Пакаленне “П”

Гарсаветы. Юніёрская ліга

На застарэлыя шэсцерні палітычнага механізмау Беларусі як з вядра палілася маладая кроў. Трыццаць тры адсоткі менскіх кандыдатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў маладзейшыя за трыццатнік.

Хто гэтыя людзі і што абяцаюць – нема распавядаюць лістоўкі і стэнды. Самі ж яны падзяліліся з намі патаемным: калі страцілі палітычную цноту, на што мяняюць маладосць і як дужаюцца з недаверам пенсіянераў.

Ірына ГУБСКАЯ, 18 год, Беларуская Хрысціянска-дэмакратычная партыя

Праз веру трынаццацігадовай дзяўчынай яна прыйшла ў палітыку. Хацелася служыць богу і несці людзям хрысціянскія каштоўнасці. Чаму ж не манастыр? “Таму што ёсць і іншыя спосабы. Да таго ж, у краіне зараз толькі адзін сапраўдны палітык, і трэба запаўняць гэтую нішу”.
Што рабіць будзем?
– “Дэпутат не павінен сядзець і выдумляць, што б такога зрабіць. Ён проста павінен рабіць тое, што кажа народ. І нічога, што ў мяне мала досведу. Дасведчаных людзей там хапае і так”.
Што пенсіянеры кажуць?
– “На маім участку людзі кажуць, што ніколі не бачылі ні жывога кандыдата, ні жывога дэпутата. Я першая. І таму вельмы рады мне і моцна падтрымліваюць”.
ПыСы: Пакуль сустракалася з выбарнікамі, Іра нагуляла амаль сотню акадэмічных гадзін і паляцела з універа. Дыплома не будзе, але на мандат надзея застаецца.

Мікалай Віктаравіч ВАЛОВІЧ, 24 гады, Камуністычная партыя Беларусі

БРСМ з нейкай незразумелай моцай цягнуў да сябе дваццацігадовага хлопца. Цягнуў заўсёды наверх і пакінуў на пасадзе сакратара Фізічнага факультэта БДУ.
У 2008-м Мікалай уступіў у Камуністычную партыю: “Я зразумеў, што яе праграма зараз шмат у чым супадае з кірункам дзейнасці нашага Прэздэнта і з маімі ўласнымі поглядамі. Можна сказаць і так: БРСМ зрабіў з мяне камуніста”.
Абяцае: “Народаўладдзе, роўнасць і сацыяльную справядлівасць”.
Не дзіва, што старыя людзі, якія моцна тужаць па СССР, падтрымліваюць Мікалая на ўсе сто.
ПыСы: “Як спецыяліст-фізік магу сказаць: будаваць АЭС у Беларусі трэба. Гэта вельмі добра для эканомікі. Я ж ведаю: усё будзе добра, калі выкарыстоўваць станцыю правільна”.

Дзяніс Уладзіміравіч НЕБІЁК, 26 год, Аб’яднаная грамадзянская партыя

Сваякі падштурхнулі Дзяніса ў патрэбным напрамку, калі яму было семнаццаць. Інэрцыя таго штуршка панесла яго ў Малады фронт, а потым ва ўсе выбарчыя кампаніі, што праходзілі з 2000 года.
З-за гэтага ў кандыдата цяпер столькі досведу, што ўжо ён вучыць бацькоў,як трэба разумець палітычны свет.
Абяцае: кантраляваць ЖЭСы і гарадскую забудову, вярнуць ільготны праезд пенсіянерам, і ўжо паспеў мадэрнізаваць не адну дзіцячую пляцоўку.
Пенсіянеры класічна дзеляцца на лагеры “за” і “супраць”. Апошніх Дзяніс стараецца задушыць вялікім вопытам і падмазаць вяртаннем ільгот.
ПыСы: сваім дзецям гадоў у чатырнаццаць разам з сексуальным ён будзе даваць палітычнае выхаванне і рухаць іх да актыўных дзеянняў. І клопат, калі дзеці стануць у апазіцыю да бацькі: “На тое іх права”.

Таццяна Уладзіміраўна КУЎШЫНАВА, 30 год, беспартыйная

Застацца на лета ў Менску было некалі самым моцным жаданнем чацверакурсніцы Тані. Таму яна пайшла збіраць подпісы за Уладзіміра Навасяда. Адтуль і палітыка.
Балатуецца разам з мужам: “Не ясна у нашых умовах, хто з нас можа дайсці да выбараў. Ёсць многа ідэй, і хочацца іх рэалізаваць. Няважна, хто гэта будзе, я ці Саша. Так шанцаў удвая больш. Каб хоць хтосьці з нас…”.
Нават бацькі мужа запісаны ў ініцыятыўкі і агітуюць за сына. Пра дзеда з бабкай мы пытацца не сталі.
Абяцае: пастаўляць народу максімальна многа інфармацыі пра тое, што робіцца ў Гарсавеце. Таму што ёй і самой не шмат вядома, чым жа там займаюцца дэпутаты.
ПыСы: “На жаль, “Наша Таня” – гэта не мой брэнд. Не намі гэта было выдумана. Нехта зрабіў сайт, на якім напісаў, што будзе клеіць плакаты. Мне проста далі спасылачку. Я не ведаю гэтых людзей. І ўвогуле я супраць “Нашай Тані”, таму што Таня не плача!”

Юрый Віктаравіч МЕЛЯШКЕВІЧ, 27 год, БНФ

10 год таму зацікаўленасць палітыкай перадалася ад бацькі, які быў актыўным удзельнікам грамадскіх працэсаў эпохі 90-х. З тых часоў Юрась быў членам здаровай пачкі розных арганізацый і можа пахваліцца статусам лідэра Менскай арганізацыі “Руху за свабоду”.
“Самая галоўная парада: ніколі не спыняцца. Трэба пастаянна і мэтанакіравана дзейнічаць. Тады будзе перамога”.
Сталым і старым прапануе: “Сталым? Аааа… Вельмі цікава. Ну я не ведаю. Я і не кажу, што яны павінны мяне выбіраць. Але я хачу, каб яны дзяліліся сваім досведам”.
ПыСы: “Шанцаў у мяне няма. Але я зараз сяджу дома і перабіраю маршрутныя лісты, якія былі назапашаны падчас збору подпісаў. Дзесяткі людзей, з якімі мы сустракаліся, былі не проста нашымі прыхільнікамі, а казалі, што разам з імі можна штосьці рабіць. І я зараз структурырую гэту інфармацыю”.

Ягор Мікалаевіч КРАСОТА, 19 год, беспартыйны
Пакуль Наша Таня прапагандуе лозунг “Красота спасёт Минск”, Ягор Красота стараецца не пакідаць слядоў свайго існавання. Кажуць, што быў сакратаром БРСМ першага курса, кажуць, што пасля года ўнівера сядзіць у “акадэмцы”.
Сам жа кандыдат даваць інтэрв’ю ці сустракацца адмаўляецца, бо “зараз гаварыць не гатовы”. Праз дзень вельмі падобны да яго голас кажа, што Ягора дома няма, а стары нумар мабілы ўвогуле на працуе.
На тое яны і выратавальнікі. Бэтмэн з Супермэнам таксама хавалі твар.

Illustrations by Palasatka

Каментары

Аўтар: smetoniskagira (госьць)
Дата: пят, 04/23/2010 - 15:15

аааа правал! асабліва першая!
ну і гэты блін камуніст-АЭСчык... ууууууу

Аўтар: dyk (госьць)
Дата: пят, 04/23/2010 - 15:45

КРАСОТА :)

Аўтар: Ірына Губская (госьць)
Дата: суб, 04/24/2010 - 17:44

І зусім не правал!
1. за 2 месяцы мяне добра ведае ўся мая акруга, прычым у твар і на вуліцах спакойна пазнаюць.
2. За 2 месяцы працы вакол мяне сфармавалася група інтузіастаў, якія разам са мной хочуць актыўна працаваць нават і без дэпутата у маім абліччы. І без мандата зробім для раена больш чым дэпутат з мандатам!
3. Я атрымала добры досвед перадвыбарчай кампаніі. Самі ж разумееце. 18 год, першыя выбары, адразу кандыдатсва... Карацей наперадзе цэлае жыцце, мясцовыя кампаніі раз у 4 гады, рэальна раз на 3...А яшчэ ж і парламенцкія есць выбары. На бліжэйшыя я паспяваю :)
4. Дыплома праграміста-эколага не будзе. ну і чорт з ім. Добра, што не 5 курс і не згубленыя 5 год. Тым больш сістэму адукацыі у нас даўно пара мяняць. А лета м ізноў у абітурыенты. На гэты раз паспрабую у эканамісты :)

Аўтар: Anonymous (госьць)
Дата: пан, 04/26/2010 - 01:38

смешна бачыць гэтыя ўсе "маладыя твары ў палітыцы".

ні ў адной цывілізаванай краіне галасаваць за чалавека без адукацыі і нармальнага працоўнага стажа людзі не будуць.

Аўтар: Мыш (госьць)
Дата: пан, 04/26/2010 - 17:46

Дык а хто-небдзь з іх прайшоў ці не?

Аўтар: Tania (госьць)
Дата: аўт, 04/27/2010 - 13:26

Я не прайшла. 15% у мяне, 46% у камуніста намалявалі.
Поўныя вынікі на маім сайце www.krasota.eu

Аўтар: Мыш (госьць)
Дата: аўт, 04/27/2010 - 16:56

Шкада! Ад камуністаў прыгажосці не дачакаешся :(

Аўтар: Denis (госьць)
Дата: сер, 04/28/2010 - 10:37

Нажаль і я не прайшоў! Але набыў адзін з буйнейшых у Мінску паказчыкаў 18%
( жартую )!

Аўтар: Anonymous (госьць)
Дата: чцв, 04/29/2010 - 05:17

You only live once.What do you know? you don't know the half of it?JK0-016 certification Not necessarily. Everyone is gonna hate me.642-974 Take it for granted. You should appreciate the fact that you have parents who love you. Don't take it for granted.Pass4sure PK0-002 dump Forget it.

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

Таксама чытайце