Універсальны каардынаваны час

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Універсальны каардынаваны час (англ.: Coordinated Universal Time, UTC), Сусветны час — аснова цывільнага часу, які адрозніваецца на цэлую колькасць секунд ад атамнага часу і на дробавую колькасць секунд ад UT1.

UTC — спадчыннік GMT (Грынвіцкі час). Новае імя было ўведзена, каб пазбавіцца ад геаграфічных назваў у міжнародным стандарце. UTC грунтуецца на атамным адліку часу, а не на часе ў Грынвічы. Варта звярнуць увагу на тое, што UTC аднолькавы ўзімку і ўлетку. Таму для тых месцаў, дзе прыняты пераход на пэўны тэрмін да летняга часу, зрушэнне адносна UTC на гэты тэрмін змяняецца.

Метад выліку UTC[правіць | правіць зыходнік]

UT — сярэдні сонечны час на мерыдыяне Грынвіча. З-за нераўнамернасці кручэння Зямлі грынвіцкі мерыдыян круціцца таксама нераўнамерна. Апроч таго, у выніку бесперапыннага перамяшчэння восі кручэння ў целе самой Зямлі геаграфічныя палюсы соваюцца па паверхні Зямлі, а разам з імі змяняюць сваё месцазнаходжанне і плоскасці праўдзівых мерыдыянаў. З-за гэтых фактараў адрозніваюць наступныя сістэмы вымярэння часу:

UT0 — час на імгненным грынвіцкім мерыдыяне, вызначаны па імгненным месцазнаходжанні палюсоў Зямлі. Гэта час, які атрымліваецца непасрэдна ў выніку астранамічных назіранняў сутачных рухаў зорак;

UT1 — час на сярэднім грынвіцкім мерыдыяне, выпраўлены з улікам руху зямных палюсоў:

UT1 = UT0 + Δλ,

дзе Δλ — папраўка, якая залежыць ад каардынат імгненнага полюсу, якія адлічваюцца адносна агульнапрынятага сярэдняга полюсу;

UT2 — час, які выпраўлены з улікам сезоннай нераўнамернасці кручэння Зямлі ΔTs:

UT2 = UT1 + ΔTs.

Для ўзгаднення назіраемага сусветнага часу UT1 і строга раўнамернага Міжнароднага атамнага часу (TAI) з 1964 года ўвялі раўнамерна-пераменную шкалу часу UTC — універсальны каардынаваны час. Маштабы UTC і TAI роўныя, а нульпункт змяняецца скокам. Паміж UTC і UT1 назапашваецца разыходжанне, абумоўленае, па-першае, нераўнамернасцю шкалы UT1, а, па-другое, няроўнасцю маштабаў UT1 і TAI (1 секунда UT1 у дакладнасці не роўная 1 атамнай секундзе). Пры нарастанні разыходжання паміж UTC і UT1 да 0,7 секунды робіцца карэктыроўка скокам на 1 секунду.

Дадатковая высакосная сeкунда дадаецца (або, тэарэтычна, адымаецца) 30 чэрвеня або 31 снежня пры неабходнасці. Першая змена была ў 1972 годзе, дадана дадатковая секунда ў 23:59:60. Даданне секунды вызначаецца International Earth Rotation and Reference Systems Service, паводле іх назіранняў за кручэннем Зямлі.

Сігналы дакладнага часу перадаюцца па радыё, тэлебачанні і праз інтэрнэт у сістэме UTC.

  Часавыя паясы адносна універсальнага каардынаванага часу (UTC)  
-12 | -11 | -10:30 | -10 | -9:30 | -9 | -8:30 | -8 | -7 | -6 | -5 | -4:30 | -4 | -3:30 | -3 | -2:30 | -2 | -1 | -0:44 | -0:25 | UTC±0 | +0:20 | +0:30 | +1 | +2 | +3 | +3:30 | +4 | +4:30 | +4:51 | +5 | +5:30 | +5:40 | +5:45 | +6 | +6:30 | +7 | +7:20 | +7:30 | +8 | +8:30 | +8:45 | +9 | +9:30 | +9:45 | +10 | +10:30 | +11 | +11:30 | +12 | +12:45 | +13 | +13:45 | +14
У некаторых краінах паўночнага* і паўднёвага** паўшар'яў выкарыстоўваецца летні час (DST).