Нідэрлянды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Нідэрлянды
нід. Nederland
Сьцяг Нідэрляндаў Герб Нідэрляндаў
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз: Je Maintiendrai
Дзяржаўны гімн
«Het Wilhelmus»
Месцазнаходжаньне Нідэрляндаў
Афіцыйная мова Нідэрляндзкая, фрыская
Сталіца Амстэрдам
Найбуйнейшы горад Амстэрдам
Форма кіраваньня Канстытуцыйная манархія
Вілем-Аляксандар
Марк Рутэ
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
135-е месца ў сьвеце
41 543 км²
18,41
Насельніцтва
 • агульнае (2013)
 • шчыльнасьць
63-е месца ў сьвеце
16 827 775[1]
404,3/км²
СУП
 • агульны (2012)
 • на душу насельніцтва
43 месца ў сьвеце
$706,955 млрд
$42 193
Валюта Эўра (EUR)
Часавы пас
 • улетку
CET (UTC+1)
CEST (UTC+2)
Незалежнасьць
— ад Гішпаніі

30 студзеня 1648
Дамэн верхняга ўзроўню .nl
Тэлефонны код +31

Нідэрля́нды (па-нідэрляндзку: Nederland) — краіна ў паўночна-заходняй Эўропе на ўзьбярэжжы Паўночнага мора (даўжыня берагавой лініі — 451 км), мяжуе з Бэльгіяй на поўдні і Нямеччынай на ўсходзе (даўжыня мяжы — 1027 км). Нідэрлянды зьяўляюцца часткай Каралеўства Нідэрляндаў, у якое таксама ўваходзяць Нідэрляндзкія Антылы і Аруба. Афіцыйная назва краіны — Каралеўства Нідэрлянды (па-нідэрляндзку: Koninkrijk der Nederlanden).

Сталіцай зьяўляецца Амстэрдам, але парлямэнт і ўрад знаходзяцца ў Гаазе. Іншыя важныя месты: Ратэрдам — самы вялікі порт краіны і адзін з найбуйнейшых партоў сьвету, Утрэхт — цэнтар чыгуначнай сыстэмы краіны і Эйндговэн — цэнтар электронікі і высокіх тэхналёгіяў.

Разам з карыбскай выспай Аруба (што мае адмысловы статус) і Нідэрляндзкімі Антыламі Нідэрлянды складаюць Каралеўства Нідэрляндаў (Koninkrijk der Nederlanden). Стасункі паміж чальцамі каралеўства рэгулююцца Статутам Каралеўства Нідэрляндаў (па-нідэрляндзку: Statuut voor het Koninkrijk der Nederlanden), прынятым у 1954 годзе. Чакаецца, што 15 сьнежня 2008 году Антыльскія выспы будуць распушчаныя як дзяржаўная адзінка.

Агульныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва Нідэрлянды ў перакладзе азначае «ніжнія землі», аднак перакладаць яго літаральна няправільна, бо, па гістарычных чыньніках, гэтым тэрмінам прынята зваць тэрыторыю, якая прыкладна адпавядае сёньняшнім Нідэрляндам, Бэльгіі і Люксэмбургу (Бэнілюкс). Нідэрлянды часта завуць Галяндыяй, хоць гэта палітычна некарэктна, бо Паўднёвая і Паўночная Галяндыя — гэта толькі дзьве з дванаццаці правінцыяў Нідэрляндаў.

Сьцяг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нідэрляндзкі сьцяг складаецца з трох гарызантальных стужак аднолькавае вышыні: чырвоная, белая ды сінія. Зьяўленьне сьцяга адносіцца да 1579 року, калі была абвешчаная незалежнасьць Нідэрляндаў. Сьцяг быў афіцыйна ўхвалены ў 1796 року і зацьверджаны як нацыянальная эмблема ў 1937 годзе.

Колеры белы ды сіні — гэта колеры ліўрэяў францускага княскага роду Аранье (Orange; 1171—1711). Чырвоны колер спачатку быў аранжавым — у гонар імі княскага роду, аднак на працягу XVII стагодзьдзя зьмяніўся на чырвоны. Аднак і сёньня аранжавы колер застаецца сымбалем каралеўскае сям’і, таму падчас нацыянальных сьвятаў побач са сьцягам вывешваюць аранжавыя стужкі ці носяць аранжавае адзеньне.

Герб[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню герб Каралеўства Нідэрляндаў быў вынайдзены ў 1815 року і дапрацаваны ў 1907 годзе. На гербе — выява льву зь мячом ды стрэламі, разьмешчанага на шчыту ў сінія краты: гэта геральдычны сымбаль каралевы і краіны.

Гімн[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Wilhelmus» зьяўляецца гімнам краіны з 10 траўня 1932 року. Да гэтага з 1817 року (з выключэньнямі 1832 ды 1833) гімнам быў «Wien Neêrlands bloed».

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Нідэрляндаў

Нідэрлянды былі заселеныя з апошняга ледавіковага пэрыяду. Падчас прыбыцьця рымлянаў Нідэрлянды былі заселеныя германскімі плямёнамі, гэткімі як тубанты, канінэфаты і фрызы, якія пасяліліся тамака каля 600-х гадоў да н. э. Кельцкія плямёны, такія як эбуроны і мэнапіі, засялялі поўдзень краіны. У пачатку рымскай калянізацыі ў краіну таксама прыбылі нямецкія плямёны батавы і токсандры. У пэрыяд Рымскай імпэрыі паўднёвая частка цяперашніх Нідэрляндаў была акупаваная рымлянамі і стала часткай правінцыі Бэльгіка (па-лацінску: Gallia Belgica), а пазьней — правінцыяй Ніжняя Нямеччына (па-лацінску: Germania Inferior).

У сярэднявеччы Ніжнія краіны (якія складаюцца прыкладна зь цяперашніх Бэльгіі і Нідэрляндаў) уключалі ў сябе розныя графствы, герцагствы і епархіі, што ўваходзілі ў склад Сьвятой Рымскай імпэрыі. Яны былі аб’яднаныя ў адзіную дзяржаву пад уладай Габсбургаў у XVI ст. Пасьля распаўсюджваньня кальвінізму пасьледавала Контрарэфармацыя, што выклікала раскол у краіне. Спробы гішпанскага караля Філіпа II цэнтралізаваць дзяржаву прывялі да паўстаньня супраць гішпанскага панаваньня пад правадырствам Вільгельма I Аранскага. 26 ліпеня 1581 году была абвешчаная незалежнасьць краіны, афіцыйна прызнаная іншымі дзяржавамі толькі пасьля Васьмідзясяцігадовай вайны (15681648). У гады вайны за незалежнасьць пачаўся «Залаты век» Нідэрляндаў, пэрыяд эканамічнага і культурнага росквіту, які працягваўся ўсё XVII стагодзьдзьдзе.

Пасьля спыненьня францускай акупацыі ў пачатку XIX стагодзьдзя Нідэрлянды ператварыліся ў манархію пад уладай дынастыі Аранскіх. У 1830 годзе Бэльгія канчаткова аддзялілася ад Нідэрляндаў і стала самастойным каралеўствам; Люксэмбург здабыў незалежнасьць у 1890 годзе. Пад ціскам лібэральных палітыкаў краіна ў 1848 годзе была ператвораная ў парлямэнцкую дэмакратыю з канстытуцыйным манархам. Такі палітычны лад захаваўся і дагэтуль, з кароткім перапынкам падчас нямецкай акупацыі.

Падчас Першай сусьветнай вайны Нідэрлянды захоўвалі нэўтралітэт, але падчас Другой сусьветнай вайны на працягу пяці гадоў былі акупаваныя Нямеччынай. Падчас нямецкага ўварваньня Ратэрдам быў падвергнуты бамбаваньню, у ходзе якога быў амаль цалкам разбураны цэнтар гораду. Падчас акупацыі ахвярамі галакосту сталі каля пяцідзесяці тысячаў нідэрляндзкіх габрэяў.

Пасьля вайны пачалося хуткае аднаўленьне краіны, чаму спрыяў плян Маршала, прапаваны Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Дзякуючы гэтаму Нідэрлянды хутка змаглі стаць сучаснай індустрыяльнай краінай. Дзяржаўную незалежнасьць набылі былыя калёніі Інданэзія і Сурынам. У выніку масавай іміграцыі з Інданэзіі, Турэччыны, Марока, Сурынаму і Антыльскіх Выспаў Нідэрлянды сталі шматкультурнай краінай зь вялікай доляй мігрантаў.

У шасьцідзясятыя і сямідзясятыя гады адбыліся вялікія сацыяльныя і культурныя зьмены. Каталікі і пратэстанты сталі больш мець зносіны між сабой, і адрозьненьні паміж клясамі таксама сталі меней прыкметнымі з-за росту роўня жыцьця і адукацыі.

25 сакавіка 1957 году Нідэрлянды сталі адным з заснавальнікаў Эўрапейскага зьвязу. На рэфэрэндуме па Эўрапейскай канстытуцыйнай дамове ў чэрвені 2005 году больш за паловы нідэрляндцаў прагаласавалі супраць яе прыняцьця.

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая канстытуцыя Нідэрляндаў 1815 году надавала асноўную ўладу каралю, але давала заканадаўчыя паўнамоцтвы дзьвюхпалатнаму парлямэнту (Генэральным штатам). Сучасная канстытуцыя краіны была прынятая ў 1848 годзе з ініцыятывы караля Вільлема II і вядомага лібэрала Ёхана Рудольфа Торбэке. Гэтую канстытуцыю можна лічыць «мірнай рэвалюцыяй», таму што яна рэзка абмежавала ўладу караля і перадала выканаўчую ўладу кабінэту міністраў. Парлямэнт з гэтага часу абіраўся на прамых выбарах, і ён атрымаў вялікі ўплыў на рашэньні ўраду. Такім чынам, Нідэрлянды аднымі зь першых у Эўропе зьдзейсьнілі пераход ад абсалютнай манархіі да канстытуцыйнай манархіі і парлямэнцкай дэмакратыі.

У 1917 годзе празь зьмяненьні ў канстытуцыі выбарчыя правы былі дадзеныя ўсім мужчынам з 23 гадоў; у 1919 годзе права голасу атрымалі ўсе жанчыны. З 1971 году права голасу маюць усе грамадзяне з 18 гадоў. Канстытуцыя была істотна перагледжаная ў 1983 годзе. З гэтага часу насельніцтву гарантаваліся ня толькі палітычныя, але і сацыяльныя правы: абарона ад дыскрымінацыі (на падставе рэлігіі, палітычных перакананьняў, расы і іншага), скасоўвалася сьмяротнае пакараньне, і абвяшчалася права на пражытковы мінімум. Урад атрымаў абавязак бараніць насельніцтва ад беспрацоўя і ахоўваць навакольнае асяродзьдзе. Шэраг зьменаў у канстытуцыі пасьля 1983 году адмянілі службу ў войску па прызыву і дазволілі выкарыстоўваць узброеныя сілы для міратворчых апэрацыяў за мяжой.

Манарх Нідэрляндаў афіцыйна зьяўляецца ачольнікам дзяржавы, аднак дэлегуе ўладу кабінэту міністраў. З 2013 каралём зьяўляецца Вілем-Аляксандар з старадаўняй Аранскай дынастыі. Манарх нярэдка адракаецца ад пасады на карысьць спадчыньніка па дасягненьні паважнага веку, як зрабіла і Бэатрыкс у 2013 годзе. На практыцы манарх амаль ня ўмешваецца ў палітычнае жыцьцё і абмяжоўваецца афіцыйнымі цырымоніямі, але ў той жа час мае вырашальны ўплыў на фармаваньне новага ўраду пасьля парлямэнцкіх выбараў і на прызначэньне каралеўскіх камісараў у правінцыях.

Заканадаўчай уладай валодаюць Генэральныя штаты (парлямэнт) і ў меншай ступені ўрад. Парлямэнт складаецца зь дзьвюх палатаў: першай (75 месцаў) і другой (150 месцаў). Другая палата, якая валодае асноўнай уладай, абіраецца ўсеагульным прамым галасаваньнем на 4 гады (апошнія выбары адбыліся 22 лістапада 2006 году). Першая палата абіраецца правінцыйнымі парлямэнтамі. Яе функцыі зводзяцца да ратыфікацыі законапраектаў, ужо распрацаваных і прынятых другой палатай. Асноўнымі палітычнымі партыямі Нідэрляндаў зьяўляюцца Хрысьціянска-дэмакратычны заклік (41 месца ў ніжняй палаце парлямэнта з 150), Партыя за працу (33 месцы), Сацыялістычная Партыя (25 месцаў) і Народная партыя за волю і дэмакратыю (23 месцы).

Выканаўчая ўлада засяроджаная ў руках кабінэту міністраў (ураду). Урад абавязаны ўзгадняць асноўныя рашэньні з парлямэнтам, і таму фармуецца на аснове парлямэнцкай большасьці. Ніводная партыя ў нядаўняй гісторыі Нідэрляндаў ня мела большасьці ў парлямэнце, таму ўрады заўсёды мелі кааліцыйны характар. Прэм’ер-міністрам з 22 ліпеня 2002 зьяўляецца лідэр Хрысьціянска-дэмакратычнага закліку Ян-Петэр Балкенэндэ. 22 лютага 2007 ён сфармаваў свой чацьверты кабінэт міністраў: кааліцыю Хрысьціянска-дэмакратычнага закліку, Партыі за працу і малой партыі Хрысьціянскі Зьвяз (6 месцаў у парляманце). Цяперашні прэм’ер-міністар краіны — Марк Рутэ (па-нідэрляндзку: Mark Rutte) — займае гэтую пасаду з 14 кастрычніка 2010 году. Ён узначальвае лібэральную Народную партыю за свабоду й дэмакратыю.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Краіна разьмешчаная на землях у вусьцях рэк Райну, Маасу і Шэльды. З глебы, нанесенай гэтымі рэкамі, утварыліся дэльта і шырокая пляскатая нізіна. Палова тэрыторыі ляжыць ніжэй за ўзровень мора, і толькі на поўдні Нідэрляндаў мясцовасьць падвышаецца да 30 мэтраў і вышэй. Вялікая частка нізінаў знаходзіцца ў правінцыях Паўночная Галяндыя, Паўднёвая Галяндыя і Флевалянд. Берагавая лінія сфармаваная наноснымі выдмамі. За імі ідуць некалі адваяваныя ў мора зямлі, званыя польдарамі і абароненыя выдмамі і дамбамі ад марскіх водаў.

З часоў Рымскай Імпэрыі галяндцы адваёўваюць зямлю ў мора. Першыя польдары зьявіліся яшчэ ў XIII стагодзьдзі, і з тых часоў уздоўж узьбярэжжа былі асушаныя значныя плошчы. Буйныя мэліярацыйныя праекты былі ажыцьцёўленыя ў 19301950. Пасьля моцнай паводкі 1953, калі мора прарвала шматлікія берагавыя дамбы, было вырашана ажыцьцявіць «Плян Дэльта», які прадугледжваў аддзяленьне ад мора вусьцяў рэк, з захаваньнем суднаходзтва па шматлікіх каналах.

Нідэрлянды дзеляцца на 12 правінцыяў (апошняя правінцыя Флевалянд створаная ў 1986 годзе на асушаных тэрыторыях), правінцыі дзеляцца на гарадзкія і сельскія грамады (па-нідэрляндзку: gemeente). Правінцыі маюць выбарны орган самакіраваньня — Правінцыйныя штаты, абіраныя на чатыры гады. На чале Правінцыйных штатаў стаіць каралеўскі камісар.

Сьпіс правінцыяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нідэрлянды маюць сучасную высокаразьвітую постіндустрыяльную эканоміку. Найважнейшыя галіны:

Цяжкая індустрыя — нафтаперапрацоўка, хімічная вытворчасьць, чорная мэталюргія і машынабудаваньне засяроджаныя ў прыбярэжных раёнах, асабліва ў Ратэрдаме, а таксама ў Эймяйдэне, Дордрэхце, Арнэме і Наймэгене. Усе гэтыя гарады стаяць на суднаходных рэках або каналах. На марскім узьбярэжжы разьмешчаныя ветраэнэргетычныя фэрмы. Разьвіта таксама вытворчасьць шакаляда, цыгараў, джына, піва. Вядомай галінай, нягледзячы на сьціплыя маштабы, зьяўляецца апрацоўка дыямэнтаў у Амстэрдаме.

Здабываючая прамысловасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Важнае значэньне мае прыродны газ (чацьвертае месца па здабычы ў сьвеце). Па трубаправодах газ перадаецца з Гронінгену па ўсёй краіне і на экспарт. Да 1975 году ў правінцыі Лімбург здабывалі вугаль. У гарадах Хенгела і Дэлфзяйл працавалі саляныя шахты з аб’ёмам здабычы 4 мільёны тон у год.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плоскі рэльеф стварае спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця сеткі дарог, але вялікі лік рэк і каналаў стварае вызначаныя цяжкасьці і рызыкі ў дарожным будаўніцтве.

  • Агульная даўжыня чыгуначнай сеткі складае 2753 кілямэтры (зь іх электрыфікаваныя 68% — 1897 км).
  • Агульная даўжыня аўтамабільных дарог — 111 891 км.
  • Агульная даўжыня суднаходных рэк і каналаў — 5052 км.

Важную ролю ў эканоміцы краіны таксама гуляе акіянскае суднаходзтва. Ратэрдам зьяўляецца адным з найбуйнейшых марскіх партоў сьвету па грузазвароту. Нідэрлянды перапрацоўваюць значную частку эўрапейскіх грузаплыняў. Авіякампанія KLM абслугоўвае шматлікія міжнародныя маршруты.

Сельская гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сельская гаспадарка ў Нідэрляндах зьяўляецца высокаінтэнсіўным і значным сэктарам эканомікі, хоць у ім у 2005 годзе было занята ўсяго каля 1% насельніцтва краіны і выраблялася ня больш за 1,6% ВУП. У 2005 годзе сельскагаспадарчы экспарт перавысіў 17 млрд эўра (больш за 6% таварнага экспарту краіны), каля 80% экспарту спажываюць краіны Эўразьвязу (Нямеччына — 25%, Вялікабрытанія — 12%). У структуры аграрнага экспарту пераважаюць гародніна і кветкі (12 млрд эўра) і прадукты малочнай жывёлагадоўлі (5 млрд эўра).

Зямельныя ўгодзьдзі. Землі сельскагаспадарчага прызначэньня займаюць каля 65% тэрыторыі краіны. Каля 27% сельскагаспадарчых угодзьдзяў занятыя ворнымі землямі, 32% — пашамі і 9% пакрыта лясамі. Дзель пашаў бесьперапынна падае, з 1995 па 2005 гады гэтыя ўгодзьдзі скараціліся на 8,2%, што зьвязана ў асноўным з пашырэньнем жыльлёвага будаўніцтва.

За глебай у Нідэрляндах даглядаюць дбайна, акрамя таго, па колькасьці ўносных мінэральных угнаеньняў на 1 гектар краіна ў 2005 годзе займала першае месца ў сьвеце.

Расьлінаводзтва. У некаторых раёнах краіны пераважае кветкаводзтва. Выгадоўваецца таксама бульба, цукровы бурак і збожжавыя культуры. Важны артыкул экспарту — высакаякасная парніковая і кансэрваваная гародніна.

Цяплічная гаспадарка. Па плошчах, адведзеным пад цяплічную гаспадарку, Нідэрлянды займаюць першае месца ў сьвеце. З 1994 году па 2005 год плошча цяпліцаў узрасла з 13 да 15 тысячаў гектараў, абаграваюцца цяпліцы звычайна пры дапамозе мясцовага прыроднага газу. 60% абароненага грунта адведзена пад кветкаводзтва.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Колькасьць насельніцтва па стане на люты 2013 складала 16 782 300 чалавек[1]. У сьпісе краінаў па колькасьці насельніцтва[2] Нідэрлянды займаюць 64-е месца. У параўнаньні зь іншымі краінамі Эўропы, насельніцтва Нідэрляндаў вельмі хутка расло апошнія паўтара стагодзьдзі: 3 мільёны жыхароў у 1850, 5 мільёнаў у 1900 і 16 мільёнаў у 2000. Для параўнаньня: насельніцтва Бэльгіі ў той жа час павялічылася ўсяго прыкладна ўдвая: з 4,5 мільёнаў жыхароў у 1850 году да 10 мільёнаў у 2000.

Пры плошчы краіны 41 526 км² Нідэрлянды маюць шчыльнасьць насельніцтва 395 чалавек на км² (або 484 чалавекі на км², калі ўлічыць, што 18,4% тэрыторыі каралеўства займае вада). Такім чынам, Нідэрлянды зьяўляюцца 15-й па шчыльнасьці насельніцтва дзяржавай у сьвеце.

У Нідэрляндах жывуць дзьве карэнныя групы насельніцтва — нідэрляндцы і фрызы, а таксама шмат імігрантаў. Этнічны склад насельніцтва: 80,8% нідэрляндцы, 2,4% немцы, 2,4% інданэзійцы, 2,2% туркі, 2,0% сурынамцы, 1,9% мараканцы, 1,5% індыйцы і 6,0% іншыя этнічныя групы. Склад насельніцтва па веравызнаньні: 30% каталікі, 21% пратэстанты, 5,8% мусульмане, 0,6% індуісты, 1,6% вызнаюць іншыя рэлігіі, і 41% не належаць ні да адной рэлігіі. Насельніцтва Нідэрляндаў зьяўляецца самым высокім у сьвеце: сярэдні рост дарослых мужчынаў — 1,83 мэтры, дарослых жанчын — 1,70 мэтры.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэмбрант — адзін з самых вядомых мастакоў сьвету

У Нідэрляндах працавалі шматлікія вядомыя мастакі. У XVII стагодзьдзі жылі такія майстры, як Рэмбрант, Ёганэс Вэрмэер, Ян Стэйн і шматлікія іншыя. У XIX і XX стагодзьдзях былі знакамітыя Вінцэнт ван Гог і Піт Мандрыан. Морыс Карнэліс Эшэр вядомы як мастак-графік. Вілем дэ Конінг атрымаў адукацыю ў Ратэрдаме, і пасьля стаў вядомым амэрыканскім мастаком. Нан ван Мейхэрэн уславіўся за свае падробкі клясычных карцінаў.

У Нідэрляндах жылі філёзафы Эразм Ратэрдамскі і Бэнэдыкт Сьпіноза, і тамака былі выкананыя ўсе асноўныя працы Дэкарта. Навуковец Крыстыян Гюйгэнс адкрыў спадарожнік Сатурна Тытан і вынайшаў ківачовыя гадзіны.

Істотнымі пісьменьнікамі XX стагодзьдзя былі Гары Муліш, Ян Волкерс, Сымон Вэстдэйк, Гэрард Рэвэ, В. Ф. Герман і Сэйс Нотэбоом. Ганна Франк напісала знакаміты «Дзёньнік Ганны Франк», які быў выдадзены пасьля яе сьмерці ў нацыскім канцлягеры і перакладзены зь нідэрляндзкай на ўсе асноўныя мовы.

Зь Нідэрляндамі звычайна атаясамліваюцца ветракі, тульпаны, драўляныя чаравікі і гліняны посуд з Дэльфта.

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Самым папулярным відам спорту зьяўляецца футбол. Вялікае значэньне таксама маюць тэніс, роварны спорт, хакей на траве, валейбол, гандбол, канькабежны спорт і гольф. Верагодна, адзіным вядомым відам спорту, вынайдзеным у Нідэрляндах, зьяўляецца карфбол — вельмі спрошчаная форма баскетбола, не якае не патрабуе вялікага атлетызму. На Алімпіядах і чэмпіянатах сьвету спартоўцы Нідэрляндаў выйграваюць вельмі вялікі лік мэдаляў па стаўленьні да насельніцтва краіны. Тысячы заўзятараў зь Нідэрляндаў наведваюць змаганьні ў замежных краінах, апрануўшыся ў аранжавыя майкі, якія заўсёды носяць гульцы нацыянальнай зборнай па футболе.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Statistics Netherlands(анг.) Праверана 26 лютага 2014 г. Архіўная копія ад 2 траўня 2013 г.
  2. ^ CIA Factbook(анг.) Праверана 10 жніўня 2013 г. Архіўная копія ад 24 ліпеня 2013 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • В. А. Бакир, Ю. Б. Ларионова. Нидерланды. Путеводитель. Вокруг света, 2005. 216 стр. ISBN 5-98652-011-4.
  • Paul Arblaster. A History of the Low Countries. Palgrave Essential Histories Series New York: Palgrave Macmillan, 2006. 298 pp. ISBN 1-4039-4828-3.
  • J. C. H. Blom and E. Lamberts, eds. History of the Low Countries (1999).
  • Jonathan Israel. The Dutch Republic: Its Rise, Greatness, and Fall 1477—1806 (1995).
  • J. A. Kossmann-Putto and E. H. Kossmann. The Low Countries: History of the Northern and Southern Netherlands (1987).
  • Christophe de Voogd. Geschiedenis van Nederland. Arena Amsterdam, 2000. 368 pp. ISBN 90-6974-367-1.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Нідэрляндысховішча мультымэдыйных матэрыялаў