Ісландыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Рэспубліка Ісландыя
Lýðveldið Ísland
Flag of Iceland.svg Герб Ісландыі
Сцяг Ісландыі Герб Ісландыі

Каардынаты: 64°49′50″ пн. ш. 17°59′12″ з. д. / 64.830556° пн. ш. 17.986667° з. д. (G) (O) (Я)

Europe-Iceland.svg
Гімн: «Lofsöngur»
Заснавана 930 (Ісландская Вольная Дзяржава)
Дата незалежнасці 1 снежня 1918 (ад Даніі)
Афіцыйная мова Ісландская
Сталіца Рэйк'явік
Найбуйнейшыя гарады Рэйк'явік, Коўпавагур, Хабнарфіёрдур, Акюрэйры, Кефлавік
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Олафур Рагнар Грымсан
Сігмундур Давід Гунлаўгсан
Дзярж. рэлігія Лютэранства (Царква Ісландыі)
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
108-я ў свеце
103.001 км²
2,7
Насельніцтва
• Ацэнка (2014)
Шчыльнасць

325.671 чал. (178-я)
3,1 чал./км²  (235-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2014)
  • На душу насельніцтва

$12,831 млрд  (142-ы)
$42.630  (23-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (2014)
  • На душу насельніцтва

$13,654 млрд
$50.006  (16-ы)
ІРЧП (2013) 0,895 (вельмі высокі) (13-ы)
Этнахаронім Ісландцы
Валюта Ісландская крона (kr, ISK)
Інтэрнэт-дамен .is
Код ISO IS
Тэлефонны код +354
Часавы пояс +0

Ісла́ндыя (ісл.: Ísland [ˈislant]) — краіна ў Паўночнай Еўропе. Знаходзіцца на аднайменным востраве і прылеглых дробных астравах у паўночнай частцы Атлантычнага акіяна. Пасля Вялікабрытаніі другая па плошчы астраўная краіна Еўропы. Асноўны востраў, на якім знаходзіцца тэрыторыя Ісландыі, — самы вялікі ў свеце востраў вулканічнага паходжання. Пасля хадатайніцтва на ўступленне ад 17 ліпеня 2009 Ісландыя патэнцыйны кандыдат на сяброўства ў Еўрапейскім саюзе. Таксама астраўная краіна з'яўляецца заснавальніцай НАТА.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што Ісландыя была ўпершыню адкрыта экспедыцыяй Піфея ў IV ст. н.э. і апісана пад назвай Туле. Археолагамі былі выяўленыя рымскія манеты III ст. н.э., аднак не вядома, былі яны завезеныя антычнымі маракамі ці пазнейшымі сярэднявечнымі пасяленцамі. Згодна пісьмовым крыніцам, у раннее Сярэднявечча, Ісландыю маглі наведваць кельцкія манахі.

У X ст. востраў быў выпадкова адкрыты вікінгамі з Фарэрскіх астравоў. У скандынаўскім фальклоры ён быў вядомы як «Снежная зямля» ці «Ледзяная зямля». У 874 г. было заснавана першае сталае паселішча нарвежскіх вікінгаў у Рэйк'явіку.

Рэканструяванае старадаўняе рыбацкае паселішча

Хуткай каланізацыі Ісландыі садзейнічала палітыка першага нарвежскага караля Гаральда Рудавалосага (каля 850—933 гг.), якая прывяла да масавага зыходу нарвежцаў. Сярод пасяленцаў з самага пачатку таксама былі рабы (у асноўным жанчыны і падлеткі) кельцкага паходжання. Ісландцы адкрылі і даследавалі Грэнландыю, Лабрадор і некаторыя паўночныя астравы, прымалі ўдзел у ваенных экспедыцыях скандынаўскіх вікінгаў. Дзякуючы адносна мяккаму клімату той пары, каланісты займаліся пераважна земляробствам. Паміж імі часта ўспыхвалі зямельныя спрэчкі і канфлікты. Для іх прадухілення ў 930 г. быў створаны агульны сход, званы Альтынгам, які ладзіўся штогод. Прымаць у ім удзел маглі ўсе дарослыя свабодныя мужчыны, але галоўную законатворчую функцыю мелі «святыя мужы» (Goðorðsmenn), якія прадстаўлялі буйныя роды ці пасяленцаў пэўнай мясцовасці. У 999 ці 1000 г. ісландцы прынялі хрысціянства. У 1056 г. быў прызначаны першы каталіцкі біскуп Ісландыі.

У перш. пал. XIII ст. уладу на востраве фактычна захапіў род Стурлунгаў (1200—1262 гг.). Аднак афіцыйна дамагчыся каралеўскай кароны яго прадстаўнікі не здолелі. У 1220 г. Сноры Стурлунг упершыню прызнаў сябе васалам нарвежскага караля Хокана IV. У 1262 г. была падпісана унія (т. зв. «Стары запавет») паміж нарвежскім каралём і прадстаўнікамі буйных ісландскіх родаў, якая прадугледжвала выплату ісландцамі падаткаў, роўнасць паміж падданымі Нарвегіі і Ісландыі, усталяванне адзінага заканадаўства і вольнага гандлю паміж дзвюмя краінамі.

З 1380 г. Ісландыя фактычна кіравалася каралямі Даніі, якія мала клапаціліся пра насельніцтва востраву ў сувязі са скарачэннем падаткаў, што ў сваю чаргу было выклікана пахаладаннямі клімату ў XIII—XIV, а потым у XVI—XVII і XIX стст. Пахаладанні прывялі да выпадкаў масавага голаду, згалення і памяньшэння колькасці насельніцтва. Земляробства было закінута. Асноўную эканамічную ролю пачалі адыгрываць лоў і экспарт рыбы (галоўным чынам траскі), а таксама жывёлагадоўля.

У XVI ст. правядзенне дацкімі манархамі Рэфармацыі выклікала супраціўленне каталікоў на чале з біскупам Ёнам Арасанам, а затым працяглы крывавы канфлікт паміж каталікамі і пратэстантамі-манархістамі (1541—1550 гг.), які скончыўся перамогай апошніх.

У 1627 г. на ўсходняе і паўднёвае ўзбярэжжа вострава ўрываліся берберскія піраты (Tyrkjaránið). Хаця каля 400—800 ісландцаў апынуліся ў палоне, дацкія ўлады не прадпрымалі рашучых захадаў для абароны Ісландыі.

У 1783 г. у выніку вывяржэння вулкану Лакі загінула каля чвэрці насельніцтва вострава. У 1800 г. было забаронена скліканне Альтынгу. У 1814 г. Нарвегія атрымала незалежнасць ад Даніі, але Ісландыя заставалася падначаленай дацкім каралям. Забарона на гандль ісландцаў з краінамі, непадпарадкаванымі каралю Даніі (дзейнічала ў 1602—1854 гг.), а таксама новае пахаладанне выклікала эміграцыю актыўнага насельніцтва (у асноўным, у Канаду), а потым масавую падтрымку руху за незалежнасць.

У 1843 г. ісландцы дамагліся ўзнаўлення працы Альтынгу як дарадчага органу. У 1874 г. Ісландыя атрымала права на самакіраванне (пашырана ў 1903 г.). Згодна акту аб уніі ад 1 снежня 1918 г., Ісландыя прызнавалася незалежнай краінай, хаця фармальным кіраўніком краіны заставаўся кароль Даніі.

У 1940 г. акт аб уніі павінен быў быць узноўлены, аднак Данія апынулася пад нямецкай акупацыяй. Негледзячы на афіцыйны нейтралітэт, Ісландыя была занята брытанскімі войскамі (у 1941 г. — амерыканскімі) і выкарыстоўвалася пад час II Сусветнай вайны для вядзення ваенных дзеянняў супраць Германіі. 17 чэрвеня 1944 Ісландыя была абвешчана рэспублікай. У 1946 г. яна была прынята ў НАТА.

Іагана Сігурдардоцір

У пасляваенны час эканоміка Ісландыі развівалася ў шчыльнай сувязі з эканомікамі ЗША і краін Заходняй Еўропы. Для абароны сваіх эканамічных інтарэсаў у кан. 1950-ых — сяр. 1970-ых гг. Ісландыя вяла так званыя «трасковыя войны» супраць рыбалоўных кампаній іншых краін на марской тэрыторыі, абвешчанай ісландскай. Негледзячы на стабільную інфляцыю, назіраўся эканамічны рост. З 1980-ых гг. Ісландыя займала адное з першых месцаў у свеце па ўзроўню жыцця насельніцтва. Гэтаму часткова садзейнічалі рэформы ў сферы прыцягнення замежных інвестыцый і банкаўскай сістэмы. У 1994 г. Ісландыя ўвайшла ў Еўрапейскую эканамічную прастору. Аднак у кастрычніку 2008 г. банкаўская сістэма Ісландыі фактычна была зруйнавана, што прывяло да моцнага эканамічнага і палітычнага крызісу. На выбарах 2009 г. перамагла кааліцыя Сацыял-Дэмакратычнага аб'яднання і Лева-Зялёнага руху. Прэм'ер-міністрам і кіраўніком дзяржавы стала Ёгана Сігурдардоцір — першая ў свеце з дзейнічаючых глаў дзяржаў, адкрыта абвясціўшая сябе лесбіянкай.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Геалагічная будова[правіць | правіць зыходнік]

Вывяржэнне вулкана Эйяф'ядлаёкюдль 27 сакавіка 2010 г.

У геалагічным сэнсе Ісландыя — маладая краіна, якая ўтварылася ў выніку вулканічных вывяржэнняў за апошнія 60 млн гадоў (што адпавядае палеагенаваму, неагенаваму і чацвярцічнаму перыядам у гісторыі Зямлі). Самыя старажытныя часткі краіны размешчаныя на захадзе, поўначы і ўсходзе. Гэта пераважна плато, складзеныя старажытнымі базальтавымі лавамі. Платопадобны характар паверхні лепш за ўсё захаваўся на паўночным захадзе, тады як на ўсходзе і на поўначы цэнтральнай часткі вострава рэльеф набывае альпійскае аблічча. Праз усю краіну з поўначы на паўднёвы захад распасціраецца шырокая зона, у асноўным складзеная туфамі і брэкчыямі, якія ўтварыліся ў выніку падводных вулканічных вывяржэнняў.

Да гэтай зоны, а таксама да раёна Снайфедльснес на захадзе прымеркавана вялікая колькасць вулканаў, з іх 20 вывяргаліся ўжо пасля засялення краіны. У Ісландыі прадстаўленыя амаль усе тыпы вулканаў, што сустраюцца на Зямлі. Найбольш характэрныя ланцужкі кратараў, якія ўзніклі ў выніку вывяржэнняў уздоўж расколін і разломаў. У 1783 падчас вывяржэння вулкана такога тыпу Лакі ўтварыўся лававы паток, які заліў плошчу 570 км². Вулкан Гекла вывяргаўся ў 1947 і 1970. У выніку падводнага вывяржэння ля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Ісландыі ў 1963 ўтварыўся невялікі востраў Сюртсей. У 1973 падчас вывяржэння вулкана на в. Хеймаэй прыйшлося эвакуіраваць насельніцтва горада Вестманаэйяр. З вулканізмам звязаныя частыя землетрасенні.

Гейзер

З вулканічнай дзейнасцю цесна звязаныя гарачыя крыніцы па ўсёй краіне (налічаецца больш за 250 груп такіх крыніц). Палі сярністых фумаролаў (сальфатараў) прымеркаваныя да абласцей вулканізму. З фантаніруючых крыніц найбольш вядомы Вялікі Гейзер, назва якога стала намінальнай для ўсіх падобных утварэнняў.

У Ісландыі шырока выкарыстоўваецца энергія тэрмальных крыніц. 85 % насельніцтвы жыве ў дамах, абаграваных іх водамі. Акрамя таго, цёплая вада падаецца ў шматлікія цяпліцы і плавальныя басейны. Ёсць мінеральныя крыніцы. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера.

Характар паверхні[правіць | правіць зыходнік]

Большая частка вострава — плато вышынёй 400—800 м над узроўнем мора, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найбольш вядомыя вулканы — Гекла, Лакі, Аск'я.

Моцна парэзаная берагавая лінія Ісландыі мае працягласць каля 5 тыс. км. На паўночным захадзе, поўначы і ўсходзе скалістыя берагі раздзеленыя шматлікімі залівамі, фіёрдамі і астравамі. Ва ўнутраныя часткі шматлікіх фіёрдаў заходзяць галечнікавыя косы, якія абараняюць натуральныя гавані ад штормаў, што дзьмуць з боку Атлантычнага акіяна. На такіх косах часта размяшчаюцца прыбярэжныя гарады і пасёлкі. Паўднёва-заходнія і паўднёвыя берагі Ісландыі — пясчаныя, выраўнаваныя; натуральныя гавані там адсутнічаюць. На захадзе і поўдні — паласа прыбярэжных нізін.

На паўднёвым усходзе Ісландыі знаходзіцца вышэйшы пункт краіны Хванадальсхнукюр (2119), які ўяўляе сабой падняты бок кальдзеры вулкана Эрайвайёкудль. Найвышэйшыя вулканы — Хванадальсхнукюр, Эйяф'ядлаёкюдль, Снайфедль — маюць конусападобную форму. Іншыя вулканы маюць шчытападобную форму, напр. Ск'яўльбрэйд. Некаторыя належаць да трэшчыннага тыпу, трэшчыны звычайна схаваныя пад ланцужкамі кратараў з попелу і лавы; так ланцуг з 100 кратараў працягласцю 25 км вядомы пад назвай Лакі. Дзеючыя вулканы часта пакрываюць ледавіковыя шапкі. Таму вывяржэнні суправаджаюцца бурнымі паводкамі на рэках і ў навакольных раёнах.

Ва ўнутранай частцы Ісландыі пераважаюць плато вышынёй 600—800 м. Месцамі, асабліва на перыферыі, яны разбіты глыбокімі звілістымі далінамі і фіёрдамі. У зоне вулканізму пераважаюць вулканічныя масівы вышынёй 1200—1800 м. Прыкладна 10 % тэрыторыі займаюць лававыя палі, паверхня якіх нагадвае месяцовы ландшафт. Найбольшае лававае поле Аўдаўдахройн, плошча якога дасягае 4 тыс. км², знаходзіцца амаль у цэнтры краіны. На лававым полі можна ўбачыць звстылыя патокі рознага колеру — ад чырвона-бурага да сіне-чорнага. сустракаюцца і тэрыторыі, пакрытыя чорным вулканічным попелам.

Ледавікі і снежнікі (пераважна на поўдні) займаюць больш за 13 % тэрыторыі краіны (плошча 11 900 км²). Самая буйная з ледавіковых шапак, Ватнаёкутль, размешчаная на паўднёвым усходзе Ісландыі (плошча каля 8400 км², магутнасць ільду да 1 км). Іншыя буйныя ледавікі: Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²), Мірдальсёкудль (700 км²). Улетку ніжнія часткі ледавікоў інтэнсіўна таюць. Ад іх канцоў цякуць шматлікія ручаі і рэчкі, якія, зліваючыся, утвараюць вялікія рэкі.

У прыледавіковых абласцях размешчаны вялікія пясчана-шчэбністыя раўніны — зандры. Бурныя рэкі блукаюць па гэтых раўнінах, падзяляюцца на рукавы, рэчышчы змяняюцца бадай што пасля кожнай паводкі.

Клімат і надвор'е[правіць | правіць зыходнік]

Клімат Ісландыі субарктычны, марскі, больш мяккі ў параўнанні з краінамі, што знаходзяцца на такіх самых шыротах. Змякчальны ўплыў на яго аказваюць цёплыя воды Паўночна-Атлантычнага цячэння (працяг Гальфстрыму), частка якога праходзіць уздоўж паўднёвага і заходняга берагоў вострава.

Сярэдняя гадавая тэмпература на паўднёва-заходнім узбярэжжы ў Рэйк'явіку 5 °C, сярэдняя тэмпература студзеня −0,4 °C, ліпеня 11,2 °C. Адпаведныя паказчыкі на паўночным узбярэжжы ў Акюрэйры 3,9 °C, −2 °C і 11 °C. Сярэдняя тэмпература студзеня ў гарах апускаецца да −10 °C, ліпеня да 0 °C.

Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў складае 800 мм у Рэйк'явіку, 350—500 мм — на паўночным узбярэжжы, да 3000 мм на паўднёва-заходніх і паўднёвых схілах гор, звыш 3800 мм на адкрытых да поўдня схілах Ватнаёкудля і Мірдальсйёкудля. Сярод зімы часта ільюць дажджы, здараюцца навальніцы. Снег устойліва трымаецца толькі ва ўнутраных раёнах.

Надвор'е ў Ісландыі хутка мяняецца ў сувязі з раходжаннем цыклонаў. Часцей за ўсё яно сырое і халаднаватае, неба пакрыта хмарамі, далягляд зацягнуты сеткай дажджу, дзьме пранізлівы вецер, сцелецца туман. Затым раптам на некалькі хвілін вецер сціхае, неба праясняецца і набывае чысты, блакітны колер, а паветра становіцца такім празрыстым, што ў далечыні праступаюць контуры гор.

Унутраныя ўзвышаныя раёны адрозніваюцца значна больш суровым кліматам, чым прыбярэжныя. На паўночным і ўсходнім берагах таксама значна халадней, чым на паўднёвым і паўднёва-заходнім. Так праяўляецца ахаладжальны ўплыў Усходне-Грэнландскага цячэння, якое нясе з Арктыкі плывучыя ільды і айсбергі.

Прыбярэжныя воды вольныя ад лёду на працягу ўсяго года. Выключэнне складаюць сітуацыі, звязаныя з вынасам палярных ільдоў на поўначы і ўсходзе. У сувязі са значным пацяпленнем клімату з пачатку 1920-х гадоў вынас палярных ільдоў да берагоў Ісландыі адбыўся толькі ў 1965. Надвор'е ў гэтай краіне рэзка змяняецца, часам на працягу сутак, што залежыць ад цыклонаў, што праходзяць ва ўсходнім кірунку праз Атлантычны акіян.

Рэкі і азёры[правіць | правіць зыходнік]

Вадаспад Oxararfoss

Вільготны халаднаваты клімат спрыяў развіццю ў Ісландыі балот і азёр, густой рачной сеткі і ледаікоў.

Рэкі на востраве кароткія, з парогамі і вадаспадамі, маюць значныя запасы гідраэнергіі. Многія рэкі пачынаюцца на ўскраінах ледавікоў і жывяцца іх талымі водамі. У ліпені-жніўні на рэках з ледавіковым жыўленнем адбываюцца бурныя паводкі, затое пад час межані сцёк рэзка скарачаецца. Вада ў іх утрымлівае шмат наносаў — гліны, пяску, камянёў. Рэкі, што выцякаюць з азёр і крыніц, наадварот, маюцт вельмі чыстую, празрыстую ваду.

Дзякуючы багаццю ападкаў у Ісландыі шмат даволі буйных рэк (гл. Рэкі Ісландыі), але яны несуднаходныя. На поўдзень ад Ватнаёкудля рэкі разгаліноўваюцца на рукавы, часта яны змяняюць сваё становішча. Гэта сур'ёзная перашкода для транспарту. Падчас падледавіковых вулканічных вывяржэнняў і пры прарыве ледзяных плацін на прыледніковых азёрах велізарныя масы талых вод выклікаюць бурныя паводкі на рэках.

Для гідраэнергабудаўніцтва ў Ісландыі ў асноўным выкарыстоўваюцца рэкі з грунтавым жыўленнем, з невялікімі сезоннымі ваганнямі сцёку. Самыя значныя ГЭС пабудаваны на рэках Сог і Цьёўрсаў.

Характэрны шматлікія невялікія азёры. Самыя буйныя азёры Ісландыі — Тынгвадлаватн, Міватн і Таўрысватн. Большасць азёр утварылася ў выніку падпруджвання рэк.

Глебы, раслінны і жывёльны свет[правіць | правіць зыходнік]

Прырода Ісландыі адносіцца да арктычнага барэальнага (паўночнага) рэгіёну.

Глебы Ісландыі пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Глебы часта забалочаныя, узбагачаныя мінеральным матэрыялам, вытворным ад вулканічнага попелу, пылаватыя і пясчаныя. Сустракаюцца працяглыя лававыя палі.

Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. У складзе флоры налічваецца ўсяго 440 відаў вышэйшых раслін, большасць з якіх арктаальпійскага паходжання, прычым палову складаюць рэлікты ледавіковай эпохі. Вегетацыйны перыяд вельмі кароткі. Расліны пачынаюць рост у маі, а часам толькі ў чэрвені, а ў верасні іх развіццё спыняецца.

Меней за чвэрць тэрыторыі краіны пакрыта расліннасцю (супраць 2/3 падчас засялення краіны 1100 гадоў назад). Шырокія ўнутраныя плато амаль цалкам пазбаўленыя расліннага полага. У складзе расліннасці пераважаюць імхі і травы.

Дрэвавыя расліны ў сярэдзіне ХХ ст. займалі ўсяго 1 % плошчы. Гэта ў асноўным паўночныя бярозы, асіна, рабіна, вербы; дрэвы прыземістыя, звычайна маюць скрыўленыя ствалы з-за моцных вятроў. Асобныя гаі захаваліся ў горных далінах, яны падымаюцца да вышыні 300—400 м, у рэдкіх выпадках — да 550—600 м. У апошнія дзесяцігоддзі месцамі створаныя значныя насаджэнні хвойных парод, галоўным чынам дзеля абароны ад ветру.

На нізінах Ісландыі пераважаюць балоты і лугі. Ва ўнутраных узвышаных раёнах і на зандрах вялікія тэрыторыі зусім пазбаўлены раслінасці, і толькі на выхадах базальтаў рассцілаюцца рознакаляровыя дываны імхоў і лішайнікаў.

Відавы склад фаўны Ісландыі бедны. Падчас засялення краіны з наземных сысуноў там былі толькі пясцы і лемінгі. У канцы XVIII ст. інтрадуцыраваныя паўночныя алені. Найбольш распаўсюджаныя хатнія жывёлы — авечкі, коні (ісландскія поні), каровы, радзей козы. Акрамя таго, на востраў былі выпадкова завезеныя мышы і пацукі. У 1930 з звераводчых гаспадарак уцякла група амерыканскіх норак, якія цяпер жывуць у многіх раёнах вострава. У прыбярэжных водах сустракаюцца два віды цюленяў і некаторыя віды кітоў.

У Ісландыі гняздуецца каля 80 відаў птушак. На горных азёрах і рэках жыве мноства лебедзяў, качак і гусей, а на марскім узбярэжжы звычайныя гарбаткі, крачкі і інш. Адной з найбольш распаўсюджаных птушак з'яўляецца гага, якая ператварылася ў паўсвойскую птушку. З драпежных птушак добра вядомы сокал. З насякомых шмат камароў. У азёрах водзіцца стронга, а ў рэках — ласось.

Абмежаванасць жывёльнага свету сушы кампенсуецца багаццем рыбы ў навакольных водах. Гэтаму спрые тое, што ля берагоў Ісландыі цёплыя марскія воды перамешваюцца з халоднымі. Тут знаходзяцца месцы напасу і нерасту рыб (да 66 відаў). Найбольш важнае значэнне маюць траска, марскі акунь, пікша, палтус, а таксама крэветкі.

Ахова прыроды[правіць | правіць зыходнік]

Створаны нацыянальныя паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Ісландыя — парламентска-прэзідэнтская рэспубліка. Члены парламенту, які называецца Альтынг (ісл. Alþingi) абіраюцца прамым галасаваннем кожныя 4 гады. На чале ўрада стаіць прэм'ер, якога прызначае прэзідэнт. Прэзідэнцкія выбары адбываюцца праз 4 гады.

Палітычныя партыі[правіць | правіць зыходнік]

  • Прагрэсіўная партыя (1916 —), правацэнтрысцкая.
  • Партыя незалежнасці (1929 —), кансерватыўная.
  • Ліберальная партыя (1998 —), правая.
  • Левая зялёная партыя (1999 —)
  • Аб'яднаныя левыя (2000 —), сацыял-дэмакратычная.

Прававая сістэма[правіць | правіць зыходнік]

Ісландыя ўваходзіць у скандынаўскую сістэму права, якая адносіцца да рамана-германскай сям'і. Грамадзянска-прававая сістэма заснавана на дацкім заканадаўстве, і не падпадае цалкам пад юрысдыкцыю Міжнароднага суда ААН. Судовая ўлада складаецца з Вярхоўнага Суда, альбо Haestirettur, (суддзі прызначаюцца пажыццёва міністрам юстыцыі) і васьмі акруговых судоў (суддзі прызначаюцца пажыццёва міністрам юстыцыі). Акрамя гэтага існуюць спецыяльныя суды па марскіх, працоўных і рэлігійных справах.

Адміністрацыйны падзел Ісландыі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. асноўны артыкул Адміністрацыйны падзел Ісландыі

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Агульнае насельніцтва 317630 чалавек (2010).

Аддаленасць Ісландыі ад рэшты мацерыка абцяжарвала засяленне вострава. Сённяшняя Ісландыя — маланаселеная краіна з этнічна аднародным насельніцтвам. Дзякуючы багатай вуснай і пісьмовай традыцыі шмат сямей можа назваць сваіх продкаў у многіх пакаленнях. Добра захоўваюцца многія старажытныя традыцыі. Так, закон № 54 ад 27 чэрвеня 1925 г. забараняе грамадзянам Ісландыі мець прозвішчы. Да сёй пары ісланцы афіцыйна карыстаюцца толькі асабістымі імёнамі і імёнамі па бацьку.

Насельніцтва карыстаецца ісландскай мовай, адной са скандынаўскіх моў. Важнейшай канфесіяй у краіне з'яўляецца лютэранства (каля 90 % насельніцтва адносяць сябе да лютэранаў).

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

У Ісландыі 13 004 км аўтадарог, з іх — 4 311 км асфальтаваных. Да 1968 года ў Ісландыі быў левабаковы рух. Аўтамабільныя нумары пачынаюцца з лічбаў ад «2» да «9». Самы вялікі аэрапорт краіны — Аэрапорт Лейфура Эйрыксана, знаходзіцца ў Кефлавіку за 60 км ад Рэйк'явіка і на ўсходзе запасны ў Эгільсстадзіры. Акрамя гэтага ёсць яшчэ тры аэрапорты ў Акюрэйры, Ісарфіёрдуры і Хёбне. Увогуле ў краіне ёсць 98 пасадачных пляцовак.

Тэлекамунікацыя[правіць | правіць зыходнік]

У Ісландыі 190.500 стацыянарных тэлефонаў і 290.100 мабільных тэлефонаў (на 2005 год).

Інтэрнэт[правіць | правіць зыходнік]

У Ісландыі 225.000 карыстальнікаў інтэрнэтам (на 2005 год).

Пошта[правіць | правіць зыходнік]

Аддзяленні Пошты Ісландыі (ісл.:Íslandspóstur) ёсць у кожнай вялікай абшчыне краіны. Паштовыя аддзяленні ў Ісландыі працуюць з панядзелка па пятніцу, з 8.30 да 16.30.

Алкаголь і тытунь[правіць | правіць зыходнік]

Як і ўіншых скандынаўскіх краінах алкагольныя напоі ёсць толькі ў дзяржаўных манапольных крамах, тытунь у крамах мусіць быць не на відавоку ў пакупніка. Продаж алкагольных напояў дазваляецца асобам, якія дасягнулі 20 год, тытунёвых вырабаў — 18 год. Піва ў Ісландыі зноў было дазволена толькі ў канцы 1980-х гг. З 1 чэрвеня 2007 паленне ў ісландскіх рэстаранах, кафэ і публічных будынках забаронена.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Экспарт і імпарт[правіць | правіць зыходнік]

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя ісландскія дамы з дзёрну

Старажытныя ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, на аснове драўлянага каркасу, са сценамі і дахам з дзярновых блокаў і размешчанымі ў рад памяшканнямі. 3 сярэдзіны XVIII ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк'явіку). У XIX ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. У архітэктуры Iсландыі з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк'явіка і Акюрэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адміністрацыйныя і прамысловыя будынкі (арх. Гудмундсан, Г. Самуэльсан, С. Тордарсан).[1]

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Выяўленчае мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

Першым мастаком, які выставіў свает воры ў Ісландыі, быў Торарын Б. Торлаксан. Сёння мастацкая спадчына Ісландыі зберагаецца ў Нацыянальнай галерэі Ісландыі і мастацкім музеі Акюрэйры. Сярод сучасных ісландскіх мастакоў вылучаецца Эро.

Фота[правіць | правіць зыходнік]

Кіно[правіць | правіць зыходнік]

Фільмы Балтасара Кармакура і Фрыдрыка Тоўр Фрыдрыксана

Музыка[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная і класічная музыка[правіць | правіць зыходнік]

Поп, рок, джаз[правіць | правіць зыходнік]

Музеі[правіць | правіць зыходнік]

Найбуйнейшым з'яўляецца Нацыянальны музей Ісландыі (Þjóðminjasafn Íslands) у Рэйк'явіку, створаны ў 1911 г. на аснове так званай Калекцыі старажытнасцей (1863 г.). Спецыялізацыя фонду: сацыяльна-культурная гісторыя. Акрамя экспазіцыйнай і экспертай дзейнасці, Нацыянальны музей праводзіць навуковыя даследаванні, утрымоўвае бібліятэку, прымае ўдзел у археалагічных раскопках, у тым ліку за межамі Ісландыі, узнаўляе старажытныя рэчы, праводзіць адукацыйныя семінары. У 2004 г. музей пераехаў у новы сучасны будынак.

Музей народнай спадчыны ў Скагаф'ёрдзюры (Byggðasafn Skagfirðinga) быў створаны ў 1948 г. на месцы жылага старажытнага паселічша. Прадстаўляе традыцыйную сельскую культуру Ісландыі, у тым ліку доўгія дзярновыя хаціны, будынкі сярэдзіны XX стагоддзя, памяшканні для жывёлы, старое хатняе начынне і г. д.

Спорт[правіць | правіць зыходнік]

Медыа[правіць | правіць зыходнік]

Радыё[правіць | правіць зыходнік]

У Ісландыі дзейнічае 1 публічна-прававая радыёвяшчальная кампанія Ríkisútvarpið (RÚV) і 13 прыватных станцый (3 з іх маюць рэлігійную накіраванасць).

Тэлебачанне[правіць | правіць зыходнік]

У Ісландыі дзейнічае 1 публічна-прававы тэлеканал і 8 прыватных тэлеканалаў (2 з іх маюць рэлігійную накіраванасць) — каналы Stöð 2 і Sýn.

Газеты[правіць | правіць зыходнік]

Штодзённая колькасць газет на 1000 жыхароў складае 336 экзэмпляраў. Папулярныя газеты ў Ісландыі: Morgunblaðið, Fréttablaðið, 24 stundir і Dagblaðið Vísir.

Дачыненні з Рэспублікай Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Ісландыя адна з першых краін у Еўропе прызнала незналежнасць Рэспублікі Беларусь, заявіўшы пра гэта 19 студзеня 1992. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі № 170 «Аб усталяванні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Ісландскай Рэспублікай» быў падпісаны 27 сакавіка 2001. Дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі ўсталяваныя 25 мая 2001 года.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. БЭ, т. 7. С. 334.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]