Авечка свойская

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Авечка свойская
Flock of sheep.jpg
Статак авечак
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Ovis aries Linnaeus, 1758

Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на ВікіСховішчы
ITIS   552475
NCBI   9940
EOL   311906

Авечка свойская (Ovis aries) — жывёла класа сысуноў. Продкам свойскай авечкі з'яўляецца азіяцкі муфлон.

Біялагічныя асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Авечкі ў Аргенціне

Найважнейшая асаблівасць свойскіх авечак — высокая іх прыстасавальнасць да розных умоў развядзення. Яны добра пераносяць халодны і гарачы клімат, добра сябе адчуваюць у сухіх пустынных раёнах поўдня і на зялёных раўнінах умераных шырот. Другая каштоўная якасць авечак — добрая прыстасаванасць да пашавага ўтрымання, здольнасць выкарыстоўваць самыя танныя кармы і знаходзіць іх сабе нават на самых бедных пашах. Яны паядаюць вялізную колькасць розных раслін, у тым ліку пустазелле. Шматкамерны страўнік і добра развіты стрававальны апарат забяспечваюць засваяльнасць да 75 % пажыўных рэчываў грубых кармоў. Аднак авечкі дрэнна пераносяць павышаную вільготнасць і вільготныя пашы. Пры перабоях у кармленні і паенні многія пароды авечак здольны траціць адкладзены ў целе (на хвасце, у курдзюку) тлушч, што дапамагае пераносіць бяскорміцу.

Працягласць жыцця авечак 12-14 гадоў, а працягласць гаспадарчага іх выкарыстання 6-7 гадоў.

Скараспеласць высокая. Палавая спеласць настае ў 6-7-месячным узросце, у першую злучку пускаюць у 1,5 года. Палавы цыкл (перыядычнасць прыходу ў ахвоту) у авечак у сярэднім 17 дзён (ваганні 15-20 дзён). Пладавітасць большасці парод ад 100 да 150 ягнят на 100 матак, у асобных парод яна складае 250—300 ягнят на 100 матак. Перыяд котнасці ў сярэднім 150 дзён (ваганні ад 140 да 155 дзён у залежнасці ад пароды, узросту і ўкормленасці матак).

Жывая маса ягнят пры нараджэнні залежыць ад пароды і колькасці ягнят у прыплодзе. Адзіночкі важаць 3-4,5 кг, ягняты са шматплодных акотаў звычайна меншыя. Пры нармальных умовах кармлення і ўтрымання ягняты хутка развіваюцца. Да 15-20-дзённага ўзросту яны падвойваюць сваю жывую масу. Сутачнае прыбаўленне ў масе да 4 мес складае 200—400 г у залежнасці ад пароды і кармлення. Да 4-месячнага ўзросту ягняты дасягаюць 45-50 % жывой масы бацькоў. Эксперыментальнымі даследаваннямі пацверджана, што авечкі найбольш поўна выкарыстоўваюць і акупляюць корм у першы год жыцця пры атрыманні ад іх мясной і шэрснай прадукцыі.

Пароды авечак[правіць | правіць зыходнік]

Вядома больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак: ад жывел з аднароднай тонкай і паўтонкай воўнай да бясшэрсных (з валасяным покрывам), ад кароткамізэрнахвостых да доўгатлустахвостых і курдзючных, ад спецыялізаваных на вытворчасці адной прадукцыі (воўна) да парод трайной прадукцыйнасці (воўна, мяса, малако). На Беларусі пашырана гадоўля танкарунных, паўтанкарунных, паўгрубашэрсных і грубашэрсных авечак.

Прадукцыя авечкагадоўлі[правіць | правіць зыходнік]

Дзякуючы авечкагадоўлі атрымліваюць каштоўную сыравіну (воўну, аўчыну, смушак) і харчовыя прадукты (мяса, тлушч, малако). Воўну прадуць, з яе вяжуць і ткуць розныя вырабы. Шкуру авечкі памерам не менш за 18 дм называюць аўчынай. Футравыя аўчыны атрымліваюць ад танкарунных і паўтанкарунных авечак, а таксама ад паўгрубашэрсных, калі іх шэрснае покрыва ў асноўным складаецца з пуховых валокнаў з невялікім дамешкам тонкай восці. Ад нованароджаных ягнят смушкавых парод ва ўзросце 1-3 дні атрымліваюць смушкі — шкуркі з валасяным покрывам у выглядзе завіткоў. Бараніна мае высокія пажыўныя якасці: у ёй амаль столькі бялкоў, як у ялавічыне і свініне, але вельмі мала халестэрыну. Авечае малако лёгка засвойваецца, тлустасць 7-10 %, з яго робяць высакаякасныя сыры.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.