аляксандрай Мюлер, Манюшка па 1858 год жыў у доме Мюлераў на Нямецкай вуліцы ў Вільні (зараз Вокечу, 26). Зарабляў граннем на аргане (дарэчы, перавезеным з Полацку) у касцёле св. Яна, а таксама арганізоўваў канцэрты, выкладаў, пісаў новую музыку. Пасля быў пераезд у Варшаву і трыумф «Галькі», фабула якой — гісторыя ашуканага кахання горскай дзяўчыны да паніча, на сцэне варшаўскай оперы ў 1858 годзе, і — народная музыка, народная мова — нараджэнне польскай нацыянальнай оперы. Затым — вяршыня «Страшнага двара» (1865), оперы хутчэй лёгкай і лірычнай па змесце, гісторыі кахання двух братоў, Стэфана і Збігнева, што спачатку пакляліся адмовіцца ад цікавасці да жанчын дзеля служэння айчыне, да дзвюх дзяўчат-сёстраў. Але глыбокая арыя Стэфана, у якой ён аплакваў смерць маці, успрымалася сімвалічна ў кантэксце паразы нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года ў былой Рэчы Паспалітай, дазваляла захопленай публіцы прачытваць прыхаваны змест п’есы.

Зрабіўшыся заснавальнікам польскай оперы, ці адышоў Манюшка з беларускага далягляду? Пэўна, не.

Імкненне адштурхоўвацца ў творчасці ад нацыянальных асноў Манюшка праграмна дэклараваў у раннія гады, распачынаючы, сучаснай мовай, праект са шматзначнай назвай «Хатні спеўнік». Годам раней — да першага выпуску «Спеўніка», выдадзенага напрыканцы 1843-га, — Манюшка дэклараваў стаўленне і ацэнку музыкі, да якіх пачала імкнуцца «цывілізаваная Еўропа» на хвалі нацыянальнага адраджэння ХІХ стагоддзя: музыкі, як «не толькі як мовы, што перадае пэўную думку і пачуццё... але яшчэ як выявы пэўнай ментальнасці, нацыянальнага характару народаў».

Апрача амаль дваццаці опер і аперэт, трох балетаў, некалькіх кантат і мес ды іншых інструментальных і вакальных твораў, Манюшка стварыў амаль 400 песень. Цыкл «Песняў прынёманскіх вёсак», што ўвайшоў у «Хатнія спеўнікі», — узор яго супрацоўніцтва са старэйшым сучаснікам, сябрам віленскага студэнцкага таварыства філаматаў, Янам Чачотам, які, захоплены народным фальклорам, сабраў і выдаў у Вільні 6 зборнікаў народных «Сялянскіх песень» (1837–1846) у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале. Некаторыя тэксты для стварэння музыкі Манюшка браў з друку, некаторыя па асабістай просьбе кампазітару даслаў у 1844 годзе сам Ян Чачот. Так, па словах выдатнага спевака і даследчыка Віктара Скарабагатава, Манюшка пераводзіў песні з фальклорнага стану ў акадэмічны. Каб потым рытміка і мелодыка народнай творчасці ўвасаблялася ў набытак высокіх музычных жанраў.

Дом у Вільні, дзе жыў Станіслаў Манюшка


Таму, гледзячы з Беларусі, справядліва казаць, што Манюшка — кампазітар і польскі, і беларускі. Тым болей, што пакінуўшы радзіму, ён з ёю ніколі не спыняў сувязі. Прыязджаў адведаць бацьку і сваякоў, па-ранейшаму сябраваў з Дуніным-Марцінкевічам. Спрыяў выданню музычных твораў Ф. Міладоўскага, адукацыі мінскай скрыпачкі Б. Крыгер, сам навучаў мінскую піяністку І. Горват. У час з аднаго візітаў у Мінск у кастрычніку 1856 года на ўрачыстай вечарыне Дунін-Марцінкевіч вітаў музыку вершамі:

«А трэці дудар меж намі ўзрос, ён нам братка,
Яму Мінская зямелька родненькая матка!...»


Слынны даследчык беларускай культуры прафесар Адам Мальдзіс калісьці заўважыў, што Манюшка, выразіўшы нацыянальны дух польскага народа, заняў у яго культуры тое ж месца, што Сметана — у чэшскай, Глінка — у рускай. Але нарадзіўшыся ў Беларусі і чэрпаючы натхненне з народнай творчасці гэтай зямлі, зрабіў неацэнны ўнёсак і ў культуру Беларусі. На адкрыцці выставы ў бібліятэцы НАН Беларусі ён жа казаў пра неабходнасць аднаўлення сядзібы кампазітара ў Убелі, выгляд якой захаваўся на малюнку Напалеона Орды. А таксама рэстаўрацыі дзядзькавага палаца ў Смілавічах, дзе калісьці стаяў легендарны гадзіннік з музыкай. Быццам бы яго меладычны перазвон, пачуты ў дзяцінстве, кампазітар узнавіў у паланезе трэцяга акту «Страшнага двара».

10 чэрвеня сярод падзей, прысвечаных святкаванню 190-годдзя славутага земляка, запрашаем наведаць канцэрт у камернай зале мінскай філармоніі — прэзентацыю кампакт-дыска «Новае неба Станіслава Манюшкі», запісанага ансамблем «Класік-Авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава. Сярод адроджаных малавядомых старонак творчасці Манюшкі — аперэта «Латэрэя», якая, паводле паведамлення кампазітара сваякам, спадабалася мінчанам у пастаноўцы вандроўнай трупы немца Шмідткопфа яшчэ ў далёкім 1843 годзе. Манюшка вяртаецца…

 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Палітыка

Відэа

Аб'явы

 


 

КОНКУРС ІМЯ ЧЭСЛАВА МІЛАША

Беларускі ПЭН-цэнтр абвяшчае творчы конкурс для маладых літаратараў,  прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння Чэслава Мілаша.

 Да ўдзелу запрашаюцца творцы ад 15 да 26 гадоў (на момант абвяшчэння  конкурсу). Лаўрэаты конкурсу будуць запрошаныя на традыцыйныя некалькідзённыя майстар-класы, дзе змогуць прадставіць і абмеркаваць свае творы з вядомымі пісьменнікамі, выкладчыкамі, навукоўцамі.

 Да разгляду журы прымаюцца вершы, кароткая проза, эсэістыка, мастацкія пераклады.

 Творы мусяць быць дасланыя (паводле даты на паштовым штэмпэлі або даты адпраўкі электроннага ліста) не пазней за 20 чэрвеня 2011 г.

 Падвядзенне вынікаў адбудзецца 30 чэрвеня, у дзень народзінаў выбітнага польскага паэта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Чэслава Мілаша.

 Творы можна дасылаць на адрас: e-mail: penkonkurs@gmail.com.

Калі ласка, пакідайце свае кантакты для зваротнай сувязі.

 Паштовы адрас: 220050, а/с 218, Мінск, РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”.

 Даведкі праз электронную пошту ці тэлефон (017) 284-73-29.
 

 


 

 


 

Навучанне  ў Германіі

 

Беларускае прадстаўніцтва Фонду імя Конрада Адэнаўэра аб’яўляе пра правядзенне конкурсу на атрыманне стыпендыі для беларускіх маладых спецыялістаў і даследчыкаў. Стыпендыі выдаюцца для працягу навучання на магістарскім або дактаранцкім узроўні або правядзення навуковага даследвання ў адным з універсітэтаў Германіі ў такіх абласцях ведаў, як сацыяльныя і палітычныя навукі, эканоміка, права, журналістыка, еўрапейскія даследванні і інш. (вобласці ведаў не абмяжоўваюцца гэтым спісам).

 

Кандыдаты на атрыманне стыпендый павінны добра ведаць нямецкую мову, быць не старэй 30 гадоў, мець высокі сярэдні бал школьнага атэстату і дыплома ВНУ, а таксама прыймаць актыўны ўдзел у палітычным ды грамадскім жыцці Беларусі.

 

Для ўдзелу ў конкурсе стыпендый неабходна даслаць поўны пакет дакументаў да 31 ліпеня 2011 года. Пасля папярэдняга адбору найлепшыя кандыдаты будуць запрошаны для ўдзелу ў адборачным семінары, які адбудзецца ў Вільнюсе ў канцы верасня – пачатку кастрычніка 2011 г..

 

Больш падрабязная інфармацыя пра конкурс стыпендый і кантактныя дадзеныя – на сайце Беларускага прадстаўніцтва Фонду імя Конрада Адэнаўэра: www.kas.de/belarus.

 

 


 

 Паважанае спадарства!

Запрашаем Вас наведаць рэсурсы http://knihi.com/ і http://slounik.org/. Абодва сайты былі істотна перапрацаваны і, спадзяемся, сталі больш зручнымі для карыстання. Сярод навінак адзначым наступныя:

Слоўнік.org

  •     слоўнікі і энцыклапедыі аб’яднаныя на адной старонцы
  •     слоўнікі ў фармаце StarDict
  •     энцыклапедыі і слоўнікі ў фарматах pdf і djvu
  •     убудова ў браўзар для пошуку

 

БОЛЕЙ >>>


 


  


 2-ая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя: “100-годдзе Сталыпінскай рэформы - самага масавага перасялення беларусаў у Прыбайкалле”

Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага абвяшчае аб пачатку прыёма прац для ўдзелу ў 2-й міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю Сталыпінская рэформы - самага масавага перасялення беларусаў у Прыбайкалле. Канферэнцыя адбудзецца 17 снежня 2011 г. у Іркуцку.

больш падрабязна