Перу

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Рэспубліка Перу
ісп.: República del Perú
кечуа: Piruw Mama Llaqta
аймара: Piruw Suyu
Flag of Peru.svg Герб Перу
Сцяг Перу Герб Перу

Каардынаты: 8°48′00″ пд. ш. 74°58′00″ з. д. / 8.8° пд. ш. 74.966667° з. д. (G) (O) (Я)

Peru (orthographic projection).svg
Гімн: «Somos libres, seamoslo siempre»
Дата незалежнасці 28 ліпеня 1821 (ад Іспаніі)
Афіцыйная мова іспанская, у рэгіёнах з перавагай індзейскага насельніцтва афіцыйнымі з'яўляюцца мовы кечуа, аймара і іншыя мясцовыя мовы [1]
Сталіца Ліма
Найбуйнейшыя гарады Ліма
Форма кіравання Рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Альянта Умала
Оскар Вальдэс
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
20-я ў свеце
1 285 216 км²
8,8
Насельніцтва
• Ацэнка (2010)
Шчыльнасць

29 461 933[2] чал. (41-я)
23 чал./км²
ВУП
  • Разам (2010)
  • На душу насельніцтва

$269 142 млн[3]  (47-ы)
$9107[3]
Валюта Новы соль
Інтэрнэт-дамен .pe
Тэлефонны код +51
Часавы пояс -5

Перу́ (ісп.: Perú, кечуа: Piruw, аймара: Piruw), афіцыйная назва — Рэспу́бліка Перу́ (ісп.: República del Perú [reˈpuβlika ðel peˈɾu], кечуа: Piruw Mama Llaqta [piˈruw ˈmama ˈʎaχta], аймара: Piruw Suyu [piˈruw ˈsuju]) — дзяржава ў Паўднёвай Амерыцы. Мяжуе на паўночным захадзе з Эквадорам, на поўначы — з Калумбіяй, на ўсходзе — з Бразіліяй, на паўднёвым усходзе — з Балівіяй і Чылі. На захадзе абмываецца Ціхім акіянам. Трэцяя па плошчы (пасля Бразіліі і Аргенціны) краіна Паўднёвай Амерыкі. Тэрыторыя — 1285,2 тыс. км², насельніцтва — 27 млн чалавек, сталіца — г. Ліма (каля 8 млн жыхароў), афіцыйныя мовы — іспанская, кечуа (абедзве дзяржаўныя), аймара. Асноўная рэлігія — каталіцызм. Нацыянальнае свята — 28 ліпеня — Дзень незалежнасці (1821). Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел: 12 рэгіёнаў, якія ўключаюць 24 дэпартаменты, і адна самастойная правінцыя — Кальяа.

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Перу — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які выбіраецца прамым тайным галасаваннем на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Кангрэсу Рэспублікі Перу, які выбіраецца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад на чале са старшынёй Савета міністраў.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Паводле рэльефу тэрыторыя Перу падзяляецца на 3 часткі (Коста, Сьера, Сельва): пустынная паласа берагавых раўнін на захадзе (шырыня да 180 км); у цэнтры магутная сістэма Перуанскіх Андаў з участкамі плато і пласкагор'яў, з вяршыняй Уаскаран (6768 м), пагаслымі і дзеючымі вулканамі; на паўночным усходзе і ўсходзе захавалася частка Амазонскай нізіны. Бываюць моцныя землетрасенні і вывяржэнні вулканаў. Змена халоднага Перуанскага цячэння на цёплае Эль-Ніньё перыядычна (прыкладна раз у 7-10 гадоў) выклікае значныя экалагічныя і эканамічныя катастрофы. Карысныя выкапні: нафта, руды цынку, свінцу, срэбра, кадмію, ртуці, малібдэну, вісмуту, селену, германію, жалеза. На прыбярэжных астравах паклады гуана.

Клімат берагавых раўнін і заходніх схілаў Андаў трапічны, пустынны, амаль без ападкаў. Сярэднямесячныя тэмпературы 17-25 °C на поўначы і 15-24 °C на поўдні. Клімат горнай часткі краіны высакагорна-трапічны, больш вільготны на поўначы (ападкаў да 1000 мм) і кантынентальны на поўдні (ападкаў 700—800 мм у год). Сярэднія тэмпературы паветра ў міжгорных далінах у ліпені 5-12 °C, у студзені 9-16 °C з рэзкімі сутачнымі ваганнямі. У высакагор'і клімат больш халодны, на вяршынях (вышэй 4000-5000 м) — вечныя снягі. На ўсходніх схілах Андаў і ў нізінах клімат вільготны экватарыяльны (ападкаў да 3000 мм за год). Сярэднямесячныя тэмпературы 24-27 °C. Большая частка рэк належыць басейну Амазонкі (Амазонка, Мараньён, Укаялі). У Ціхі акіян упадаюць кароткія малаводныя рэкі (напр. рака Чыра). На паўднёвым усходзе — высакагорнае возера Тытыкака. Іншыя буйныя азёры: возера Хунін. Расліннасць берагавых і заходніх схілаў Андаў пустынная і паўпустынная (рэдкія хмызнякі і кактусы), на ўнутраных пласкагор'ях і плато — высакагорны трапічны стэп (халка) і паўпустыня (пуна). Усходнія схілы Андаў і раўніны на ўсходзе ўкрыты вільготнымі вечназялёнымі лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў (каўчуканосы, хіннае дрэва). Пад лесам і хмызнякамі 66 % тэрыторыі. Жывёльны свет берагавых раўнін збеднены; на міжгорных плато — ламы (гуанака, вікунья), шмат птушак; на ўсходніх раўнінах — малпы, ляніўцы, мурашкаеды, тапіры, пекары, пумы і ягуары. Нацыянальныя паркі: Нацыянальны парк Уаскаран, Нацыянальны парк Ману.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя Перу заселена індзейцамі каля 20 тысяч гадоў назад. У V-м тыс. да н.э. на ўзбярэжжы Перу з'явіліся ачагі земляробства, пачалося прыручэнне ламы. У II-м тыс. да н.э. ў Перу ўзнікла Чавінская культура, якая дасягнула росквіту каля 900 г. да н.э. У I-м тыс. н.э. развітыя культуры стварылі індзейцы мачыка, тыаўанака і іншыя. Да XIII—XV стст. адносіцца росквіт дзяржавы Чыму на поўначы Перу з цэнтрам у г.Чан-Чан. Каля 1200 г. інкі на поўдні Перу стварылі імперыю. У момант свайго росквіту (XVI ст.) яна ўключала разам з тэрыторыяй Перу сучасныя тэрыторыі Эквадора, Балівіі, Аргенціны, Чылі з насельніцтвам ад 8 да 15 млн чалавек. У 15321536 гг. Перу заваявалі іспанскія канкістадоры на чале з Ф.Пісара. У час іспанскага панавання тэрыторыя Перу ўваходзіла ў склад віцэ-каралеўства Перу. Найбуйнейшае антыіспанскае паўстанне індзейцаў на чале з Тупакам Амару II адбылося ў 17801781 гг. У 1809 г. пачалася вайна за незалежнасць Перу. 28 ліпеня 1821 г. абвешчана незалежнасць Перу, у 1827 г. прынята першая кастытуцыя, якая абвясціла краіну рэспублікай. У выніку вайны з Чылі ў 18791884 гг. Перу страціла багатую салетрай правінцыю Тарапака. Знясіленае вайной Перу трапіла ў фінансавую залежнасць ад замежных дзяржаў, найперш ад ЗША. Становішча ў краіне значна пагоршылася ў час прэзідэнцтва Аўгуста Легія (19191930 гг.), які ўсталяваў сваю дыктатуру. У 1924 г. В.Р.Ая дэ ла Торэ заснаваў у выгнанні Амерыканскі народна-рэвалюцыйны альянс (АПРА), на базе якога ўзнік папулісцкі нацыяналістычны рух — апрызм, што адлюстраваў інтарэсы сярэдніх слаёў насельніцтва. У верасні 1930 г. створана Перуанская апрысцкая партыя (ПАП), якая выступала за нацыяналізацыю буйной прамысловасці і роўныя правы для ўсіх грамадзян, у тым ліку для індзейцаў. У 1932-34 адбылася Летысійская вайна. Пасля таго, як ПАП стала на шлях палітычнага тэрору, яна была забаронена, але і ў падполлі захавала значны ўплыў у грамадстве ў 1930 — 1940-я гг. Урад Ф.Белаундэ Тэры, які прыйшоў да ўлады ў 1963 г., спрабаваў ажыццявіць дэмакратычныя рэформы, але вымушаны быў капітуляваць перад замежнымі манаполіямі і мясцовай алігархіяй. Гэта выклікала патрыятычны ўздым у грамадстве, у тым ліку ў арміі. У кастрычніку 1969 г. армія скінула Белаундэ Тэры, новы рэвалюцыйны ўрад узначаліў генерал Х.Веласка Альварада. Былі нацыяналізаваны некаторыя прадпрыемствы, якія належалі манаполіям ЗША, прыняты закон пра аграрную рэформу. Але наступны ўрад генерала Ф.Маралеса Бермудэса (19751980 гг.) зрабіў шэраг уступак замежнаму і мясцоваму капіталу і пачаў дэнацыяналізацыю.

У 1979 г. ваенныя перадалі ўладу цывільным дзеячам. Пры прэзідэнце Ф.Белаундэ Тэры (19801985 гг.) працягваўся адыход ад рэформ. На прэзідэнцкіх выбарах 1985 г. перамог кандыдат ПАП А.Гарсія Перэс, які намагаўся ажыццявіць праграму сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, але не здолеў спыніць крызісныя з'явы — інфляцыю, беспрацоўе. Вялікай праблемай стаў масавы тэрор левых экстрэмісцкіх арганізацый. У 1990 г. прэзідэнтам абраны незалежны кандыдат А.Фухіморы, зноў перавыбраны ў 1995 г. і, у парушэнне канстытуцыі, у маі 2000 г. Пры ім была ажыццяўлена праграма стабілізацыі эканомікі Перу, значна зменшана інфляцыя, дасягнуты вялікія поспехы ў барацьбе з левым экстрэмізмам. У лістападзе 2000 г. Фухіморы, з-за абвінавачванняў яго акружэння ў сувязях з наркамафіяй, быў вымушаны адмовіцца ад прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. У 2007 годзе адбылося моцнае землетрасенне.

Рэгіёны Перу[правіць | правіць зыходнік]

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

гандаль на вуліцы Лімы

Перу ў ліку дзяржаў, якія развіваюцца. Аснову нацыянальнай эканомікі складаюць гарнарудная прамысловасць, сельская гаспадарка і рыбалоўства. Краіна займае першае месца ў свеце па экспарце рыбнай мукі, уваходзіць у першую дзесятку сусветных вытворцаў і экспарцёраў вісмуту, вальфраму, волава, тэлурыя, цынку, медзі, свінцу, серабра, індыю, селену, ртуці, малібдэну, кадмію, золата. Артыкуламі перуанскага экспарту з'яўляюцца таксама кава, воўна, бавоўна, тэкстыль, морапрадукты. Увозяцца машыны і абсталяванне, прамысловая сыравіна, спажывецкія тавары.

Перу мае вялікі энергетычны патэнцыял, пераважна гідраэнергарэсурсы. Паспяхова развіваецца турызм.

У 2006 аб'ём ВУП у параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 7,5 % і склаў 72 млрд дол., прыбытак на душу насельніцтва — 2580 дол. Узровень інфляцыі — меней 2 %. Узровень беспрацоўя — 8,5 %, дзяржаўны доўг — 28 млрд дол., золатавалютныя запасы — 17,8 млрд дол.. Аб'ём знешнегандлёвага абарачэння ў 2006 склаў 38,1 млрд дол. (у 2005 — 29,8 млрд дол.), у т.л. экспарт — 23,5 млрд дол. (у 2005 — 17,0 млрд дол.).

Знешнеэканамічныя сувязі Перу досыць дыверсіфікаваныя. Асноўныя гандлёвыя партнёры: ЗША, ЕС (найболей моцныя пазіцыі традыцыйна ў Іспаніі), дзяржавы Лацінскай Амерыкі, а таксама Кітай і Японія.

У міжнародных справах Пeру выступае за ўмацаванне ролі ААН, рашэнне любых спрэчак і канфліктаў паміж дзяржавамі на аснове агульнапрынятых норм міжнароднага права, рознабаковае міжнароднае супрацоўніцтва, у тым ліку ў барацьбе з такімі выклікамі сучаснасці, як міжнародны тэрарызм, наркабізнес і арганізаваная злачыннасць. З аналагічных пазіцый Перу выступае і ў Савеце Бяспецы ААН, нясталым членам якога краіна абраная на перыяд 2006—2007.

Цяперашняе кіраўніцтва краіны надае значную ўвагу стварэнню спрыяльных знешніх умоў для эканамічнага развіцця, інтэграцыі Перу ў сусветную гаспадарку, падтрыманню ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязяў са ўсімі дзяржавамі свету, забеспячэнню прытоку замежных інвестыцый і фінансавай дапамогі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2.

Зноскі

  1. http://www.tc.gob.pe/constitucion.pdf
    Son idiomas oficiales el castellano y, en las zonas donde predominen, también lo son el quechua, el aimara y las demás lenguas aborígenes, según la ley.

    — Constitución Política del Perú, 1993. Art. 48

  2. "Instituto Nacional de Estadística e Informática (INEI) del Perú". INEI. Retrieved on June 10, 2010.
  3. 3,0 3,1 Peru. International Monetary Fund. Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2011. Праверана 31 ліпеня 2010.