Знаёмім чытачоў з актуальным і сёння артыкулам Юзафа Ядкоўскага.

Артыкул гэты выклікае вялікую цікавасць. Многім неабыякавым да справы захавання гісторыка-архітэктурнай спадчыны нашага горада людзям здаецца, што ў перадваенныя часы ахова архітэктуры Гродна была пастаўлена ідэальна. Аказваецца, стваральнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юзаф Ядкоўскі пастаянна вымушаны быў змагацца з абыякавасцю ўладаў, што да захавання старых будынкаў, бібліятэк і археалагічных матэрыялаў. Перакідваючы сваесаблівы мосцік з 1920-х гадоў у нашыя дні прапануем чытачам гэты артыкул.

У часы няволі расказвалі прыгожыя байкі аб рыцарах і князях, якія спяць у падзямеллях.

Быццам калісці паклікала нейкая таямнічая дама бондара, каб той падрамантаваў яе бочкі з золатам. Бондар той неакуратна зачапіў зброю тых падземных рыцараў, і яны прачнуліся, спахапіліся ад сну.

«Яшчэ час не надышоў, спіце спакойна», - сказала дама гэтым закутым у сталь рыцарам і тыя заснулі далей, чакаючы, калі іх абудзяць.

У гэтую прыгожую байку верылі і яе апавядалі не толькі ў Гродне, але і ў Вільні, і ў Кракаве.

Гэтая вера ў магутную падземную сілу спрычынілася да перамогі нашай і здабыцця незалежнасці.

І на фоне гэтай гісторыі мусім пісаць аб сумнай рэчаіснасці.

Адбылася рэч відавочна дрэнная. 11 кастрычніка 1927 г. па заказу Магістрата г. Гродна на Пляцы Баторага каля чатырохкутніка з крамамі капалі яму і збоку вуліцы Замкавай натрапілі на падзямеллі. Калі б гэтая магістрацкая праца вялася з выкарыстаннем сіл прафесіяналаў, то да прабіцця скляпенняў, натуральна, ніхто б не дапусціў. Але на жаль іх прабілі і ізноў засыпалі зямлёю.

З якіх часоў паходзяць падзямеллі ніхто высветліць не паспрабаваў.

І вось так з’яўляюцца сумныя развагі аб стаўленні кіраўніцтва нашага горада да культуры Гродна.

Развагі гэтыя паглыбляюцца па прычыне знішчэння рэштак барбакану, адкрытага восенню мінулага року ў часе бязпраўнага (з пункту погляда на акружэнне) раскопвання Замкавага пляца і засыпвання фосы Старога Замку. Цэлыя каменныя крушні, складзеныя каля замкавага моста, былі сведчаннем таму, колькі было разабрана замкавага муру.

Хаця барбакан быў знішчаны шведамі ў часы Яна Казіміра, аднак яшчэ ў сярэдзіне мінулага веку на тым месцы існавалі магутныя муры.

Існаванне барбакану было неразрыўна звязана з існаваннем на тым месцы падзямелляў, быць можа кшталту тых, якія захаваліся на Бакшце ў Вільні (каля касцёла Місіянераў).

У часе земляных работ вельмі часта можна трапіць на прадметы, якія мала зацікавяць прафана, такія, як рэшткі прагістарычнай культуры (вырабы з косткі, кераміка), і хіба толькі які грошык ці больш каштоўны металічны прадмет зацікавіць капача. Менавіта таму цудоўным чынам захаваўся ад знішчэння бронзавы лаваторак ці раманскі аквамалін, знойдзеныя на Каложы перад сусветнай вайной і якія цяпер захоўваюцца ў зборах Універсітэта Стэфана Баторага ў Вільні.

А могуць быць і іншыя цікавыя адкрыцьці, якія нават маюць пэўнае значэнне і для амбіцый айцоў горада.

З старых актаў ведаем, што «Ганус Фандебэрэк, гарадзенскі бурмістр, ваду трубамі да рынку на пажытак паспаліты мяшчан і жыдоў тамтэйшых і ўзбагачэнне места з нямалымі на гэта сваімі затратамі… новы працягнуў» (Акты Віленскай Археаграфічнай Камісіі. Т. 7. С. 111 – 112).

Жыгімонт ІІІ прывілеем, дадзеным у Варшаве ў 1629 г., дазволіў таму самаму Фандэбэрэку збіраць да «смерці сваёй» тарговыя і рынкавыя падаткі ад купцоў, што прыязджаюць, каб па смерці яго падатак гэты збіраў магістрат «на аздобу места».

Даўны Рынак быў на пляцы Баторага.

Вадаправод, праведзены Фандэбэрэкам, дзейнічаў яшчэ ў першай палове 18 ст., аб чым ведаем з універсалу Асалінскага 1720 г.

«Жыд Залман Беркавіч, - як кажа ўніверсал, - капаючы фундаменты на сваю крамніцу (на рынку) in praeiuditium горада, сказаў выцягнуць трубы, якія з даўных часоў пакладзены для бяспекі горада ад агня адным канцом цягнуліся ў студню, каб там вада быць магла» (Тамсама. Т. 5. С. 308).

У Вільні, у часе правядзення каналізацыйных работ перад сусветнай вайной таксама трапілі на драўляныя друбы вадаправода. Яны былі акуратна выкапаныя і захаваныя.

Пішучы гэтыя словы, цешымся надзеяй, што магчыма яны знойдуць разуменне ў людзей, для якіх старая культура нашага горада ня ёсць чужой, акрамя таго дэкрэт аб ахове спадчыны ад 31.Х.1918 г. таксама павінен выконвацца.

У такім старажытным і гістарычным горадзе, як Гродна, які таксама мае пэўныя прэтэнзіі і памкненні, справы такога кшталту павінны вырашацца больш культурным спосабам і мы павінны дамагацца гэтага ад структур, адказных за захаванне нашай спадчыны.

Юзаф Ядкоўскі
Nowe Życie. №118. 14.Х.1927 г.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Scroll to top