Кайманавы астравы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Кайманавы астравы
Cayman Islands
Flag of the Cayman Islands.svg Герб
Сцяг Герб

Каардынаты: 19°19′40″ пн. ш. 81°08′01″ з. д. / 19.327778° пн. ш. 81.133611° з. д. (G) (O) (Я)

LocationCayman Islands.svg
Дэвіз: «He Hath Founded It Upon The Seas»
Гімн: «God Save the Queen і Beloved Isle Cayman»
Афіцыйныя мовы aнглійская
Сталіца Джорджтаўн
Найбуйнейшыя гарады
Форма кіравання Канстытуцыйныя манархія
каралева Елізавета II
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні

264 км²
1.6
Насельніцтва
• Ацэнка (2009)
Шчыльнасць

54878 чал.
212 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2008)
  • На душу насельніцтва

$2.25 мільярды  (158-ы)
$47000
Валюта долар Кайманавых астравоў
Авіякампанія Cayman Airways
Інтэрнэт-дамены .ky
Тэлефонны код +1-345
Часавы пояс (UTC-5)

Кайма́навы астравы (англ.: Cayman Islands) — брытанская заморская тэрыторыя ў заходняй частцы Карыбскага мора. Складаецца з астравоў Гранд-Кайман, Літл-Кайман і Кайман-Брак.

Агульная плошча сушы — 264 кв км. Сталае насельніцтва — 54 878 (2009 г.). Адміністрацыйны цэнтр — Джорджтаўн.

Кайманавы астравы — буйны фінансавы і турыстычны цэнтр.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Карта Кайманавых астравоў
Кайманавы астравы

Кайманавы астравы месцяцца ў заходняй частцы Карыбскага мора ў 307 км на паўночны захад ад Ямайкі і 298 км на поўдзень ад Кубы. Прыкладныя геаграфічныя каардынаты астравоў: Гранд-Кайман (19° пн.ш., 81° з.д.), Літл-Кайман (19° пн.ш., 80° з.д.), Кайман-Брак (19° пн.ш., 79° з.д.).

Плошча найбуйнейшага вострава Гранд-Кайман — 197 км², астравоў Літл-Кайман — 25,9 км² і Кайман-Брак — 36 км².

Усе тры астравы маюць каралавае паходжанне. Для ландшафтаў характэрныя вапняковыя плата ў цэнтральнай частцы і вапняковыя скалы і пясчаныя пляжы ўздоўж узбярэжжа. Сярод скал і на плата часта сустракаюцца невялікія гроты і пячоры. Асаблівасцю Гранд-Каймана з'яўляюцца шматлікія натуральныя гаці і мангравыя балоты. У сухую пару года яны прыцягваюць мноства птушак. Паўночна-заходнюю частку Гранд-Каймана займае шырокая лагуна Норт-Саўнд. Найвышэйшы пункт — скальны масіў Блаф на паўночным усходзе вострава Кайман-Брак (42,6 м над узроўнем мора). Рэкі адсутнічаюць.

Клімат Кайманавых астравоў трапічны пасатны. У летнія месяцы характэрныя частыя дажджы і тайфуны. Апошнія часта маюць разбуральны характар. Асабліва моцна астравы пацярпелі ад тайфунаў 1932 і 2004 гг., калі ў той ці іншай ступені былі пашкоджаны ўсе пабудовы і культурныя насаджэнні. Пад час тайфуна 1932 г. меліся шматлікія чалавечыя ахвяры.

У мінулыя часы цэнтральныя часткі астравоў былі пакрыты махагоніявымі лясамі, але ўжо да сярэдзіны XIX ст. у выніку бязлітасных вырубак лясы саступілі месца хмызнякам і культурным насаджэнням дрэў і трыснёгу. На востраве Гранд-Кайман захаваліся мангравыя лясы. Тыповыя расліны — касава, фігавае дрэва, розныя віды пальм, папараці і трыснёгу і г. д.

Жывёльны свет Кайманавых аставоў бедны. Тыповыя прадстаўнікі фаўны: марская чарапаха, ігуана, агуці, некалькі відаў жаб і кажаноў. Усе яны знаходзяцца пад аховай. На астравах мноства птушак, у тым ліку гарбаткі, чырвоныя олушы, качкі-свістуны і эндэмічны кайманскі папугай. Двойчы на год на ўзбярэжжы спыняюцца пералётныя птушкі.

Значна большым жыццёвым багаццем адрозніваецца падводны свет шэльфу Кайманавых астравоў. Тут сустракаюцца рэдкі чорны карал, дэльфіны, мноства рыб, у тым ліку блакітны марлін, розныя віды акул і скатаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэшткі ўмацавання XIX ст. на востраве Гранд-Кайман

Кайманавы астравы былі адкрыты Хрыстафорам Калумбам 11 мая 1503 г. Першая дадзеная ім назва — Лас-Тартугас (Чарапашыя). На навігацыйных мапах яны таксама пазначаліся як Лагартас (Яшчаркі). На Ванфенбютэльскай карце свету (1530 г.) упершыню з'яўляецца назва Кайманы. Апошняе можа быць растлумачана моўнай блытанінай, паколькі марскія алігатары (кайманы) астравоў ніколі не насялялі, а яшчаркі, якіх бачылі маракі, былі звычайнымі ігуанамі.

Першапачаткова Кайманавы астравы з'яўляліся часткай іспанскіх валоданняў у Новым свеце. Аднак пасля захопу арміяй О. Кромвеля ў 1655 г. суседняй Ямайкі астравы сталі часовым прыбежышчам для анлійскіх капёраў (гл. Пірацтва). У канцы 1650-ых гг. англійскія дэзертыры Валтар і Баўдэн заснавалі першыя сталыя паселішчы на астравах Кайман-Брак і Літл-Кайман. У 1661 г. Айзек Баўдэн заснаваў паселішча на ўсходзе вострава Гранд-Кайман. Але першыя англійскія калоніі былі знішчаны іспанцамі. Выжыўшыя каланісты былі вымушаныя перасяяліцца на Ямайку. У 1670 г. паміж Англіяй і Іспаніяй быў падпісаны Мадрыдскі дагавор, згодна якому Ямайка і Кайманавы астравы перадаваліся Англіі.

Некалькі дзесяцігоддзяў астравы заставаліся бязлюднымі. Іх часцяком наведвалі піраты, якія здабывалі тут чарапах, аднак не стваралі сталых паселішчаў. Пытанне аб каланізацыі Кайманаў было ўзноўлена толькі ў сярэдзіне 30-ых гг. XVIII стагоддзя, паколькі ў складанай міжнароднай сітуацыі для абароны Ямайкі патрабаваўся ваенны фарпост на паўночным захадзе, дзе пралягаў гандлёвы марскі шлях паміж Вялікабрытаніяй і яе вест-індскімі калоніямі. У 1734 г. губернатар Ямайкі дараваў для дабраахвотных перасяленцаў 3000 акраў зямлі на востраве Гранд-Кайман. Аднымі з першых перасяленцаў былі прадстаўнікі сям'і Бодэнаў. Мяркуюць, што яны з'яўляюцца нашчадкамі Айзека Баўдэна. Да 1742 г. на Гранд-Каймане склалася невялікая калонія, дзе акрамя белых перасяленцаў жылі негры-рабы. У 1773 г. насельніцтва Гранд-Каймана складала прыкладна 400 чалавек. Першы перапіс насельніцтва, праведзены Эдвардам Корбетам у 1802 г., выявіў ужо 933 сталых насельніка, у тым ліку 545 рабоў. Многія белыя насельнікі мелі ваенныя званні. Для абароны калоніі была арганізаваны міліцыя і пабудаваны Форт-Джордж. Відавочна, для заахвочвання каланістаў улады Ямайкі з самага пачатку пазбавілі іх ад выплаты падаткаў. Пазней гэты факт трансфарміраваўся ў легенду аб выратаванні кайманцамі дзесяці караблёў, на якіх быў прадстаўнік каралеўскай сям'і, і наданні ў гэтай сувязі астравіцянам асаблівай прывілегіі не плаціць падаткі (1788 ці па іншай версіі 1794 гг.). У 17981831 гг. склалася мясцовая сістэма самакіравання.

Асноўным заняткам перасяленцаў першапачаткова была здабыча карыснай чырвонай драўніны, але са знішчэннем лясных багаццяў усё большую ролю адыгрывалі лоў чарапах і дробная плантацыйная гаспадарка (на продаж вырошчвалася толькі бавоўна). З развіццём чарапахавага промыслу ў пачатку XIX стагоддзя атрымалі развіццё суднабудаванне і транспартыроўка марскіх грузаў. Кайманцы лічыліся добрымі маракамі. Пад час англа-амерыканскай вайны многія з іх прыцягваліся брытанскімі ўладамі для службы ў ваенна-марскім флоце. Часовыя паселішчы кайманцаў-чарапахаловаў будаваліся на астравах Белізскага заліву, ля вострава Пінас і ў іншых аддаленых месцах. Разам з белымі гаспадарамі на суднах плавалі чарнаскурыя рабы. Негледзячы на адсутнасць жорсткага прыгнёту, рабства мела надзвычай важнае значэнне для развіцця каланіяльнай гаспадаркі, пакольку забяспечвала каланістаў амаль бясплатнай працоўнай сілай. Таму вызваленне рабоў у 1835 г. не спрыяла далейшаму эканамічнаму развіццю. Але яно падштурхнула новую хвалю каланізацыі. Большасць былых рабоў перасялілася на поўнач і захад Гранд-Каймана, прычым негрыцянская абшчына ў Іст-Эндзе захоўвала сваю ізаляванасць да 1970-ых гг. У другой палове 1830-ых гг. з'явілася сталае насельніцтва на астравах Кайман-Брак і Літл-Кайман.

У 1863 г. Кайманавы астравы атрымалі афіцыйны статус брытанскай каланіяльнай тэрыторыі, залежнай ад Ямайкі. У 1898 г. быў прызначаны пост камісара — афіцыйнага прадстаўніка губернатара Ямайкі на Кайманах. За адміністрацыйнымі зменамі рушылі і эканамічныя. Усё большае значэнне набывалі марскі промысел, гандль і таварная сельская гаспадарка (вытворчасць копры і бавоўны). Для дарослых мужчын звычайнай справай стала адыходніцтва — праца за межамі Кайманавых астравоў. З 1937 г. пачалося абслугоўванне турыстаў. У 1953 г. на востраве Гранд-Кайман было пабудавана лётнае поле, годнае для прыёму вялікіх самалётаў. Разам з тым, нізкі ўзровень жыцця і немагчымасць знайсці працу на радзіме прывялі да шырокай эміграцыі, у асноўным у ЗША, Ямайку, Вялікабрытанію, востраў Пінас (Куба), Панаму, Коста-Рыку, Брытанскі Гандурас, Нікарагуа і г. д.

У 1957 г. у сувязі з імненнем Ямайкі набыць незалежнасць брытанскі ўрад правёў на Кайманавых астравах рэферэндум, у выніку якога большасць кайманцаў выказалася за аддзяленне ад Ямайкі і стварэнне асобнай калоніі. У 1959 г. пачала дзейнічаць першая Канстытуцыя Кайманавых астравоў, хаця фармальна да пачатку 1963 г. захоўвалася ўлада губернатара Ямайкі. З 1966 г. пачалося правядзенне буйных эканамічных і сацыяльных рэформ, накіраваных на развіццё турыстычнай інфраструктуры і банкаўскага афшорнага сэрвісу. Канстытуцыя 1972 г. абвясціла Кайманавы астравы брытанскай заморскай тэрыторыяй, яна значна пашырыла правы мясцовай выбарчай улады. Была ўведзена мясцовая валюта — долар Кайманавых астравоў. У 1980-ыя гг. Кайманавы астравы ператварыліся ў буйны фінансавы цэнтр.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Аснову насельніцтва Кайманавых астравоў складаюць кайманцы (Caymanians) — патомкі перасяленцаў з Ямайкі англійскага, корнвальскага, валійскага, ірландскага і шатландскага паходжання, а таксама неграў-рабоў. Абсалютная большасць насельніцтва пражывае на востраве Гранд-Кайман. Расавы склад неаднародны. Каля 60% складаюць прадстаўнікі змешанага тыпу (у асноўным, мулаты), 20% — негры, 20% — асобы еўрапейскага паходжання. Акрамя Кайманавых астравоў, невялікія групы кайманцаў-эмігрантаў ёсць у ЗША, Вялікабрытаніі, Панаме, Белізе, Ямайке, на востраве Хувентуд (Куба).

У апошнія 20 гадоў назіраюцца сталыя рээміграцыя і іміграцыя насельніцтва з ЗША, Кубы, Ямайкі, Філіпін і краін Лацінскай Амерыкі. У 2006 г. каля чвэрці насельніцтва (49 % усёй працоўнай сілы) складалі іншаземцы.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйная мова — англійская.

У пабытовым жыцці насельніцтва карыстаецца спецыфічным кайманскім дыялектам англійскай мовы. Для яго характэрныя багатыя лексічныя запазычанні з іспанскай і кельцкіх моў, а таксама лексікі брытанскіх маракоў і афраамерыканскага слэнгу, злітнае вымаўленне шыпячых гукаў, скарочаннае — галосных і кароткае прыдыханне ў канцы словаў. Некаторыя асаблівасці мае і граматычная пабудова сказаў. Так, слова «you» (у літаратурнай англійскай мове заўсёды мае множны лік) можа набываць множны і адзінкавы лік, слова «I» толькі адзінкавы лік, што ўплывае на вымаўленне і напісанне дзеясловаў.

Прыклады асаблівасцей кайманскага дыялекту:

  • I loves u (кайм.) — I love you (англ.) — Я цябе кахаю (бел.)
  • A ga pencil (кайм.) — I have a pencil (англ.) — У мяне ёсць аловак (бел.)
  • Unno like T-wee (кайм.) — You like TV (англ.) — Вам (у дачыненні некалькіх асоб) падабаецца тэлебачанне (бел.)
  • Zeri'sh caboose'n ma house (кайм.) — There is a stove in my house (англ.) — У мяне дома ёсць печ (бел.)

З 1970-ых гг. паступова развіваецца літаратура на кайманскім дыялекце.

Народная культура і традыцыі[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйнымі гаспадарчымі заняткамі кайманцаў здаўна з'яўляліся земляробства, суднабудаванне і марскі промысел. У другой палове XIX — першай палове XX ст. развіваецца адыходніцтва. Дзякуючы шырокім міграцыйным працэсам народная культура кайманцаў моцна змянялася. Так, да пачатку XX ст. асноўным відам жыллёвых і гаспадарчых пабудоў былі чатырохкутныя вапнавыя мазанкі (wattle and daub houses), востраканечныя дахі якіх пакрываліся пальмавым лісцем. Пазней з'явіліся разборныя драўляныя хаты (lumber houses). Звычайна іх завозілі з ЗША і Панамы. У наш час пераважаюць сучасныя панэльныя пабудовы. Паводле Аароны Букер Колман (1920-ыя гг.), мясцовыя жыхары мелі сучасныя вопратку і прычоскі. Традыцыйная ежа складалася з садавіны і гародніны (ямса, тара, бананаў і г. д.), варанай і запечанай рыбы, чарапахавага мяса і жыру. Мяса хатняй жывёлы (кароў і свінняў) ужывалася надзвычай рэдка, пад час вялікіх свят. Малако, масла і сыр часткова вырабляліся на астравах, часткова ўвозіліся з іншых краін. Традыцыйныя святы — Каляды (Калядны тыдзень) і Вялікдзень. На востраве Гранд-Кайман у канцы кастрычніка — пачатку лістапада праводзіўся так званы фестываль «Джанкану». Пазней для прыцягнення турыстаў у гэтыя дні быў арганізаваны карнавальны «Пірацкі тыдзень». Папулярныя народныя танцы — кадрыль, полька. Пад час свят у якасці музычных інструментаў ужываліся скрыпкі, барабаны са скуры хатняй жывёлы, гітары і маракасы. У вуснай народнай творчасці распаўсюджаныя працяглыя марскія спевы (cries), казкі, былі і легенды. Захоўваюцца афраамерыканскі рэлігійны культ абеа (obeah) і вера ў звышнатуральныя істоты — дапі (duppy).

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць жыхароў Кайманавых астравоў складаюць пратэстанты (уніяністы, баптысты, метадысты, англікане, адвентысты сёмага дню і інш.). Каля 11% насельніцтва — рымскія каталікі. Вылучаюцца невялікія групы мусульман, юдэяў, растафарыянцаў, атэістаў і асоб без канкрэтнага веравызнання.

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Амаль усё дарослае насельніцтва (98 %) пісьменнае. На астравах дзейнічаюць установы пачатковай, сярэдняй і вышэйшай адукацыі, у тым ліку Універсітэцкі каледж Кайманавых астравоў, медыцынскі ўніверсітэт Св. Мэцью, юрыдычнае аддзяленне Ліверпульскага ўніверсітэта.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Ювелірны выраб з Кайманавых астравоў

Кайманавы астравы — буйны афшорны цэнтр, асноўная спецыялізацыя якога — фінансы. Дзякуючы адсутнасці прамых падаткаў з 1960-ых гг. на астравах рэгіструюцца міжнародныя банкі, траставыя фонды і крэдытныя фінансавыя кампаніі (усяго зарэгістравана 498 банкаў, з якіх толькі 6 маюць права абслугоўваць мясцовае насельніцтва, і больш за 68 тыс. кампаній). З 1986 г. шпарка развіваецца ашчадны бізнес. Банкі, траставыя фонды і кампаніі выплочваюць ураду штогадовы рэгістрацыйны і ліцэнзійны ўнёсак.

Другой важнай эканамічнай сферай з'яўляецца абслугоўванне турыстаў. Кайманавы астравы — вядомы кліматычны курорт, папулярны сярод пасажыраў круізных суднаў і дайвераў. У гэту сферу ўцягнута больш за 70% працаздольных кайманцаў. Абсалютная большасць турыстаў — грамадзяне ЗША, Ямайкі, Канады і Вялікабрытаніі. Сапраўдны турыстычны бум адбыўся ў 1970 — 1980-ыя гг. Калі ў 1970 г. сюды прыбыў 22 891 турыст, то ў 1986 г. — 166 082. Пазней колькасць прыбываючых расла больш запаволенымі тэмпамі. Прычынамі таму сталі надзвычай вялікія кошты на абслугоўванне, а таксама абмежаваныя прыродныя рэсурсы.

З абслугоўваннем турыстаў шчыльна звязаны і гандаль. Амаль траціна гандлёвых цэнтраў на астравах маюць статус «duty free».

Сельская гаспадарка (вырошчванне трапічных культур) і прамысловасць (будаўнічая, здабыча гуана і вапны, ювелірнае рамяство і г. д.) маюць другараднае значэнне. На астравах маецца дзяржаўная ферма па гадоўлі чарапах. Аднак пасля забароны ўвозу прадуктаў чарапахавага промыслу ў ЗША, гэтая галіна перажывае крызіс.

Урад Кайманавых астравоў надае асаблівую ўвагу развіццю транспартнай сістэмы і камунікацый. На востраве Гранд-Кайман працуе міжнародны аэрапорт імя Оўэна Робертса, на астравах Літл-Кайман і Кайман-Брак — мясцовыя аэрапорты. Астравы добра тэлефікаваны. Працуюць некалькі радыё і адна тэлевізійная станцыі. Большасць жыхароў Кайманавых астравоў штодзённа карыстаюцца інтэрнэтам.

Дадатковыя сродкі Кайманавы астравы атрымліваюць ад рэгістрацыі марскіх суднаў.

Імпарт у некалькі дзесяткаў разоў перавышае экспарт. Прычым, кошт экспарту з 1987 г. застаецца стабільным і звычайна не перавышае 2,5 мільёны долараў ЗША, у той час як кошт імпарту стала расце. Асноўны экспарт: мяса марскіх чарапах, ювелірныя вырабы з чарапахавага панцыру і чорнага каралу, сувеніры, паштовыя маркі, ром. Асноўны імпарт: нафтавае паліва, аўтамабільнае і машыннае абсталяванне, прадукты харчавання і паўседзённага попыту.

Галоўныя эканамічныя партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Трынідад і Табага, Нідэрландскія Антыльскія астравы, Японія.

Валюта — долар Кайманавых астравоў, які мае фіксаваны курс, роўны 1,2 доллара ЗША.

Узровень жыцця насельніцтва — адзін з самых высокіх сярод краін Карыбскага басейна. Ужо ў 1996 г. сярэдні прыбытак складаў 23 800 долараў ЗША на душу насельніцтва. Разам з тым у 2000-ыя гг. сярэдні кошт жыцця перавышаў адпаведныя паказчыкі ў ЗША і Вялікабрытаніі.

Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

Кайманавы астравы маюць статус брытанскай заморскай тэрыторыі. Дзейнічае Канстытуцыя 1972 г. з пазнейшымі папраўкамі. Глава дзяржавы — каралева Велікабрытаніі. Ад яе імя прызначаецца губернатар.

Заканадаўчая ўлада належыць Заканадаўчай Асамблеі. Яна складаецца з 18 прадстаўнікоў (officers). 15 выбіраюцца насельніцтвам, маючым статус грамадзян, у выніку прамога галасавання. Выбары адбываюцца кожныя 4 гады. Астатнія прызначаюцца з ліку афіцыйных прадстаўнікоў выканаўчай улады.

Галоўны орган выканаўчай улады — Выканаўчы савет на чале губернатара. Ён складаецца з трох афіцыйных прадстаўнікоў (фінансавага сакратара, адміністрацыйнага сакратара і генеральнага пракурора), прызначаемых губернатарам, і 4 прадстаўнікоў Заканадаўчай Асамблеі. Апошнія адказваюць за справы ў галінах культуры і адукацыі; развіцця і прыродных рэсурсаў; турызму, авіяцыі і гандлю; камунікацый, працы і экалогіі.

За судовую ўладу адказвае генеральны пракурор.

Асаблівасці палітычнага жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Палітычных партый на Кайманавых астравах няма, аднак пад час выбараў у Заканадаўчую асамблею грамадзянамі ствараюцца часовыя выбарчыя блокі. Найбольш вядомае супрацьстаянне выбарчых блокаў «Вартасць» (Dignity) і «Адзінства» (Unity) у 1984 г.

Нацыянальныя сімвалы[правіць | правіць зыходнік]

Нацыянальны герб Кайманавых астравоў распрацаваны і зацверджаны ў 1958 г. Складаецца са шчыта з блакітным полем з выявамі брытанскага льва, трох зорак (сімвалаў трох астравоў) і белых хваль (сімвалаў Карыбскага мора). Над шчытом месцяцца выявы чарапахі і пальмавай ліны (сімвалаў традыцыйнага занятку кайманцаў — марскога промыслу), а таксама ананасавай расліны (сімвалу блізкасці з Ямайкай). Пад шчытом змешчаны дэвіз: «Заснаваныя на моры» (He Hath Founded It Upon The Seas).

Нацыянальны сцяг Кайманавых астравоў распрацаваны і зацверджаны ў 1959 г. На цёмна-блакітным і чырвоным фоне (сімвалах мора і сушы) змешчаны выявы нацыянальнага герба і брытанскага Юніон-Джэка. Акрамя таго брытанскі Юніон-Джэк таксама мае афіцыйны статус дзяржаўнага сімвалу.

У якасці нацыянальнага гімну Кайманавых астравоў выкарыстоўваецца песня «Любімы востраў Кайман» (Beloved Isle Cayman), напісаная ў 1932 г. Лейлай Рос-Шыр. Акрамя таго песня «Божа, храні каралеву» (God Save the Queen) таксама мае статус дзяржаўнага гімну.

Міжнародныя зносіны[правіць | правіць зыходнік]

Кайманавы астравы маюць абмежаваныя правы на знешнія зносіны. Яны прадстаўлены ў Садружнасці Вялікабрытаніі, Цэнтральным Банку Развіцця, ЮНЕСКА і арганізацыі Caricom. Маецца шэраг міжнародных дамоў з ЗША.

Знакамітыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ebanks «Bertie» S. O. Cayman Emerges. — Noerthwester Co., n.d.
  • Herst G. S. S. Notes on the History of the Cayman Islands. — The Post Office of the Cayman Brac, 1909.
  • Free Guide to the Cayman Islands. / Edited by Mark Coshman. — Miami Free Publishers, 2008.
  • Key to Cayman: Journal of Cayman Airways, 1994.
  • Kohlman A. B. Under Tin Roofs. — Limited Run Publishing Solutions, 1993.
  • Nowak H. G. Which way to the Islands? — Daring Books, 1988.
  • Our Islands’ Past. Vol. I—III. — Cayman Islands National Archive, Cayman Free Press, 1994—1995.
  • The ’32 Storm. / Compiled and Edited by Heather R. McLaughlin. — Cayman Islands National Archive, 1992.
  • The ABC's of Cayman Heritage. / Edited by Philip Pedley. — Cayman Islands National Archive, 1997.
  • The Cayman Islands: Social Studies Textbook. — Macmillan Caribbean, 1997.
  • Williams N. History of the Cayman Islands. — Cayman Islands National Museum, 1992.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons