Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.com/archive/2012/03/04/by_media_eu_gedroic/
Дата раздрукоўкі: 08.03.2012 03:09
04.03.2012 19:07 Відэа, Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Шорт-ліст прэміі Гедройца адлюстроўвае стан сучаснай беларускай літаратуры, мяркуе Альгерд Бахарэвіч

Прэмію імя Ежы Гедройца атрымаў беларускі пісьменнік Павел Касцюкевіч за зборнік апавяданняў "Зборная РБ па негалоўных відах спорту".

Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў суботу вечарам ў мінскім Палацы мастацтваў і была прымеркавана да Міжнароднага дня пісьменніка, які адзначаецца 3 сакавіка.

"Склад шорт-ліста прэміі Гедройца вельмі добры, усе аўтары — яркія прадстаўнікі сучаснай беларускай літаратуры. Хто б ні перамог, выбар будзе выдатным. Думаю, палітычныя фактары тут не павінны ўплываць. Літаратура і мастацтва — над палітыкай", — зазначыў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч напярэдадні цырымоніі.

На яго думку, перамагчы павінен быў Аляксандр Лукашук, які намінаваны на прэмію Гедройца за кнігу "След матылька. Освальд у Мінску".

Нагадаем, усяго на прэмію Ежы Гедройца былі намінаваныя шэсць беларускіх пісьменнікаў: Уладзіслаў Ахроменка ("Тэорыя змовы"); Альгерд Бахарэвіч ("Малая медыцынская энцыклапедыя Бахарэвіча"); Павел Касцюкевіч ("Зборная РБ па негалоўных відах спорту"); Артур Клінаў ("Шалом: ваенны раман"); Аляксандр Лукашук ("След матылька. Освальд у Мінску") і Андрэй Федарэнка ("Мяжа").

Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш, які ўручаў прэмію, выказаў шкадаванне, што на цырымоніі адсутнічае пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка, які, паводле слоў Юраша, з'яўляецца "бацькам" прэміі. "Я не хачу шмат казаць пра палітыку, гэта зараз даволі небяспечна. Аднак ад'езд еўрапейскіх паслоў сведчыць пра тое, што паміж Еўрасаюзам і беларускімі ўладамі ёсць канфлікт, але няма канфлікту паміж Польшчай і Беларуссю. Узаемная павага паміж нашымі народамі дае надзею на тое, што ў будучыні гэта прэмія будзе ўручацца паслом Польшчы", — заявіў Юраш.

Матэрыяльная частка прэміі складае 105 мільёнаў беларускіх рублёў. Апрача таго, прэмія дае магчымасць лаўрэату апублікаваць свае творы ў замежных выдавецтвах.
Відэа Паўла Падабеда, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты

  • < href="http://belaruselections.info/">

© 2000 — 2012 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН