Купить антивирус касперского на Support.by        аренда виртуального cервера на Support.by




Пераход:
Ян Караль Хадкевіч
1560 - 24.9.1621


Ян Караль Хадкевіч (1560-24 верасня 1621, ля замку Хоцін, Малдова), гербу Грыф з мечам.

Адзін з самых таленавітых палкаводцаў Беларуска-Літоўскай дзяржавы ХVІІ стагоддзя. Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Беларусі і Літвы, што паходзіў ад кіеўскіх баяраў ХV ст. Ян Караль Хадкевіч належаў да старэйшай, быхаўскай, галіны роду і ад бацькі атрымаў у спадчыну тытул графа на Шклове, Мышы і Быхаве. Ян Караль Хадкевіч займаў дзяржаўныя пасады ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве, быў з 1605 г. гетманам вялікім, а з 1616 г. і ваяводам віленскім. У сваей палітычнай дзейнасці адстойваў суверэнітэт Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай.

У сям’і Хадкевічаў была традыцыя актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага. Яго бацька, Ян Хадкевіч (1537- 1579), быў кашталянам віленскім (сенатарам) і адміністратарам Інфлянтаў (Лівоніі). Дарэчы, бацька ў 1568 г. атрымаў ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фердынанда тытул графа з назвамі галоўных гарадоў і маёнткаў, якія належалі Яну Хадкевічу. Дзед вядомага беларускага палкаводца, Геранім Хадкевіч (1500-1561), быў кашталянам віленскім і ўваходзіў у склад паноў рады Вялікага княства Літоўскага. А брат дзеда, Грыгорый Аляксандравіч Хадкевіч, які памёр у 1572 г., быў кашталянам віленскім і гетманам вялікім літоўскім. Гэтыя традыцыі роду, багатыя латыфундыі, галоўным чынам на Беларусі, і сваяцкія сувязі з магнацкімі сем’ямі Беларусі і Польшчы давалі магчымасць здольнаму і амбітнаму чалавеку рабіць сваю кар’еру.

Ян Караль Хадкевіч быў сынам Яна Хадкевіча, у той час яшчэ стольніка літоўскага, і Крыстыны Збароўскай, дачкі польскага магната Марціна Збароўскага, ваяводы пазнаньскага, а потым кашталяна кракаўскага. Адзін з братоў маткі, Ян Збароўскі, быў гетманам надворным у Польшчы; іншыя яе браты займалі пасады ваяводаў і кашталянаў.

Дзяцінства Яна Караля праходзіла ў гады Лівонскай вайны. Ён быў сведкам ваенных дзеянняў у Беларусі і Прыбалтыцы і вельмі цікавіўся вайсковай справай. Калі хлопчыку было некалькі гадоў, бацька ўзяў яго ў паход супраць маскоўскіх войскаў Івана Грознага, што ўварваліся ў Беларусь. Беларуска-літоўскім войскам камандавалі гетманы вялікі Мікалай Радзівіл і польны Грыгорый Хадкевіч, дзядзька яго бацькі. Асобным атрадам камандаваў і сам Ян Хадкевіч, які раней удзельнічаў у бітве над Улай у 1564 г. Такім чынам, 8-гадовы хлопчык пабачыў, як жаўнеры ездзяць падчас паходу, як становяцца на месцы лагерам і, галоўнае, як удзельнічаюць у баях.

Пасля папярэдняй хатняй адукацыі ў 1573 г. Ян Караль разам са сваім старэйшым братам Аляксандрам (каля 1560-1626), які потым стаўся ваяводам троцкім, пачаў вучобу ў Віленскай езуіцкай калегіі, а потым і ў Віленскай акадэміі. Калі кароль Стэфан Баторый у сакавіку 1579 г. праязджаў праз Вільню з войскам, каб здабыць Полацк, ад імя студэнтаў акадэміі яго вітаў малады Ян Караль Хадкевіч урачыстай прамовай. Ён вылучаўся сваёй здольнасцю да навукі і ўжо тады вылучаўся моцным характарам, хаця і без перашкоды ўстанаўліваў кантакты з людзьмі. Пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну не толькі маёнткі, але і тытул графа на Шклове, Мышы і Быхаве.

У 1586-1589 гг. малады Ян Караль Хадкевіч разам з братам вучыўся ў езуіцкай акадэміі ў Інгольштадце (Баварыя), дзе вывучаў філасофію і права. У верасні 1589 г. яны атрымалі пасведчанні аб паспяховым заканчэнні курса вучобы. Потым браты паехалі ў Італію, у Падую. Аляксандр Хадкевіч застаўся ў Італіі, а Ян Караль наведаў Мальту, дзе ў мальтыйскіх рыцараў азнаёміўся з дзеяннямі артылерыі, з агнястрэльнай зброяй, фартыфікацыяй і правіламі аблогі крэпасцей. За мяжой Ян Караль Хадкевіч, апрача акадэмічнага курса, шмат увагі прысвячаў вайсковым ведам і тэорыі вайсковай справы.

Пасля вяртання на радзіму ў 1590 г. Хадкевіч стаўся вайскоўцам. Ужо ў 1595 г. Хадкевіч камандаваў уласнай ротай з 50 коннікаў, а потым камандаваў ротай у 100 коннікаў на Украіне. У 1596 г. Ян Караль Хадкевіч удзельнічаў у баях з паўстанцкім войскам Семярына Налівайкі. Камандаваў гэтым войскам гетман польны каронны (польскі) Станіслаў Жулкеўскі. У першай бітве пад Каневам, які быў узяты 14 красавіка 1596 г., Я.К.Хадкевіч выявіў свой вайсковы талент. Вызначыўся ён і падчас аблогі казацкага табару пад Лубнамі (25 мая-7 чэрвеня 1596 г.). За свае вайсковыя заслугі Ян Караль Хадкевіч атрымаў пасаду падчашага літоўскага, а праз тры гады, у 1599 г., яму было нададзена Жамойцкае староства, што раўнялася ваяводскай пасадзе, і ён увайшоў, такім чынам, у склад сенату Рэчы Паспалітай.

У 1600 годзе Ян Караль Хадкевіч разам з братам Аляксандрам на чале ўласнай коннай роты ўдзельнічаў у паходзе гетмана вялікага кароннага Яна Замойскага ў Малдову, якую заняў гаспадар Валахіі Міхай Мужны (Вітязул), каб аб’яднаць Дунайскія княствы. Польшча намагалася захаваць палітычную залежнасць ад яе Малдовы і ўстанавіць там уладу залежнага ад яе гаспадара. Бітва войска Яна Замойскага з арміяй Міхая Мужнага адбылася ў ваколіцах Плаешці 20 кастрычніка 1600 г. і закончылася перамогай Замойскага. Хадкевічы былі ў перадавым атрадзе дабраахвотнікаў, якія ўдарылі на сілы гаспадара Міхая і прычыніліся да перамогі. Гетман Ян Замойскі сярод лепшых воінаў вылучаў Яна Караля Хадкевіча. У выніку перамогі ў Валахіі ў кастрычніку 1600 г. быў пасаджаны на трон стаўленнік Польшчы Сымон Магіла з малдаўскага баярскага роду. У тым жа годзе Яну Каралю Хадкевічу быў нададзены тытул гетмана польнага літоўскага.

У 1600 годзе пачалася доўгая па часе вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй за панаванне на Балтыйскім моры. Яна цягнулася да 1629 года. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза, католік, які адначасова лічыўся каралём Швецыі, але прабываў у Варшаве, у 1599 годзе быў дэтранізаваны лютэранскай апазіцыяй. У 1600 годзе Жыгімонт ІІІ уключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. Гетман польны літоўскі Ян Караль Хадкевіч пад камандаваннем гетмана вялікага літоўскага Крыштофа Радзівіла Перуна ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях з самага пачатку вайны. Абодвух гетманаў накіравалі ў Лівонію, нягледзячы на суперніцтва паміж двума гэтымі магнацкімі родамі Радзівілаў і Хадкевічаў, якія ў 1600 г. амаль не распачалі ў Вільні і краіне грамадзянскую вайну з-за таго, што не маглі дамовіцца пра гарады і маёнткі слуцкай князёўны Соф’і Алелькавіч (апякунамі якой былі Хадкевічы), калі яна выходзіла замуж за князя Януша Радзівіла, сына гетмана вялікага. Адносіны паміж Радзівіламі і Хадкевічамі ў некаторай ступені ўплывалі і на ход ваенных дзеянняў.

Гетман вялікі Крыштоф Радзівіл у маі 1601 г. распачаў ваенныя дзеянні ў Інфлянтах. Яго атрады акружылі горад і крэпасць Кокенгаўзэн (Кокнесе), на правым беразе Заходняй Дзвіны. 8 чэрвеня 1601 г. да Кокенгаўзэна падыйшоў са сваімі атрадамі і польны гетман Ян Караль Хадкевіч. Каб зняць аблогу горада, шведскі камандуючы Карл Карлсан Гіленг’ельм на ўсход ад горада на беразе Заходняй Дзвіны даў бітву беларуска-літоўскаму войску. У бітве ўдзельнічала 5000 шведскіх жаўнераў супраць 3000 беларуска-літоўскіх. Ян Караль Хадкевіч камандаваў гусарскім палком на правым флангу беларуска-літоўскага войска, знаходзячыся ў першых шэрагах свайго войска. Разам з конным палком Крыштофа Дарагастайскага Хадкевіч правёў моцную атаку на левае крыло шведскага войска. Шведскія рэйтары былі разбітыя і пачалося праследванне шведскіх жаўнераў. Шведы страцілі 2 тысячы чалавек, беларуска-літоўскае войска - 200 чалавек. Шведскі гарнізон Кокенгаўзэна капітуляваў. У палон трапіла 1800 шведскіх жаўнераў і ўзята шведская артылерыя. У выніку перамогі пад Кокенгаўзэнам беларуска-літоўскае войска заняло ў ліпені 1601 г. Вэндэн (Кесь, Цэсіс), на паўночны ўсход ад Рыгі. Але потым пад націскам пераважных па колькасці шведскіх сіл беларуска-літоўскае войска адступіла да Рыгі, якую разам з вэндэнскім ваяводам Георгам Фарэнсбахам і польскімі атрадамі абаранялі атрады Я.К.Хадкевіча. Некалькі штурмаў шведскіх войскаў былі адбітыя. У кастрычніку 1601 г. д а Рыгі наблізілася польская армія на чале з гетманам вялікім каронным Янам Замойскім, і шведская армія пачала адступаць. Атрады Яна Караля Хадкевіча ўдзельнічалі ў праследаванні шведаў і блакадзе шведскіх гарнізонаў у крэпасцях Вольмар (Валміера) і Вэзэнберг (Ракверэ), Фэлін (Вільяндзі) і Белы Камень (Пайдэ). Узяцце Белага Камня ўзмацніла пазіцыі войска Рэчы Паспалітай. Ваенныя дзеянні працягваліся ад восені 1601 г. да канца лета 1602 г.

У пачатку кастрычніка 1602 г., пасля ад’езду з тэатра ваенных дзеянняў гетмана вялікага кароннага Яна Замойскага, кароль Жыгімонт ІІІ даручыў камандаванне польскімі і беларуска-літоўскімі сіламі ў Інфлянтах Яну Каралю Хадкевічу. Хадкевічу ўдалося сабраць пад сваім камандаваннем да 4000 жаўнераў. 3 імі ў лістападзе 1602 г. ён пачаў самастойна новую кампанію. 16 лістапада яго войска пачало аблогу аднаго з буйнейшых гарадоў Прыбалтыкі Дорпата (Тарту). Паступова ў баях сілы Хадкевіча змяншаліся, і ў канцы студзеня 1603 г. у яго заставалася толькі 700 коннікаў і 100 пехацінцаў. Даведаўшыся, што шведскае войска збіраецца прыйсці да Дорпата і зняць аблогу, Я.К.Хадкевіч пакінуў каля горада сотні дзве жаўнераў, а з астатнімі сіламі, узяўшы з гарнізона Вэзэнберга (Ракверэ) дапамогу і давёўшы колькасць жаўнераў у сваім войску да 1000 чалавек, прымусіў у сакавіку 1603 г. шведскае войска, якое не дайшло да Дорпата, адступіць. Пасля другой аблогі 13 красавіка 1603 г. шведскі гарнізон (1050 чалавек) Дорпата капітуляваў на ганаровых умовах, адыйшоўшы на Рэвель (Талін), але аддаўшы пераможцам усю артылерыю (звыш 80 гарматаў). У 1603 г. Хадкевіч быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў (Лівоніі).

Наступную кампанію ў Прыбалтыцы гетман польны літоўскі Ян Караль Хадкевіч вёў у 1604 г. У пачатку 1604 г. шведскі сойм абраў каралём герцага Судэрманландскага Карла (дзядзьку польскага караля Жыгімонта ІІІ), дагэтуль рэгента каралеўства. Пазіцыі новага караля Карла ІХ узмацніліся, і ён намагаўся вярнуць крэпасці і гарады ў Эстоніі, перш за ўсё Дорпат і Белы Камень, а потым пайсці на Рыгу. Была сфарміравана новая шведская армія ў 9 тысяч жаўнераў на чале з губернатарам Фінляндыі, генералам Арвідам Эрыксанам Стэлармам. У верасні 1604 г. войскі Стэларма і Хадкевіча сустрэліся. 23 верасня 1604 г. адбылася бітва на дарозе з Дорпата да Рэвеля каля Белага Камня. У Хадкевіча было 2300 жаўнераў, шведскае войска налічвала 7 тысяч чалавек. Хадкевіч вырашыў ударыць на больш моцнае левае крыло праціўніка. Яго гусары, што знаходзіліся на правым крыле арміі Хадкевіча, смелым націскам разграмілі шведскіх рэйтараў, а потым ударылі на пяхоту. Калі ў бой пайшлі атрады цэнтру і левага крыла, шведскае войска было кінута ў балоты і пачаўся поўны разгром праціўніка. На полі бою засталося 300 забітых шведскіх жаўнераў. Пераможцы ўзялі 21 сцяг, 6 гармат і ўвесь абоз. У войску Хадкевіча страты былі малыя: 50 забітых і 100 параненых. Перамога не была выкарыстана, бо ў дзяржаўным скарбе не было грошай і жаўнерам не выплацілі жалавання. Войска стварыла канфедэрацыю, якая адмовілася працягваць ваенныя дзеянні.

За заслугі ў вайне са Швецыяй у сакавіку 1605 г. староста Жамойцкі Ян Караль Хадкевіч атрымаў вялікую булаву, г. зн. атрымаў пасаду гетмана вялікага літоўскага. Кароль Жыгімонт Ваза надаў таксама Хадкевічу Дорпацкае староства (у Эстоніі). А ў гэты час Швецыя рыхтавалася да новай кампаніі, каб усё ж такі захапіць Інфлянты. У сярэдзіне верасня 1605 г. шведскія сілы сканцэнтраваліся каля Рыгі, каб узяць яе. Сюды ж накіравалася і шведская армія на чале з каралём Карлам ІХ. Ян Караль Хадкевіч, які меў 3500 жаўнераў (пераважна конніцы), вырашыў даць бітву каля Рыгі, супраць яго выступіла шведскае войска ў 11 тысяч чалавек, у тым ліку 8500 пяхоты. Кароль Карл ІХ, маючы войска ўтрая большае, быў перакананы ў сваёй перамозе.

27 верасня 1605 г. пад Кірхгольмам (цяпер Саласпілс), у 15 кіламетрах ад Рыгі, на паўночным беразе Заходняй Дзвіны, адбылася бітва. Хадкевічу ўдалося выманіць шведаў з іх выгадных пазіцый на ўзгорках, зрабіўшы выгляд, што яго войска раптам пачало адступаць. А калі пяхота і конніца праціўніка пачалі наступ услед за адступаючымі атрадамі Хадкевіча, беларуска-літоўскія конныя харугвы хутка змянілі фронт і абрынуліся на шведскую пяхоту, якая ўжо пачала ўзбірацца на ўзгоркі, услед за атрадам Хадкевіча. Адначасова шведскую пяхоту ва ўпор расстрэльвала артылерыя беларуска-літоўскага войска. Гусары Яна Пятра Сапегі, Вінцэнта Войны і Тодара Ляцкага разграмілі шведскіх рэйтараў і ўварваліся ў шэрагі галоўных шведскіх сіл на правым крыле, якім камандаваў граф Фрыдрых Іахім Мансфельд. Пасля трох гадзін бою армія шведскага караля была цалкам разгромлена. Карл ІХ выратаваўся, уцёкшы на кані з бітвы ў Парнаву (Пярну). Шведы страцілі 6 тысяч забітымі. Былі захоплены 60 шведскіх штандартаў, 12 гармат і ўвесь абоз. Некалькі соцень шведскіх жаўнераў трапілі ў палон. Страты арміі Хадкевіча былі невялікімі: у баі з пяхотай страцілі 100 чалавек забітымі і 200 параненымі.

Перамога Яна Караля Хадкевіча пад Кірхгольмам над у тры разы большым праціўнікам была атрымана дзякуючы майстэрскаму кіраванню конніцай і канцэнтрацыяй сіл на розных этапах бітвы ў патрэбным на гэты час накірунку. Таму конніца Хадкевіча і здолела перамагчы некалькі калонаў праціўніка, што стаялі адна з адной. Бітва пад Кірхгольмам была найбольш слаўнай сярод перамог гетмана Я.К.Хадкевіча. Кірхгольмская бітва 1605 г. з’яўляецца адной са слаўных старонак беларускай вайсковай гісторыі ХVІІ стагоддзя. Хутка весткі пра яе разляцеліся па ўсяму краю і за мяжой. Хадкевіча віншаваў не толькі кароль Жыгімонт ІІІ, але таксама і германскі імператар Рудольф ІІ, англійскі кароль Якаў І і нават персідскі шах Абас Вялікі і турэцкі султан Ахмед І. Папа рымскі Павел V прыслаў Хадкевічу ліст з віншаваннямі. Прапаведнік Пётр Скарга выступіў у Вавельскім кафедральным касцёле з казаннем у прысутнасці караля. Гэтая прамова пра інфлянцкую перамогу была надрукаваная ў Вільні ў тым жа 1605 годзе. За сваю перамогу Ян Караль Хадкевіч атрымаў маёнткі Сэруце ля Віцебска, Дуды над Нёманам і Лотву (Ашмянскі павет), а таксама прыбыткі з Упіцкай эканоміі. Яму таксама была перададзена Любашанскае староства ў Аршанскім павеце.

Аднак вынікі перамогі пад Кірхгольмам не былі выкарыстаныя. У дзяржаўным скарбе зноў не было грошай, жаўнерам за службу не плацілі, і войска пачало разыходзіцца.

А ў гэты час у Польшчы ўзмацнілася апазіцыя цэнтралізатарскай палітыцы караля Жыгімонта ІІІ групоўкі магнатаў і шляхты. На чале яе стаяў кракаўскі ваявода Мікалай Зэбжыдоўскі. У Вялікім княстве Літоўскім яго падтрымліваў адзін з лідэраў кальвіністаў Януш Радзівіл, муж княгіні слуцкай Соф’і Алелькавіч і ўладальнік багатых маёнткаў у Літве і Жэмайціі. У 1606 г. апазіцыя перайшла да рашучых дзеянняў з мэтай дэтранізацыі Жыгімонта Вазы. Апазіцыя стварыла канфедэрацыю і абвясціла рокаш (законны ўзброены саюз шляхты супраць караля). Кароль у сваю чаргу пачаў збіраць войска супраць канфедэратаў. Ян Караль Хадкевіч спрабаваў спачатку захаваць нейтралітэт, але, калі Януш Радзівіл далучыўся да М.Зэбжыдоўскага, Хадкевіч на з’ездзе беларуска-літоўскай шляхты ў Навагрудку 25 верасня 1606 г. асудзіў апазіцыю каралю. Потым Хадкевіч з 1600 жаўнерамі далучыўся да караля каля Варшавы (чэрвень 1607 г.). 6 ліпеня 1607 г. каля Гузава (недалёка ад Радама) адбылася бітва паміж каралеўскімі войскамі і ракашанамі. Ян Караль Хадкевіч камандаваў беларуска-літоўскімі сіламі на правым крыле каралеўскіх войскаў. Супраць яго стаялі беларуска-літоўскія роты, якімі камандаваў Януш Радзівіл, і, калі яны пачалі адступаць, Хадкевіч, не жадаючы разгрому сіл Радзівіла, вырашыў не праследаваць іх. І хоць перамогу атрымалі каралеўскія войскі, магнаты, прыхільнікі караля, якія таксама не хацелі ўзмацнення каралеўскай улады, прымусілі караля пайсці з ракашанамі на кампраміс. Кароль адмовіўся ад плану рэформы дзяржаўнай сістэмы. Тым не менш бітва пад Гузавам 1607 года выразна падзяліла магнацка-шляхецкае грамадства Беларусі і Літвы на дзве групоўкі: на прыхільнікаў караля і вялікага князя Жыгімонта на чале з Хадкевічам і на апазіцыю на чале з Янушам Радзівілам. Узброеныя сутычкі партызанскага характару адбываліся ў Літве і Беларусі. Але і гэтыя партызанскія выступы апазіцыі былі падаўленыя. У гэтай барацьбе прыхільнікаў караля (рэгалістаў), якіх узначальваў каталіцкі магнат Ян Караль Хадкевіч, з апазіцыяй, якую ўзначальваў Януш Радзівіл, праявіліся не толькі палітычныя і рэлігійныя супярэчнасці ў беларуска-літоўскім грамадстве, але і асабістае суперніцтва двух вядомых прадстаўнікоў магнацкіх родаў Хадкевічаў і Радзівілаў, якія аспрэчвалі сваё першынства ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве. Каб памірыць Хадкевічаў з Радзівіламі, у справу ўмяшаўся самы уплывовы чалавек у краіне, канцлер вялікі Леў Сапега. Урэшце суперніцтва магнатаў было прыцішана.

Грамадзянская вайна ў Рэчы Паспалітай аблегчыла становішча шведаў у Прыбалтыцы. Вясной 1607 г. яны здабылі Белы Камень, а ў 1608 г. - Дынамюндэ (пры ўпадзенні Заходняй Дзвіны ў Рыжскі заліў) і Фэлін (Вільяндзі). У кастрычніку 1608 г. Ян Караль Хадкевіч вярнуўся ў Інфлянты і перайшоў у контрнаступ. Сабраўшы 2-тысячнае войска, Хадкевіч рушыў на поўнач. Яго войска ў лютым 1609 г. за 6 дзён прайшло 200 кіламетраў, што для таго часу было незвычайна. Дайшоўшы да Парнавы (Пярну), ён начным штурмам 1 сакавіка 1609 г. здабыў Парнаву і вярнуўся пад Рыгу, якую заблакавалі шведскія войскі і флот. Смелым ударам яго коннікаў былі разбіты перадавыя атрады корпусу графа Мансфельда, што прымусіла шведскага генерала адыйсці ад Рыгі. Была ўзята крэпасць Дынамюндэ. Адначасова невялічкая эскадра Хадкевіча нанесла страты шведскаму флоту ля Рыгі, ля порта Саліс, і прымусіла яго адыйсці таксама. Пры гэтым шведскі флот страціў два караблі. Далей Ян Караль Хадкевіч намагаўся пайсці ў Эстонію, але не атрымаў абяцаных падмацаванняў ад караля, бо Жыгімонт ІІІ рыхтаваўся да вайны з Расіяй. Смерць караля Карла ІХ дазволіла пачаць мірныя перамовы. У 1611 г. паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай было падпісана перамір’е і на некаторы час (да 1617 г.) ваенныя дзеянні ў Прыбалтыцы былі спыненыя.

Падчас барацьбы ў Маскоўскай дзяржаве паміж Ілжэдзмітрыем І і Барысам Гадуновым і потым, пасля забойства Ілжэдзмітрыя І, сярод кіруючых колаў Рэчы Паспалітай папулярным быў план стварэння славянскай федэрацыі - Рэчы Паспалітай з далучэннем да яе Расіі ў якасці трэцяга члена федэрацыі, разам з Польшчай і Беларуска-Літоўскай дзяржавай.

Зачэпкай для пачатку вайны з Маскоўскім царствам было ўвядзенне на тэрыторыю Расіі па просьбе цара Васілія Шуйскага ў 1609 г. шведскага корпуса на чале з Я.Дэлагардзі для барацьбы з прыхільнікамі Ілжэдзмітрыя ІІ, які знаходзіўся ў Тушыне пад Масквой. Паколькі Жыгімонт Ваза быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне каралеўскіх войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаліся як варожы акт. Сам кароль Жыгімонт узначаліў войска, якое складалася з польскіх і беларуска-літоўскіх войск і палкоў украінскіх казакоў. Да гэтага войска, якое ўступіла на тэрыторыю Расіі, па закліку караля далучыліся польскія, беларуска-літоўскія і ўкраінскія атрады з-пад Тушына, якія пакінулі лагер Ілжэдзмітрыя ІІ. У верасні 1609 г. пад камандаваннем караля Жыгімонта пачалася аблога Смаленска, якая цягнулася да чэрвеня 1611 г., калі Смаленск быў узяты.

Пасля ганебнага паражэння маскоўскага войска (на чале з братам цара князем Дз.І.Шуйскім), калі 6.500 жаўнераў (польскія і беларуска-літоўскія сілы) на чале з гетманам польным каронным С.Жулкеўскім 4 ліпеня 1610 г. разграмілі 35-тысячную расійскую армію ля сяла Клушына (у раёне Гжацка), у Маскве цар Васілій Шуйскі быў скінуты з трона і пастрыжаны ў манахі. Новы маскоўскі ўрад - "сямібаяршчына" - праз месяц заключыў дагавор з каралём Жыгімонтам і абвясціў 15-гадовага каралевіча Уладзіслава Зыгмунтавіча (як яго па беларускаму ўзору называлі ў Польшчы) царом маскоўскім і ўсяе Русі. Жыхары Масквы і іншых гарадоў Расіі прызналі Уладзіслава царом і прынеслі яму крыжацалавальную прысягу на вернасць, падпісаўшы грамату. Але бацька тады каралевіча ў Маскву не адпусціў. У Маскву ўвайшоў польска-беларускі гарнізон на чале са Станіславам Жулкеўскім.

Гетман вялікі літоўскі Ян Караль Хадкевіч выступаў супраць дапамогі Ілжэдзмітрыю ІІ і супраць вайны з Расійскай дзяржавай і нават выказваў сваё незадавальненне каралю, як і раней, гаварыў яму адкрыта, што з-за таго, што кароль не выдаткаваў грошай і не прысылаў у час вайсковай дапамогі ў Інфлянты, не ўдалося атрымаць канчатковай перамогі над шведамі. Цяпер каралю прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб пераканаць Хадкевіча ўдзельнічаць з войскам, што было ў Інфлянтах, у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы. У красавіку 1611 г. Ян Караль Хадкевіч пайшоў у напрамку на Пскоў і шэсць тыдняў стаяў пад сценамі Пячорскага манастыра, але ўзяць яго не здолеў і адступіў.

Урэшце гетман Я.К.Хадкевіч згадзіўся на прапанову караля ўзначаліць войска для дапамогі польска-беларускаму гарнізону ў Маскве. На пачатку восені 1611 г. Хадкевіч сабраў у Шклове 2500 жаўнераў, запасы харчавання і амуніцыі і накіраваўся ў Маскву, куды дайшоў 6 кастрычніка. Яго войска мела некалькі сутычак з удзельнікамі першага расійскага апалчэння Дз.Трубяцкога і І.Заруцкага, але мусіла адступіць.

Польскія жаўнеры не вельмі хацелі падпарадкоўвацца гетману літоўскаму. У пачатку лістапада 1611 г. ужо 2-тысячны атрад Я.К.Хадкевіча адступіў у Гомель. Тут ён зноў сабраў запасы харчавання і 18 снежня 1611 г. прывёз іх у Маскву для польска-беларускага гарнізона Крамля. У 1612 г. яшчэ двойчы ён прыходзіў у Маскву, каб забяспечыць гарнізон харчаваннем. Апошні паход гетмана Хадкевіча на Маскву, зноў з запасамі для крамлёўскага гарнізона, адбыўся ў канцы лета - пачатку верасня 1612 г. У адзін час з гетманам Я.К.Хадкевічам у Маскву накіраваўся кароль Жыгімонт ІІІ і каралевіч Уладзіслаў, каб заняць маскоўскі трон. Каралевіча суправаджаў канцлер Леў Сапега. Хадкевіча ля Масквы сустрэлі атрады першага і другога расійскага апалчэння, у якіх воінаў было значна больш, чым у Я.К.Хадкевіча. На гэты раз прабіцца да Крамля яму не ўдалося. Другое расійскае апалчэнне пад камандаваннем К.Мініна і князя Дз.Пажарскага ўжо заняло большую частку Масквы. 31 жніўня 1612 г. войска гетмана Хадкевіча знаходзілася ў 5 кіламетрах ад сцен Масквы, на Паклоннай гары. 1 верасня Хадкевіч заняў падмаскоўны тады Новадзевічы манастыр і спрабаваў увайсці ў Маскву з захаду праз Чартольскую браму, але быў адбіты апалчэнцамі. На наступны дзень ён спрабаваў увайсці ў горад з поўдня, прайшоўшы праз Данскі манастыр, праз Калужскую браму. Яго войску ўдалося прабіцца ў Замаскварэчча і дайсці да вуліц Бальшая Ардынка і Пятніцкая. Спробы прарвацца да Крамля і Кітай-горада не ўдаліся і ў гэты дзень. 2 верасня 1612 г. Хадкевіч узнавіў атакі. Яго жаўнерам удалося дайсці амаль да самай Масквы-ракі, але і цяпер да берага ракі рускія апалчэнцы іх не дапусцілі. А К.Мінін з часткай сіл пераправіўся праз Маскву-раку і нанёс удар войску Хадкевіча ля Крымскага двара (цяпер раён Крымскага маста). Атакі войска Я.К.Хадкевіча былі канчаткова адбітыя, яго войска страціла 500 чалавек і абоз з правіянтам, і ён вымушаны быў адступаць. Гэта вырашыла і лёс крамлёўскага гарнізона. 1 лістапада воіны другога апалчэння занялі Кітай-горад, а 6 снежня 1612 г. капітуліраваў і гарнізон Крамля, бо харчавання ў іх ужо не было.

Адступаючы, Я.К.Хадкевіч сустрэў у Вязьме новую каралеўскую армію, з якою ў Маскву ўрэшце ехаў разам з бацькам 17-гадовы каралевіч Уладзіслаў Жыгімонтавіч, каб заняць маскоўскі трон. Але гэтая армія затрымалася ў дарозе, спрабуючы ўзяць Валакаламск, і да моманту капітуляцыі польска-беларускага гарнізона не паспела. А потым ужо было позна. У лютым 1613 г. земскі сабор абраў новага цара, 16-гадовага Міхаіла Фёдаравіча Раманава, родапачынальніка новай дынастыі ў Расіі.

Гетман вялікі Ян Караль Хадкевіч у 1613-1615 гг. камандаваў польскімі і беларуска-літоўскімі сіламі ў Смаленскім ваяводстве, не дапускаючы сюды расійскія войскі. На пачатку 1615 г. Хадкевіч накіраваў у глыбіню расійскай тэрыторыі два атрады: Януша Кішкі на Старадуб і Аляксандра Лісоўскага на Бранск.

А ў гэты час каралеўскі двор у Варшаве зноў вярнуўся да плана пасадзіць на маскоўскі трон каралевіча Уладзіслава. Было вырашана, што камандаваць войскам, якое будзе суправаджаць цара Уладзіслава ў Маскву, будзе гетман вялікі літоўскі Ян Караль Хадкевіч, бо гетман вялікі каронны Станіслаў Жулкеўскі адмовіўся ісці ў паход.

Каб пераканаць Я.К.Хадкевіча ў неабходнасці новага пахода ў Маскву, 20 чэрвеня 1616 г. Жыгімонт Ваза надаў яму вышэйшую пасаду ў Вялікім княстве Літоўскім - віленскага ваяводы. Тады ж Ян Караль Хадкевіч адмовіўся ад пасады старосты жамойцкага на карысць Януша Кішкі.

Хадкевіч з войскам пачаў паход раней і 11 кастрычніка 1617 г. узяў Дарагабуж, а неўзабаве аблажыў Вязьму. Сюды да яго выехаў праз Магілёў і Смаленск каралевіч Уладзіслаў, які і пачаў рассылаць у Расіі свае царскія граматы з ільготамі да розных груп насельніцтва. Была занята і Вязьма. Да Уладзіслава далучылася частка дваран, данскіх казакоў і рэшткі казацка-сялянскіх атрадаў часоў паўстання Івана Балотнікава. Але большасць баяраў, дваранаў і казакоў Уладзіслава не падтрымала. Пасля заняцця Вязьмы ўдарылі моцныя марозы, і асноўныя ваенныя дзеянні былі прыпыненыя. Каралевіч і гетман засталіся ў Вязьме. Атрады лёгкай конніцы (лісоўчыкі) дзейнічалі ў бліжэйшых паветах, спусташаючы і так спустошаныя раёны Расіі. Пачалася падрыхтоўка да далейшага пахода. Вясной 1618 г. сілы для наступу на Маскву былі сабраныя. Цяпер у войску Я.К.Хадкевіча налічвалася 14 тысяч чалавек, у тым ліку каля 5500 пяхоты. Аднак дысцыпліна ў лагеры была недасканалай. Пачаліся спрэчкі, каму камандаваць асобнымі палкамі. У рашэнні камандавання ўмешваўся сам каралевіч і яго фаварыты. Рашучы і смелы, Хадкевіч часта ўступаў у спрэчкі з Уладзіславам. А ў гэты час прышлі весткі з Варшавы, што сойм выдаткаваў грошы на вядзенне вайны ў Расіі толькі на 1618 год.

У чэрвені 1618 г. войска Хадкевіча прадоўжыла паход на Маскву. Ён хацеў прайсці ў Маскву праз Калугу, але вайсковая рада і каралевіч вырашылі накіраваць атрады прама на Маскву. Час быў страчаны на заняцце Мажайска. У пачатку кастрычніка 1618 г. войска каралевіча заняло сяло Тушына на поўнач ад Масквы і пачало рыхтавацца да штурму сталіцы. Да Масквы праз паўднёвыя паветы Расіі прыйшло з Украіны 20-тысячнае казацкае войска на чале з гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным, да дарозе разрабаваўшы Пуціўль, Ліўны, Ялец і Лебядзянь і іх акругі. Сагайдачны з’явіўся да Данскога манастыра, а адтуль прайшоў у Тушына. У ноч на 11 кастрычніка пачаўся штурм Масквы праз Цвярскую і Арбацкую брамы, але штурм быў адбіты. Набліжалася зіма, жаўнерам грошы не плацілі, бо іх не было, і каралевіч пачаў перамовы з маскоўскімі баярамі. У выніку перамоваў 11 снежня 1618 г. у сяле Дэўліне (каля Тройца-Сергіева манастыра) было падпісана перамір’е. Расія адмовілася ад прэтэнзій на смаленскую зямлю, якая цяпер вярталася ў склад Беларуска-Літоўскай дзяржавы, і на чарнігаўскую і северскую землі, якія ўвайшлі ў склад Кароны. Уладзіслаў захаваў тытул цара маскоўскага і ўсяе Русі. Перамір’е было заключана на 14,5 гадоў. Гэта быў кампраміс і часовае вырашэнне дзяржаўных і тэрытарыяльных праблем.

Гетман вялікі Ян Караль Хадкевіч вярнуўся з гэтага пахода расчараваным. Гады, праведзеныя на войнах, паўплывалі на яго здароўе. Хадкевіч ўсё часцей хварэў. Ён адыйшоў ад дзяржаўных спраў, усё больш займаўся гаспадаркай у сваіх маёнтках. Былі і сямейныя клопаты.

Ян Караль Хадкевіч ажаніўся ў 1593 г. з удавой слуцкага князя Яна Сымеона Алелькавіча, Зоф’яй Мялецкай (1567-1619), дачкой ваяводы падольскага і гетмана вялікага кароннага Мікалая Мялецкага. Жонку, як сведчылі сучаснікі, ён кахаў. Ад гэтага шлюбу ў яго быў сын Геранім (1598-1613) і дачка Ганна Схаластыка (1604-1625), якая была замужам за Янам Станіславам Сапегам (1589-1635), маршалкам дворным літоўскім, старэйшым сынам Льва Сапегі, канцлера вялікага літоўскага. Адзінокага гетмана ўгаварыў ажаніцца другі раз яго старэйшы брат, Аляксандр Хадкевіч, ваявода троцкі, які не хацеў, каб багатая спадчына брата перайшла да Сапегаў. Аляксандр сватаў Яна Караля за адну з дачок княгіні Ганны Астрожскай. 60-гадовы гетман выбраў князёўну Ганну Алойзію Астрожскую (1600-1654), 20-гадовую дачку валынскага ваяводы, ужо сірату. Шлюб адбыўся 28 лістапада 1620 г. у Ярославе. Хутка пасля вяселля гетман адправіўся на сойм у Варшаву, а потым у свой апошні паход, не ўступіўшы ў права мужа. Яго жонка збіралася раней пайсці ў манастыр і, згодна з яе воляй, прасіла мужа пакінуць яе нявінніцай.

На сойме ў Варшаве ў снежні 1620 г. гетман Ян Караль Хадкевіч атрымаў галоўнае камандаванне над узброенымі сіламі Рэчы Паспалітай у вайне супраць Турцыі, бо кароннае войска ў кастрычніку 1620 г. страціла абодвух гетманаў у бітве з туркамі і крымскімі татарамі пад Цэцорай (у Малдове, недалёка ад Яс). Гетман вялікі каронны Станіслаў Жулкеўскі быў забіты, а гетман польны каронны Станіслаў Канецпольскі трапіў у няволю.

Як Караль Хадкевіч узначаліў кароннае (польскае) і беларуска-літоўскае войска ў паходзе супраць туркаў і крымскіх татараў у Малдову. На поўначы тагачаснага Малдаўскага княства (васала Турэцкай імперыі) знаходзілася крэпасць Хоцін, на малдаўскім беразе Днястра. Тут, у раёне Хоціна, і збіраўся даць рашаючую бітву ворагу стары гетман. Да польска-беларускага войска далучыліся ўкраінскія казакі гетмана Пятра Канашэвіча-Сагайдачнага, даўняга знаёмага і баявога паплечніка Хадкевіча. Польска-беларускае войска налічвала каля 30 тысяч жаўнераў, з іх 14 тысяч пяхоты і больш за 17 тысяч коннікаў, была і артылерыя. Украінскіх казакоў было таксама 35 тысяч. Супраць гэтага войска турэцкі султан Асман ІІ прывёў армію, якая складалася з туркаў, крымскіх татараў, малдаванаў і валахаў, разам каля 100 тысяч чалавек (некаторыя крыніцы называюць 160 тысяч туркаў і 60 тысяч татараў). Пяхота складала толькі адну шостую частку арміі султана, хаця ў баявых дзеяннях вакол моцнай крэпасці Хоцін, якую заняў Хадкевіч, перш за ўсё патрэбная была пяхота. Аднак у туркаў было больш гарматаў, чым у Хадкевіча. У параўнанні з Хадкевічам малады султан Асман ІІ прайграваў, бо баявога вопыту не меў. Тым не менш становішча польска-беларускіх сіл і ўкраінскіх казакоў было складаным, бо іх было менш, чым у праціўніка.

Ужо 21 ліпеня 1621 г. Ян Караль Хадкевіч з 20 тысячамі жаўнераў знаходзіўся пад Хоцінам і чакаў асноўную частку войска, якую вёў сюды каралевіч Уладзіслаў. 1 жніўня, не чакаючы падыходу галоўных сіл, Хадкевіч пачаў пераправу праз Днестр, заняўшы крэпасць Хоцін і яго наваколле. Галоўны корпус каралевіча Уладзіслава падыйшоў у мястэчка Жванец (насупраць Хоціна, на левым беразе Днястра) толькі 30 жніўня, а перапраўляўся праз Днестр ужо падчас баёў з туркамі.

Лагер Хадкевіча, тылам якога быў Днестр, быў абкружаны земляным валам у 8 кіламетраў даўжыні. Казакі абкружылі свой лагер радамі закапаных у зямлю вазоў. Хадкевіч падзяліў лінію абароны на тры ўчасткі. Правы ўчастак, побач з казакамі, занялі беларуска-літоўскія палкі пад непасрэдным камандаваннем Хадкевіча, у цэнтры камандаваў каралевіч Уладзіслаў (але ён увесь час быў хворы і фактычна не камандаваў), левым крылом камандаваў Станіслаў Любамірскі, падчашы каронны, потым ваявода кракаўскі. Галоўнакамандуючым быў сам Ян Караль Хадкевіч.

Бітва пад Хоцінам пачалася ў самым пачатку верасня 1621 г. і з кароткімі перапынкамі цягнулася шэсць тыдняў. Польска-беларускае войска і казакі ўмацавалі свае пазіцыі, вырылі акопы і насыпалі земляныя ўмацаванні вакол свайго лагера. У цяжкіх умовах Хадкевічу ўдалося ўтрымаць дысцыпліну жаўнераў і казакоў, нягледзячы на тое, што ў яго лагеры не хапала харчавання і жаўнеры былі пасаджаны на галодны паёк, бо татары на паўночным беразе Днястра перашкаджалі падвозу харчавання. Да таго Я.К.Хадкевіч ужо моцна хварэў і з 11 верасня кіраваў ваеннымі дзеяннямі, лежучы ў сваім паходным шатры. Спачатку 2-4 верасня 1621 г. туркі і іх саюзнікі атакавалі казацкі лагер і ўрэшце і польска-беларускі, але атакі туркаў былі адбітыя. Пры гэтым яны панеслі цяжкія страты.

Потым наступілі два дні перапынку. 7 верасня туркі, выкарыстоўваючы артылерыю, пайшлі на штурм і нават уварваліся на галоўны вал у стыку цэнтру і левага крыла войска Хадкевіча. Хадкевіч кінуў на туркаў сваіх гусараў, якія сагналі туркаў з вала. Новую атаку туркаў Хадкевіч перапыніў, выпусціўшы праз бакавую браму конніцу, якая флангавым ударам разбіла калоны туркаў. Туркі неслі вялікія страты. Тады туркі спынілі штурм і ў наступныя дні заблакіравалі лагер Хадкевіча. 15 верасня яны кінулі на штурм адборныя сілы з 5000 янычараў і 8000 конніцы. І гэты штурм быў адбіты з вялікімі стратамі для туркаў. Але і ў войску Хадкевіча былі страты, пашыраліся хваробы, наступіў голад. 23 верасня абаронцы скарацілі перыметр абароны, разрыўшы галоўныя земляныя валы і насыпаўшы новыя, але далей у тыле. У гэты дзень Ян Караль Хадкевіч сабраў вайсковую раду і перадаў булаву кароннаму падчашаму Станіславу Любамірскаму, сказаўшы, што памірае. Памёр Ян Караль Хадкевіч 24 верасня 1621 года. Хоць камандзіры спрабавалі захаваць гэтую вестку ў таямніцы, каб не аслабіць баявы дух жаўнераў, войска хутка даведалася і, калі перавозілі ў замак Хоцін яго цела, жаўнеры сталі ў строй і аддалі вайсковае ўшанаванне свайму палкаводцу.

Туркі таксама даведаліся пра смерць Хадкевіча і 25 і 28 верасня зноў штурмавалі лагер Хадкевіча, аднак зноў панеслі страты. 29 верасня ваенныя дзеянні спыніліся, пачаліся мірныя перамовы, і 9 кастрычніка 1621 г. быў падпісаны мірны дагавор паміж Рэччу Паспалітай і Турцыяй. Султан забараніў крымскім татарам нападаць на Украіну. На наступны дзень турэцкая армія адступіла. Вайна закончылася перамогай. Гэта была і апошняя перамога Хадкевіча.

Пасля Яна Караля Хадкевіча засталася багатая спадчына. Найбольш вялікімі маёнткамі з гарадамі і мястэчкамі былі Быхаў і Горы ў Аршанскім павеце, Ляхавічы - у Навагрудскім, Свіслач - у Ваўкавыскім, Шкуды і Крэтынга - у Жэмайціі. Разам з братам Аляксандрам ён быў уладальнікам Шклова і Шклоўскага графства. Праўда, Ян Караль Хадкевіч выдаваў свае грошы на войска, і таму яго даўгі перад смерцю дасягалі 100 тысяч злотых (больш чым гадавы прыбытак ад усіх яго маёнткаў). Тым не менш за спадчыну Хадкевіча пачаліся спрэчкі паміж рознымі магнацкімі родамі, якія былі ў сваяцтве з ім. Прэтэнзіі на спадчыну выказалі дачка Анна Схаластыка і яе муж Станіслаў Сапега, брат Яна Караля Аляксандр Хадкевіч і маладая ўдава Ганна Алойзія Хадкевічова (народжаная Астрожская) разам са сваімі апекунамі. Барацьба за спадчыну скончылася толькі праз два гады, у маі 1623 г., калі ўсе сваякі падзялілі спадчыну гетмана. Удава гетмана дамаглася, каб яго труну пахавалі ў магіле не ў хадкевічаўскім горадзе Крэтынзе (дзе была пахавана яго першая жонка), як ён сам хацеў, а ў рэзідэнцыі князёў Астрожскіх - горадзе Астрогу на Валыні.
 

Анатоль Грыцкевіч


Глядзі таксама: