Logo
ЭЎРАПЕЙСКІ ФОРУМ
БЕЛАРУСКІ КАЛЯНДАРЫК
14 верасьня - Дзень народзнаў у знакамітага беларускага рок-музыкі Лявона Вольскага! Нашыя віншаваньні!
БУДЗЬМА РАЗАМ!
Будзьма разам!
СПАТКАЙ СВАЮ МАРУ!
Беларускамоўныя знаёмствы
Навіны за 2009
ПАСЧПСН
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930 
 
Бібліятэка маладафронтаўца:
Пакаленьне Маладога Фронту (rar) 98 кб - гісторыя моладзі, народжанай у 1970-85гг. (Павал Севярынец)

Нацыянальная ідэя. Фэнаменалёгія Беларусі (rar) 251 кб - Асэнсаваньне беларускай нацыянальнай ідэі як сутнасна хрысьціянскай праз дасьледваньне 200 самых вядомых беларускіх фэномэнаў (Павал Севярынец)
Што зрабіў Малады Фронт
Гісторыя Маладога Фронту.


Найбольш значныя факты, посьпехі й дасягненьні:

● Малады Фронт раскруціў у Беларусі “Дзень Сьвятога Валянціна”. Штогод з 1997-га году 14 лютага ў Менску й найбуйнейшых гарадах Беларусі адбываюцца маладзёвыя вулічныя маніфэстацыі, у якіх удзельнічаюць тысячы маладых людзей, – пад лёзунгамі "Беларусь у Эўропу!", "Мы любiм Эўропу!", "Любові! Свабоды! Пераменаў!", "Люблю Беларусь!". У 2000 г. моладзь сьвяткавала ў 12 гарадах, у 2001-м – у 32-х, у 2002-м – у 44-х! Каб перакрыць маладафронтаўскія акцыі, улады ладзяць альтэрнатыўныя канцэрты й шоў, у выніку 14 лютага толькі набірае папулярнасьці.

● Малады Фронт арганізаваў свае Алімпіяды: у 1998 г. – нацыянальную, штогод – рэгіянальныя, гарадзенскія. Спартовыя конкурсы сумяшчаюцца з агітаціяй і акцыямі, пераможцы атрымліваюць мэдалі. У праграме гульняў праваабарончыя прабегі, палітычныя спаборніцтвы, конкурсы прыгажосьці, кампутаровыя гульні й г. д.

● З 1997 г. Малады Фронт разгарнуў пастаянную кампанію "Горад наш!" (90% беларускай моладзі й 70 % насельніцтва жывуць у гарадох). У знакавыя даты й напярэдадні важных падзеяў маладафронтаўцы масава ўздымаюць па-над дахамі бел-чырвона-белыя нацыянальныя сьцягі па усёй Беларусі. Акцыі "Горад наш!", падчас якіх было вывешана больш за 2000 сьцягоў, праходзілі практычна ва ўсіх гарадах Беларусі.

● Малады Фронт, пачынаючы з 1996 г. – увесьчасны ўдзельнік і арганізатар масавых вулічных дэманстрацыяў: Дня Волі 25 сакавіка, антыімпэрскіх акцыяў 2 красавіка, Чарнобыльскага Шляху 26 красавіка, Дня Незалежнасьці 27 ліпеня, Дня Беларускай Вайсковай Славы 8 верасьня, Дзядоў 2 лістапада. Традыцыю вулічных акцыяў на 26 кастрычніка (Дзень Памяці Падпольшчыкаў) і ў навагоднюю ноч распачаў менавіта Малады Фронт.

● У 2000 г., падчас фальшывых выбараў у кішэнны "парлямант", Малады Фронт правеў кампанію "Вырабы" – высьмейваньне выбарчага фарсу па-лукашэнкаўску.

● Малады Фронт ажыцьцяўляе ініцыятыву "Маладое Адраджэньне", у рамках якой у беларускіх школах і ВНУ за 1997-2009 было праведзена звыш 1000 "Шоў Беларушчыны", віктарынаў на тэму гісторыі, культуры, палітыкі й духовасьці, а таксама арганізавана 12 выпускаў трохмесяцовых лідэрскіх Курсаў Ды-джэяў Адраджэньня.

● Малады Фронт заснаваў цэнтар беларускага шоў-бізнэсу "Беларуская Музычная Альтэрнатыва" (БМА), які правеў каля 100 канцэртаў, раскруціў больш за 20 беларускамоўных гуртоў, арганізаваў кампаніі "Вольныя Танцы" й "Слухай Сваё", папулярныя перадачы ў эфіры тэлевізіі й FM-станцыяў, міжнародныя музычныя праекты ў Польшчы ды Расеі, фэсты й прэзэнтацыі лепшых беларускіх гуртоў. БМА сеньня – гэта найбуйнейшы недзяржаўны музычны праект у Беларусі.

● Малады Фронт запачаткаваў "Беларускі Відэаклюб", які дублюе сусьветныя відэахіты, – "Адважнае сэрца", "Матрыца", "Пэрл-Харбар", "Глядыятар", "Пан Тадэвуш", "Ісус" – па-беларуску.

● Малады Фронт – арганізатар "Асацыяцыі Маладых Прадпрымальнікаў", што выдавала ў 1998-1999 гг. 10-тысячным накладам газэту "Кірмаш" для беларускіх бізнэсоўцаў, а ў 2001 г. правяла агітацыйную кампанію на буйнейшых кірмашах краіны.

● На рахунку Маладога Фронту – найбольш эфэктыўнае студэнцкае самакіраваньне ў Беларусі: 800 студэнтаў Беларускай Акадэміі Мастацтваў у Менску ў 2000 г.

● У 2000 г. Малады Фронт прыняў Праграму "Малады Фронт Пераменаў" – разгорнуты маніфэст новага пакаленьня Беларусі са стратэгіяй духовага адраджэньня й поўнамаштабовых рэформаў на 14-ці старонках.

● Малады Фронт стварыў "Хрысьціянскую Ініцыятыву" (ХІТ) – сумоўе сьвятароў і вернікаў усіх хрысьціянскіх канфэсіяў Беларусі. У 1999-2001 гг. ХIТ правяла 12 маладзёвых канфэрэнцыяў на хрысьціянскія тэмы. Малады Фронт наладзіў моцныя сувязі з каталіцкімі, праваслаўнымі й пратэстанцкімі суполкамі па ўсёй краіне.

● Напрыканцы 2000 года Малады Фронт аб'яднаў 8 самых вядомых маладзевых палітычных дэмакратычных арганізацыяў у кааліцыю "Пераменаў", якая выступіла адзіным фронтам на прэзідэнцкіх выбарах 2001 г.

● Падчас кампаніі прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Малады Фронт стаў рашаючай сілай у мабілізацыйнай кампаніі "Выбірай!", якая вывела на ўчасткі для галасаваньня 82 % беларускай моладзі (да гэтага ў выбарах удзельнічала ад 12 да 40% моладзі). Больш аднаго мільёна маладых беларусаў прагаласавалі супраць рэжыму.

● Малады Фронт у перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2001 г. выступіў арганізатарам Кангрэсу Беларускай Моладзі, у якім узяла ўдзел больш за 520 дэлегатаў з усяе Беларусі, і ініцыяваў падпісаньне адмысловага Пагадненьня паміж адзіным кандыдатам ад апазіцыі і моладзьдзю. Падчас выбарчай гонкі 2001 г. Малады Фронт правеў звыш 1100 акцыяў больш чым у 120 гарадах і мястэчках Беларусі.

● 24 верасьня 2001 г. менавіта Малады Фронт распачаў беспрэцэдэнтную варту ў Курапатах, пратэстуючы супраць разбурэньня нацыянальнага нэкропалю пры будаўніцтве Менскай кальцавой дарогі. Больш за 120 актывістаў Маладога Фронту сталі асноваю 8-месяцовай бесперапыннай "Абароны Курапатаў", якая аб’яднала дэмакратычнае грамадзтва й завершылася перамогаю моладзі.

● Увесну 2002 г. Малады Фронт правеў нацыянальную кампанію "Беларусь у Эўропу!". За 3 месяцы эўрапейскія акцыі адбыліся ў рэкорднай колькасьці гарадоў і мястэчак – 114-ці. Пасьля гэтага ў 2002-2003 гг. практычна ўсе апазіцыйныя партыі ўзяліся рабіць уласныя эўрапейскія кампаніі.

● Паводле апытаньня, праведзенага ўлетку 2002 г. элітным беларускім штотыднёвікам "Наша Ніва", Малады Фронт увайшоў ў пяцёрку найбольш уплывовых палітычных сілаў Беларусі – разам з Адміністрацыяй прэзідэнта, Палатай прадстаўнікоў і дзьвюма найбуйнейшымі апазіцыйнымі партыямі. Дзейнасьць Маладога Фронту ацанілі як вельмі эфэктыўную і дзяржаўныя, і недзяржаўныя экспэрты.

● Як сьведчаць дасьледваньні вядучага нацыянальнага незалежнага сацыялагічнага Інстытута “НІСЭПД”, Малады Фронт займае трэцяе месца сярод усіх беларускіх арганізацыяў паводле цікаўнасьці насельніцтва да іх праграмных дакумантаў, і зьяўляецца галоўным супернікам пралукашэнкаўскага саюзу моладзі – БРСМ.

● Паводле дадзеных Інстытута Гэлапа за кастрычнік 2002 г., рэйтынг падтрымкі Маладога Фронту сярод усяго насельніцтва Беларусі складаў 6,3%, а сярод моладзі 18-30 гадоў – 14% – пры тым, што ўсе палітычныя партыі мелі ад 0,5% да 5%, а "каэфіцыент страху" ў грамадзтве быў вельмі высокі. Паводле гэтага ж апытаньня, вядомасьць Маладога Фронту складала 45%.

● Кніга пра пакаленьне беларускай моладзі 1970-85 гг. нараджэньня, напісаная ў 2002 г. Старшынём Маладога Фронту Паўлам Севярынцам, так і называецца – "Пакаленьне Маладога Фронту".

● Падчас мясцовых выбараў 2003 г. два маладафронтаўцы пераадолелі сіта фальсыфікацыяў і сталі дэпутатамі мясцовых Саветаў. Першы зь іх – 20-гадовы Алесь Зарэмбюк, г. Масты – атрымаў ѕ галасоў выбаршчыкаў ужо ў першым туры, другі – 29 гадовы Сяргей Антусевіч, лідэр Свабодага Прафсаюзу ААТ “Азот” – стаў дэпутатам Гарадзенскага гарадзкога Савету пасьля 2-га туру.

● У 2004 г. Малады Фронт ініцыюе стварэньне маладзёвага перадвыбарчага блёку “Маладая Беларусь”, у які ўвайшлі некалькі дзясяткаў маладзёвых лідэраў з усёй Беларусі. Актывісты “Маладой Беларусі” сабралі больш за 40 тысячаў подпісаў у сваю падтрымку й сталіся асноўнай сілай, якая супрацьстаяла правядзеньню Лукашэнкам трэцяга рэфэрэндуму. Так, аднаго зь лідэраў Маладога Фронту й перадвыбарчага блёку “Маладая Беларусь” Зьмітра Дашкевіча арыштавалі на пл. Кастрычніцкай падчас абвяшчэньня Лукашэнкам намеру зьмяніць Канстытуцыю, а заснавальнік Маладога Фронту, лідэр “Маладой Беларусі”, Павал Севярынец быў асуджаны да трох гадоў г. зв. “хіміі” за арганізацыю акцыяў пратэсту ў дзень правядзеньня рэфэрэндуму.

● У 2005 г. перадвыбарчы блёк Маладога Фронту – “Маладая Беларусь” – стаўся сузаснавальнікам “Каардынацыйнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў”, альбо “Дзясяткі”, а пасьля – “Аб’яднаных дэмакратычных сілаў”, удзельнічаў у правядзеньні шостага Кангрэсу дэмакратычных сілаў, падтрымоўваючы на пасаду адзінага кандыдата ад АДС Аляксандра Мілінкевіча.

● Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006 г. Малады Фронт стаўся адным з арганізатараў намётавага гарадку на пл. Кастуся Каліноўскага з 20 па 24 сакавіка, што паслужыла выклікам аўтарытарнаму рэжыму й прымусіла Лукашэнку на паўмесяцы зьнікнуць з тэле- і радыёэфіру ды перанесьці сваю інаўгурацыю.

● 2006 год, а за ім і 2007, сталіся гадамі небывалага ціску на лідэраў і актывістаў Маладога Фронту. Сотні допытаў і 12 асуджаных маладафронтаўцаў за дзейнасьць МФ паводле антыканстытуцыйнага артыкулу 193-1 КК РБ. Але крымінальны перасьлед не запужаў моладзь. Малады Фронт толькі ўзмацніўся ў гэтым выпрабаваньні й зьяднаўся, правёў надзвычай моцныя кампаніі салідарнасьці з палітзьняволенымі сябрамі сваёй арганізацыі і тымі, якія патрапілі пад крымінальны перасьлед. Недарэмна штотыднёвік “Наша Ніва” “Чалавекам году 2007” абвесьціў “маладафронтаўца”.

● У 2008 годзе маладафронтаўцамі быў праведзены шэраг пасьпяховых агульнанацыянальных кампаніяў. У межах грамадзкай кампаніі “Беларускую кнігу дзецям!” маладафронтаўцы сабралі некалькі тысячаў беларускамоўных выданьняў, якія былі перададзеныя ў дзіцячыя дамы Менску і іншых гарадоў Беларусі. Таксама на патрэбы дзіцячых дамоў і школаў-інтэрнатаў пайшлі сабраныя рэчы й грошы на Калядным фэсьце “Сьпяшайцеся рабіць дабро!”, у якім прымалі ўдзел вядомыя музыкі, грамадзка-палітычныя дзеячы.

З 7 лістапада па 10 сьнежня 2008 года Малады Фронт правёў кампанію “Камунізм пад трыбунал!”, якая завершылася аднадзённым пастом. У межах кампаніі МФ арганізаваў дзясяткі антыкамуністычных пікетаў і інфармацыйных акцыяў па ўсёй Беларусі, правёў шырокае навукова-грамадзкае паседжаньне пад назовам “Злачынствы камуністычнае ідэалёгіі. Лічбы і факты.”

● Малады Фронт зьяўляецца лідэрам палітычнага вулічнага супраціву, правёўшы за 12 год сваёй дзейнасьці тысячы розных акцыяў па ўсёй Беларусі, найбольш вядомая зь якіх “Акцыя Любові” на Дзень Сьвятога Валянціна. За часы свайго існаваньня рух правёў дзясяткі агульнанацыянальных грамадзка-палітычных кампаніяў, самыя вядомыя зь якіх «Горад Наш!», «Беларусь у Эўропу!», «Вырабы», «Выбірай!», «Не трэцяму тэрміну!», «Хочам новага!», «Байкот 2008», "Шоў Беларушчыны", "Камунізм пад трыбунал!", "Беларускую кнігу – дзецям", "Калядны Фэст".

Усё пра Малады Фронт чытайце на партале www.mfront.net
НАПІШЫ!
Арцём Дубскі:212030, г.Магілёў, Слаўгародзкая шаша, ПК №19

Мікалай Аўтуховіч:220050, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, Сіза №1, камэра 14

Уладзімер Асіпенка:220050, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, Сіза №1, камэра 22

Іван Шыла: 211172, Віцебская вобл., Лепельскі р-н, п/о Межыца, в/ч 06405

Зьміцер Хведарук: 222169, Менская вобл., г.Жодзіна, в/ч 18662.

Франак Вячорка: 247760, г. Мазыр, вул. Астроўскага, в/ч 48694
НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ СЫМБАЛІ
Нацыянальныя сымбалі
Далучайся!
Нашыя чэскія партнэры
Свабодная Беларусь!
Сяброўскія сайты

Малады Фронт у Беларусі




Карысныя сайты:


Наш банэр

Каталёгі
NP.BY –Новы партал Каталёг TUT.BY
RATING ALL.BYСайты Байнэту - bynet.it-belarus.net
© Малады Фронт. Арганізацыя афіцыйна зарэгістраваная ў Чэхіі. Усе правы абароненыя // пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на mfront.net абавязковая.
В