Андрэй Сахараў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Андрэй Сахараў
Андрей Сахаров
Род дзейнасьці фізыка, палітыка
Дата нараджэньня 21 траўня 1921
Месца нараджэньня Сьцяг СССР Масква, СССР
Дата сьмерці 14 сьнежня 1989
Месца сьмерці Сьцяг СССР Масква, СССР

Андрэй Дзьмітрыевіч Сахараў (па-расейску: Андрей Дмитриевич Сахаров, 21 траўня 1921, Масква — 14 сьнежня 1989, тамсама) — савецкі фізык, дысыдэнт і праваабаронца.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сахараў нарадзіўся ў сям’і настаўніка фізыкі. У 1938 г. з адзнакай скончыў школу і паступіў на фізычны факультэт МДУ, які скончыў на выдатна ў эвакуацыі ў Ашгабадзе ў 1942 г.

У верасьні 1942 г. Сахараў быў накіраваны на ваенны завод на Волзе, дзе працаваў інжэнэрам. Пасьля некалькіх пасьпяховых публікацый Сахараў у 1945 быў залічаны ў Фізычны інстытут Акадэміі Навукаў СССР.

У 1948 г. Сахараў быў уключаны ў навукова-дасьледчую групу па распрацоўцы тэрмаядзернае зброі, дзе цягам наступных гадоў працаваў над звышсакрэтнымі савецкімі абарончымі праектамі. У 1950 г. разам з акадэмікам І. Е. Тамам Сахараў распрацаваў ідэю магнітнага тэрмаядзернага рэактару, які лёг у аснову кіраванага тэрмаядзернага сынтэзу. У 1953 г. СССР пасьпяхова выпрабаваў першую вадародную бомбу. Сахараў стаў акадэмікам, тройчы Героям сацыялістычнае працы (1953, 1956, 1962), ляўрэатам Сталінскае (1953) і Ленінскае (1956) прэміяў.

У 19531968 гг. грамадзка-палітычныя погляды Сахарава моцна зьмяніліся. Займаючыся праблемамі ўплыву радыяцыі на спадчыннасьць, Сахараў стаў адным зь ініцыятараў Дамовы аб забароне ядзерных выпрабаваньняў у трох асяродзьдзях. У 1964 і 1965 ён выступаў супраць магутнага Т. Д. Лысенкі, які не даваў разьвівацца навукам, у прыватнасьці генэтыцы. У 1966 г. Сахараў падпісаўся ў калектыўным лісьце 23 зьезду КПСС супраць адраджэньня культу Іосіфа Сталіна, зьвяртаўся да ўладаў з пратэстамі супраць перасьледу іншадумцаў, патрабаваў адмены сьмяротнага пакараньня, рэабілітацыі дэпартаваных народаў.

У 1968 г. Сахараў быў адхілены ад сакрэтнае працы за публікацыю крытычнага артыкулу. У 1969 г. амаль усе свае ашчаджэньні ён ахвяраваў на будаўніцтва анкалягічнае лячэбніцы і ў Чырвоны Крыж. У 1974 г. на атрыманую міжнародную прэмію Сахараў заснаваў фонд дапамогі дзецям палітзьняволеных. Ён бараніў правы чалавека, ня гледзячы на папярэджаньні і пагрозы ўладаў. Адкрыты ціск на яго пачаўся ў 1973 годзе.

У 1975 г. Сахараў атрымаў Нобэлеўскую прэмію міра. У 1979, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Аўганістан, Сахараў тройчы выступаў з крытыкай інтэрвэнцыі, і заклікаў савецкіх кіраўнікоў вярнуць войскі на радзіму.

22 студзеня 1980 г. ён быў арыштаваны і сасланы з жонкай у горад Горкі, дзе быў памешчаны пад хатні арышт. Сахараў тройчы (у 1981, 1984 і 1985) абвяшчаў галадоўку, якая заканчвалася гвалтоўным кармленьнем у шпіталі.

У ссылцы Сахараў напісаў адну зь яго асноўных грамадзкіх працаў — «Небясьпека тэрмаядзернае вайны», дзе ён прапанаваў канкрэтныя крокі агульнага раззбраеньня.

Пасьля прыходу да ўлады Міхаіла Гарбачова ў 1985 Сахараў быў вернуты ў Маскву. У 1989 ён быў абраны народным дэпутатам СССР і актыўна выступіў супраць дыктатуры КПСС, за ідэалягічны плюралізм, рынкавую эканоміку, пры гэтым працягваючы заставацца барацьбітам за маральнасьць у палітыцы. Сусьветна вядомы навуковец, сябра шматлікіх навуковых аб’яднаньняў розных краінаў сьвету, Сахараў быў абраны ў склад камісіі па выпрацоўцы новае дэмакратычнае канстытуцыі і пасьпеў выказаць сваё бачаньне дзяржаўнага і эканамічнага ладу краіны.

Андрэй Сахараў памёр напрыканцы 1989 году ад інфаркту. Яго здароўе было падарванае яшчэ з часоў ссылкі ў Горкім.

Эўрапарлямэнт з 1985 г. прысуджае Прэмію імя Сахарава людзям і арганізацыям, якія займаюцца абаронай правоў чалавека. Імём Андрэя Сахарава названыя плошчы ў Ерэване, Нюрнбэргу i Львове. У 2006 годзе яе атрымаў беларус, экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Андрэй Сахараўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў