Беларускі альфабэт, літары і гукі
Беларускі альфабэт, літары і гукі

Беларускі альфабэт заснаваны на старажытным славянскім альфабэце — кірыліцы. Варта зазначыць, што кірыліца ня ёсьць адзіным альфабэтам, якім карысталася беларуская мова ў сваёй гісторыі. Быў час, калі беларускія татары пісалі беларускія тэксты арабскім пісьмом (кітабы, XVI стагодзьдзе). Разам з кірыліцаю ў беларускай мове шырока ўжываўся лацінскі альфабэт — лацініца. Лацінкаю выдаваліся розныя пэрыядычныя друкі й кнігі. Лацінка й сёньня разам з кірыліцаю ўжываецца ў беларускай мове (гл. Беларуская лацінка).

Беларускі альфабэт (кірыліца):


А Б В Г Д (ДЖ ДЗ) Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ў Ф Х Ц Ч Ш Ы Ь Э Ю Я

У вадрозьненьні ад расейскага альфабэту, у ім ёсьць літары Ў, І, а таксама дыграфы ДЖ, ДЗ, але няма літараў Щ, И і цьвёрдага знаку — Ъ.

галосныя літары: а о у і э ы я е ё ю
зычныя літары: б в г д (дж дз) ж з й к л м н п р с т ў ф х ц ч ш
знакі: ь

Мяккі знак Ь самастойнага гуку не абазначае.

Гукі [э], [ы] характэрныя для беларускай мовы, прычым як у спрадвечна беларускіх словах: скарачэньне = [скарачэн’н’э], кішэня = [к’ішэн’а], выраз = [выраз], выява = [выjава], так і ў запазычаных: цэгла = [цэgла], сэнс = [сэнс], тэрмiн = [тэрм’ін], дызель = [дыз’эл’], тытул = [тытул].

Заўвага. Абазначэньні ў беларускай транскрыпцыі гл. у разьдзеле "Асаблівасьці беларускага літаратурнага вымаўленьня".

Літара ў ёсьць адною з асноўных адметнасьцяў беларускае мовы. Па гучаньні гук [ў] набліжаецца да галоснага гуку [у] і да ангельскага [w].

Зычныя могуць быць цьвёрдымі й мяккімі. Калі пасьля зычнай знаходзяцца літары:

  • а, о, у, э, ы, то зычная вымаўляецца цьвёрда: гадаваць = [гадавац’], бэз = [бэс], будынак = [будынак], выйсьце = [выjс’ц’э], возера = [воз’эра], абрус = [абрус], крэсла = [крэсла], тынк = [тынк]цьвёрдыя зычныя.
  • я, е, ё, ю, і, ь, то зычная вымаўляецца мякка: лiтара = [л’ітара], лялька = [л’ал’ка], цяпер = [ц’ап’эр], люстэрка = [л’устэрка], лётаць = [л’отац’], лён = [л’он], чмель = [чм’эл’], цьвiк = [ц’в’ік], дзякуй = [дз’акуj], людзi = [л’удз’і], дзень = [дз’эн’], пiсьмо = [п’іс’мо]мяккія зычныя.

Пасьля ж, дж, ш, ч, р ніколі ня могуць ісьці літары: я, е, ё, ю, i, ь. Таму гукі [ж], [дж], [ш], [ч], [р] мяккімі ніколі не бываюць. Яны завуцца зацьвярдзелымі: рабiна = [раб’іна], часта = [часта], езджу = [jэжджу], шырокi = [шырок’і], жывот = [жывот].

Дыграфы дж, дз абазначаюць адпаведна адзін гук [дж] і [дз]. Гук [дж] вымаўляецца таксама як спалучэньне літараў дж у расейскіх словах джем, джинсы, Джордж. Гук [дз] вельмі падобны да д у расейскім слове дед.

У беларускай мове няма гуку [щ], а ёсьць злучэньне двух гукаў [шч]: плошча = [плошча], Польшча = [пол’шча].

Гукі [д], [т] таксама не бываюць мяккімі, таму што мяккія [д’] і [т’] у беларускай мове перадаюцца мяккімі гукамі [дз’] і [ц’]дзеканьне і цеканьне: дзядзька = [дз’адз’ка], у горадзе = [угорадз’э], у садзе = [усадз’э], цяпліня = [ц’апл’ін’а], плаціць = [плац’іц’].

Гук [г] — працяглы, фрыкатыўны, надта падобны да эўрапейскага [h]. Пры аглушэньні гук [г] вымаўляецца як [х]: Алег = [ал’эх], парог = [парох].

Выбухны [g] сустракаецца ня часта: ганак = [gанак], гузiк = [gуз’ік], гвалт = [gвалт], швагра = [шваgра], газэта = [gазэта], і пададзены, галоўным чынам, у злучэньні літараў зг: мазгi = [мазgі], бразгаць = [бразgац’].

Апостраф — гэта надрадковы знак, які паказвае на асобнае вымаўленьне зычнага й галоснага, што ідзе за ім: ад’езд = [адjэзд], аб’ява = [абjава]. Пасьля ў перад е, ё, ю, я, i апостраф адсутнічае: здароўе = [здароўjэ], шчаўе = [шчаўjэ].


Беларускі альфабэт (лацінка):


A B C Ć Č D (DŽ DZ) E F G H I J K L Ł M N Ń O P R S Ś Š T U Ŭ V Y Z Ź Ž

Ніжэй пададзена лацініца з адпаведнымі літарамі кірыліцы і наадварот — кірыліца з адпаведнымі літарамі лацінкі.

лацініца >> кірыліца кірыліца >> лацініца
a
b
c
ć
č
d
e
f
g
h
i
j
k
l
ł
m
n
ń
o
p
r
s
ś
š
t
u
ŭ
v
y
z
ź
ž
а
б
ц
ць
ч
д
э
ф
ґ
(гук [g] выбухны)
г (гук [г] трывальны)
і
й
к
ль
л
м
н
нь
о
п
р
с
сь
ш
т
у
ў
в
ы
з
зь
ж
а
б
в
г
д
е
ё
ж
з
і
й
к
л
м
н
о
п
р
с
т
у
ў
ф
х
ц
ч
ш
ы
ь
э
ю
я
a
b
v
h / g
d
je / ie / e
jo / io / o
ž
z
i
j
k
ł
m
n
o
p
r
s
t
u
ŭ
f
ch
c
č
š
y

e
ju / iu / u
ja / ia / a

Зазначце.

1) У лацініцы, у вадрозьненьне ад кірыліцы, менш галосных і больш зычных літараў.

hałosnyja litary: a e i o u y
zyčnyja litary: b c ć č d (dž dz) f g h j k l ł m n ń p r s ś š t ŭ v z ź ž

2) У лацініцы няма мяккага знаку Ь.

Таму зычныя Ć, Ń, Ś, Ź — заўсёды мяккія й адрозьніваюцца ад аналягічных цьвёрдых літараў C, N, S, Z спэцыяльным дыякрытычным знакам: піць = pić, нясьці = niaści, адрозьненьні = adroźnieńni. АЛЕ! Для літар L і Ł усё наадварот. Літара L — мяккая, а літара Ł — цьвёрдая: літара = litara, палац = pałac, люстэрка = lusterka, пачакальня = pačakalnia, малако = małako, кола = koła.

3) У літар Ž, Š, Č, Ŭ знаходзім іншы дыякрытычны знак, які паказвае не мяккасьць, а гук: шчупак = ščupak, чараўнік = čaraŭnik, дождж = doždž, аўтар = aŭtar.

4) Лацінка абыходзіцца бязь літар Я, Е, Ё, Ю. Таму:

  • пасьля галосных і на пачатку словаў пішам:
  • Я JA сьветлая = śvietłaja, явар = javar, яскравы = jaskravy
    Е JE ежа = ježa, прыедзе = pryjedzie, тое = toje
    Ё JO ёсьць = jość, знаёмства = znajomstva, маёнтак = majontak
    Ю JU Юля = Jula, ведаю = viedaju, забаўляюцца = zabaŭlajucca

  • пасьля зычных (акрамя мяккай літары L) пішам:
  • Я IA вячэра = viačera, няня = niania, сям’я = siamja
    Е IE сьвет = śviet, мейсца = miejsca, поўдзень = poŭdzień
    Ё IO сёлета = sioleta, цётка = ciotka, зёлкі = ziołki
    Ю IU сюды = siudy, касьцюм = kaścium, усю = usiu

  • пасьля мяккай літары L пішам:
  • Я A рэкляма = reklama, пляц = plac, ляжыць = lažyć
    Е E лес = les, вясельле = viasielle, тэлефануе = telefanuje
    Ё O лёс = los, лёд = lod, жыльлё = žyllo, далёка = daloka
    Ю U любіць = lubić, куплю = kuplu, дзіўлюся = dziŭlusia

    5) У лацініцы адсутнічае апостраф (): узмор’е = uzmorje, надвор’е = nadvorje, сям’я = siamja, бар’ер = barjer, кан’юнктура = kanjunktura.

    6) У кірыліцы літары Е адпавядае два гукі [jэ], аднак у лацініцы літара E перадае адзін гук [э]: гэты = hety, фатэль = fatel, шэсьць = šeść, цэгла = cegła, дрэва = dreva.

    7) Гук [х] у лацініцы перадаецца дыфтонгам CH: хадзіць = chadzić, хвалявацца = chvalavacca, хто = chto, падхапіць = padchapić, хораша = choraša.

    8) Лацінская літара G перадае выбухны гук [g], які ў беларускай мове часьцей за ўсё сустракаецца ў злучэньнях літараў зг: мазгі = mazgi, згвалціць = zgvałcić, розгі = rozgi. Аднак, ёсьць і шэраг іншых словаў з гукам [g]: цэгла = cegla, ганак = ganak, гузік = guzik.

    9) У астатнім правілы маўленьня, пісьма й чытаньня ў лацініцы такія, як і ў кірыліцы.

    Падрабязьней пра беларускую лацінку гл. тутака >>.




    [Ласкавае запрашэньне ў мову] [Сьцягнуць файлі падручніка] [Беларускі альфабэт] [Вымаўленьне]
    [Тыповыя памылкі] [Лад мовы] [Вітаньні й зычэньні] [Чытаем па-беларуску] [Сугучныя словы]
    [Спасылкi] [Кантакт]

    Copyright © 2000-2004 С.Аляксандраў, Г.Мыцык
    Copyright © 2000-2004 Ю.Гладкевіч (малюнкі)