Харватыя
Харватыя Republika Hrvatska |
|||||
|
|||||
Дзяржаўны гімн «Lijepa naša domovino» |
|||||
Афіцыйная мова | харвацкая | ||||
Сталіца | Загрэб | ||||
Найбуйнейшы горад | Загрэб | ||||
Форма кіраваньня | парлямэнцкая рэспубліка Калінда Грабар-Кітаравіч Зоран Міланавіч |
||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
126-е месца ў сьвеце 56 594 км² 1,09% |
||||
Насельніцтва • агульнае (2011) • шчыльнасьць |
128-е месца ў сьвеце 4 284 889[1] 75,8/км² |
||||
СУП • агульны (2011) • на душу насельніцтва |
67-е месца ў сьвеце $80,334 млрд $18 191 |
||||
Валюта | куна (HRK ) |
||||
Часавы пас • улетку |
CET (UTC+1) СEST (UTC+2) |
||||
Незалежнасьць ад Югаславіі |
25 чэрвеня 1991 |
||||
Аўтамабільны знак | HR | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .hr | ||||
Тэлефонны код | +385 |
Рэспу́бліка Харва́тыя альбо Харва́тыя (па-харвацку: Republika Hrvatska) — краіна на паўднёвым усходзе Эўропы. Мяжуе з Славеніяй і Вугоршчынай на поўначы, Сэрбіяй, Чарнагорыяй ды Босьніяй і Герцагавінай на ўсходзе. На захадзе мае выхад да Адрыятычнага мора. З 2009 году Харватыя ўваходзіць у НАТО, а 1 ліпеня 2013 яна стала 28–й краінай Эўрапейскага Зьвязу.
Зьмест
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўны артыкул: Гісторыя Харватыі
Славянскія плямёны харватаў, што далі пачатак харвацкай нацыі, мігравалі да ўсходняга ўзьбярэжжа Адрыятычнага мора ў VII стагодзьдзі. Неўзабаве Харвацкае каралеўства стала адной з наймацнейшых дзяржаваў рэгіёну, але ў 1102 годзе ў выніку дынастычнага крызысу краіна трапіла ў залежнасьць ад Вугорскага Каралеўства. У сярэдзіне XV стагодзьдзя вугорскі ўплыў на поўначы краіны зьмяніўся турэцкім, у той час як Далмацыя трапіла пад кантроль Вэнэцыі. Пры гэтым Дуброўніцкая рэспубліка заставалася ў асноўным незалежнай.
У 1526 годзе Харватыя ўклала зьвяз з імпэрыяй Габсбургаў дзеля процідзеяньня асманскай экспансіі.
У пэрыяд з 1797 да 1815 году Істрыя, Далмацыя і Дуброўнік увайшлі ў склад Аўстра-Вугоршчыны. Пасьля Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Харватыя ўвайшла ў склад Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў, дарма што Істрыя, Рыека і Задар знаходзіліся пад уладай Італіі. У 1929 годзе дзяржава была пераназваная ў Каралеўства Югаславія. Падчас Другой сусьветнай вайны пад кіраўніцтвам Антэ Павэліча была створаная пранямецкая Незалежная Дзяржава Харватыя (усташы). Пад націскам камуністычна настроеных партызанскіх аддзелаў Ёсіпа Броза Ціта рэжым Павэліча быў зрынуты і ўтвораная Сацыялістычная Фэдэрацыйная Рэспубліка Югаславія, або СФРЮ, у склад якой увайшлі шэсьць фэдэрацыйных рэспублік: Сэрбія, Харватыя, Славенія, Македонія, Чарнагорыя і Босьнія і Герцагавіна. У 1991 годзе Харватыя абвесьціла незалежнасьць, прызнаную міжнароднай супольнасьцю ў 1991—1992 гадах, пачалася вайна за незалежнасьць, якая доўжылася да канца 1995 году. Абвяшчэньне незалежнасьці Харватыяй і Славеніяй сталася пачаткам распаду СФРЮ. Канчаткова цэласнасьць краіны была адноўленая ў 1998 годзе. Першым прэзыдэнтам новай незалежнай Харватыі быў Франьё Туджман. У 2013 г. адбыўся рэфэндум аб пажыцьцёвым шлюбе мужчыны і жанчыны.
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Насельніцтва краіны налічвае каля 4,3 млн чалавек, зь які харваты складаюць 90%, сэрбы — 5%, астатнія — басьнійцы, вугорцы, славенцы, чэхі. 88% насельніцтва — каталікі, 4% — праваслаўныя. Афіцыйная мова — харвацкая.
Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Кіраўнік краіны — прэзыдэнт. Заканадаўчую ўладу прадстаўляе аднапалатны парлямэнт — Сабор.
У адміністрацыйным сэнсе тэрыторыя краіны складаецца з 20 жупаніяў і сталічнай акругі.
Жупанія | Сталіца | Плошча (км²) | Насельніцтва |
---|---|---|---|
Белавар-Білагора | Белавар | 2652 | 119,743 |
Брод-Пасавіна | Славонскі Брод | 2043 | 158,559 |
Дуброўнік-Нерэтва | Дуброўнік | 1783 | 122,783 |
Істрыя | Пазін | 2820 | 208,440 |
Карловац | Карловац | 3622 | 128,749 |
Капрыўніца-Кружэўцы | Капрыўніца | 1746 | 115,582 |
Крапіна-Загор’е | Крапіна | 1224 | 133,064 |
Ліка-Сенж | Госьпіч | 5350 | 51,022 |
Медымур’е | Чакавец | 730 | 114,414 |
Асіек-Баранья | Асіек | 4152 | 304,899 |
Пажэга-Славонія | Пажэга | 1845 | 78,031 |
Прымор’е-Горскі Котар | Рыека | 3582 | 296,123 |
Шыбэнік-Кнін | Шыбэнік | 2939 | 109,320 |
Сісак-Маславіна | Сісак | 4463 | 172,977 |
Спліт-Далмацыя | Спліт | 4534 | 455,242 |
Вараждзін | Вараждзін | 1261 | 176,046 |
Віравіціца-Падравіна | Віравіціца | 2068 | 84,586 |
Вукавар-Сырмія | Вукавар | 2448 | 180,117 |
Задарская жупанія | Задар | 3642 | 170,398 |
Загрэбская жупанія | Загрэб | 3078 | 317,642 |
Загрэб (сталічная акруга) | Загрэб | 641 | 792,875 |
Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тэрыторыя краіны мае мае выгнутую канфігурацыю. Адзін з бакоў, утвараемы рэкамі Мура, Драва і Дунай на поўначы і Сава на поўдні, цягнецца на ўсход да Сэрбіі. Другі бок, абмежаваны Адрыятычным морам і заходнімі хрэбтамі Дынарскіх Альпаў, цягнецца па поўдзень да Каторскай бухты.
Славонія – раўнінная тэрыторыя паміж рэкамі Драва, Дунай і Сава (зьяўляецца часткай Сярэднедунайскай нізіны). На паўднёвы-захад ад яе разьмешчаны горны ланцуг выпняковых Дынарскіх Альпаў, выцягнутая ўздоўж узьбярэжжа Адрыятычнага мора: самая высокая кропка – гара Цынцар (2 085 м). У Істрыі так сама пераважае раўнінны рэльеф. Здараюцца землятрусы. Берагавая лінія Адрыятычнага мора значна парэзаная. Уздоўж берага шмат скалістых выспак. (усяго каля 1 185).
У Славоніі і Малай Харватыі ўмерана-кантынэнтальны клімат зь цёплым летам (+20°С — +23°С) і прахалоднай зімой (-1°С — +3°С); у Далмацыі і Істрыі — міжземнаморскі субтрапічны клімат зь цёплым, амаль без дажджоў летам (+25°С) і мяккай даждлівай зімой (+8°С). У зімку пераважае халодны паўночна-ўсходні вецер «бура». У Дынарскіх Альпах клімат горны, з умераным цёплым летам, умерана халоднай зімой і шматлікімі ападкамі. На ўсходзе і поўначы выпадае 700—1000 мм, на Адрыятычным узьбярэжжы — 800—1500 мм ападкаў штогод. Галоўныя рэкі — Сава, Драва, Дунай і Купа. Самае вялікае возера — Вранска.
У паўночнай частцы краіны пераважаюць дубовыя і ліпавыя лясы; у Славоніі — лесастэпы і стэпы; на Адрыятычным узьбярэжжы і выспах — субтрапічная расьліннасьць; у гарах — дубова-грабавыя, букавыя і сасновыя лясы. Апрацоўваемыя землі займаюць каля 25% тэрыторыі краіны, пасьвішчы — 22%. У лясах жывуць воўкі, мядзьведзі, алені, казулі, дзікі, лісы, фазаны, дзікія качкі.
Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Харватыя мае разьвітую рынкавую эканоміку. Зьвесткі Міжнароднага валютнага фонду сьведчаць пра тое, што СУП краіны склаў у 2011 годзе 80,3 млрд даляраў, ці 18 191 даляраў на чалавека. Агенцтва Эўрастат сьведчыць, што ў 2010 годзе ў Харватыі СУП на чалавека складае каля 61% ад сярэдняга значэньня па Эўрапейскім Зьвязе. Сярэдні заробак ў краіне склаў у ліпені 2012 году 5492 куны (912 даляраў) за месяц, а Міжнародная прафсаюзная арганізацыя ацэньвае беспрацоўе ў Харватыі на ўзроўні 9,1%.
У 2010 годзе большая частка эканомікі краіны складаецца з сэктара паслугаў (66%), прамысловасьць складае 27,2%, сельская гаспадарка — 6,8%. Прамысловасьць у асноўным прадстаўленая караблебудаўніцтвам, пераапрацоўкай ежы, фармацэўтыкай, інфармацыйнымі тэхналёгіямі, біяхіміяй і дрэваапрацоўкай. У 2010 годзе харвацкі экспарт склаў 64,9 млрд кунаў (8,65 млрд эўра), а імпарт 110,3 млрд кунаў (14,7 млрд эўра). Самым буйным зьнешнегандлёвы партнэрам краіны зьяўляецца Эўрапэйскі Зьвяз.
Прыватызацыя і разьвіцьцё эканомікі краіны пачалося з фармаваньня новага ўраду Харватыі, і канчаткам грамадзянскай вайны 1991 году. Наступствам вайны стала значнае разбурэньне інфраструктуры, асабліва турыстычнай галіны. У 1993 годзе, у параўнаньні з 1989 годам СУП краіны скараціўся на 40,5%. У наш час каля 40% валавага прыбытку Харватыі забясьпечваюць прадпрыемствы дзяржаўнай уласнасьці. Значнай праблемай застаецца карупцыйнасьць дзяржаўнай сыстэмы кіраваньня. У 2011 годзе Харватыя заняла 66 месца па ўзроўні карупцыі. Іншай буйной праблемай эканомікі краіны зьяўляецца буйныя зьнешнія запазычанасьці, якія складаюць больш за 34 млрд эўра ці 89,1% СУП краіны.
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Аксёнова Л.А., Жидков М.П., Кайданова О.В., Конюшков Б.Д. Котляков В.М. Люри Д.И., Стрелецкий В.Н., Тархов В.А., Уткин А.И., Хропов А.Г. Страны мира. — М.: ОЛМА, 2009. — 320 с. — ISBN 978-5-373-02764-9
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Харватыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
|
|
|