890 год з часу першага летапіснага ўпамінання (1116) г. Слуцка

Герб г.Слуцка

    Гарады… Вялікія і малыя, розныя па сваіх абрысах і характарах, стаяць яны на зямлі нашай беларускай. І ў кожнага з іх свой лёс, свая гісторыя. З глыбінь стагоддзяў дайшлі да нас звесткі пра Слуцк - старажытнейшы славянскі горад. Летапісны Случаск, Слуцак упершыню ўпамінаецца ў "Аповесці мінулых гадоў" як горад Тураўскай зямлі. З 1160 г. - цэнтр удзельнага Слуцкага княства, першым князем якога быў унук Уладзіміра Манамаха Уладзімір Мсціславіч. У розныя часы ў горадзе княжылі Рурыкавічы, Алелькавічы, Радзівілы. У 1320-1330-я гг. ён увайшоў у Вялікае княства Літоўскае. Слуцк быў трэцім беларускім горадам, які пасля Брэста і Гродна на аснове магдэбургскага права атрымаў самакіраванне і герб (1441). Год ад году горад рос і прыгажэў і да XVI ст. стаў адным з палітычных і культурных цэнтраў ВКЛ. У 1579 г. ён быў падзелены паміж трыма братамі Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Востраў. У 1592 г. княжна Соф'я Юр'еўна (апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў) аб'яднала землі княства, захавала яго праваслаўнае аблічча. Соф'я Слуцкая прылічана да Сабора беларускіх святых. У 1612 г. пасля яе смерці горад перайшоў да Радзівілаў. У 1617 г. Янушам Радзівілам заснавана Слуцкая кальвінісцкая гімназія - адна са старэйшых школ на Беларусі (існавала да 1918 г.). У 1630-1640-я гг. Багуслаў Радзівіл ператварыў Слуцк у горад-крэпасць. Пры княжацкім двары вёўся Слуцкі летапіс - помнік беларуска-літоўскага летапісання XVI ст., была бібліятэка. Пры Праабражэнскім брацтве працавалі школы для гараджан з выкладаннем на беларускай мове. У 1672-1705 гг. дзейнічала друкарня, у 1689-1773 гг. - езуіцкі калегіум. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. Слуцк, адзіны з буйных гарадоў Беларусі, у 1655 г. вытрымаў аблогу расійскіх і казацкіх войск. Таму ў 1656 г. Б. Хмяльніцкі выдаў універсал з гарантыяй недатыкальнасці Слуцка з боку казацкіх атрадаў, а слуцкім купцам - вольнага гандлю на Украіне. У 1700 г. гораду канчаткова дадзена магдэбургскае права і герб. У Паўночную вайну 1700-1721 гг. Слуцк неаднаразова займалі шведскія войскі.

    У 1751-1760-я гг. дзейнічала прыдворная тэатральная трупа Г.Ф. Радзівіла. У тэатры ставіліся оперы, балеты і драматычныя спектаклі. Балетная трупа падрыхтавана ў Слуцкай балетнай школе (заснавана ў 1756 г.). Спектаклі суправаджала капэла музыкантаў высокай кваліфікацыі. У 1740 г. М.К. Радзівіл заснаваў мануфактуру шаўковых паясоў (Слуцкая персіярня) - вырабаў ручнога шаўкаткацтва (дзейнічала да 1844 г.), дзе ствараліся шэдэўры беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вядомыя на ўвесь свет.

    У 1767 г. была ўтворана Слуцкая канфедэрацыя - саюз пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ, арганізаваны для ўраўнавання яе ў правах з каталіцкай шляхтай. У 1793 г. Слуцк увайшоў у склад Расійскай імперыі, стаў цэнтрам Слуцкага павета Мінскай губерні (да 1924 г.). У 1823 г. быў складзены план забудовы горада, які прадугледжваў упарадкаванне вулічнай сеткі, будаўніцтва новых дамоў, зліццё цэнтра з ускраінамі. У 1831 г. скончана будаўніцтва ўчастка Маскоўска-Варшаўскай шашы, што праходзіла праз Слуцк і павет. У 1896 г. распачата будаўніцтва чыгуначнай лініі Асіповічы-Слуцк (скончана ў 1915 г.). У канцы XIX ст. насельніцтва горада складала больш за 14 тыс. чалавек.

    З 27 верасня 1938 г. Слуцк - горад абласнога падпарадкавання. У чэрвені 1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія арганізавалі тут лагер смерці, яўрэйскае гета, турму. Даваенны горад налічваў амаль 22 тыс. жыхароў, пасля вызвалення засталося толькі 7 тыс. чалавек. Акупантам аказвала супраціўленне патрыятычнае падполле. У ходзе Мінскай аперацыі 1944 г. Слуцк быў вызвалены.

    Горад развіваўся паводле генеральных планаў 1947, 1962, 1977 і 1987 гадоў. Паводле перапісу насельніцтва на 01.01.2004 г. у горадзе налічвалася 62,3 тыс. чалавек (прадстаўнікі 43 нацыянальнасцей). У 2004 г. у ім працавала 21 прамысловае прадпрыемства, зарэгістравана 126 прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці. Харчовая і перапрацоўчая прамысловасць прадстаўлена васьмю прадпрыемствамі. Тавары лёгкай прамысловасці вырабляюцца на прамыслова-гандлёвым прадпрыемстве "Ландыш", тэкстыльнай фабрыцы і рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве мастацкіх вырабаў "Слуцкія паясы". Шырока прадстаўлена дрэва- і металаапрацоўчая галіны ("Слуцкмэбля", "Слуцк-Модуль", "Ямполь").

    На сённяшні дзень захаваліся помнікі архітэктуры: будынак духоўнага вучылішча 1767 г., Свята-Міхайлаўскі сабор (2-я палова XVIII ст.), дом дваранскага сходу XVIII ст., мужчынская гімназія 1852 г., паштовая станцыя XIX ст.

    Кажуць, гарады, як людзі. І яны бываюць шчаслівымі тады, калі жывуць у трох вымярэннях - сучасным, мінулым і будучым. У Слуцка ўсё гэта ёсць.

    Слуцк // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыкл. давед. Мінск, 2004. С. 518-521.
    Слуцк // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 25-27.
    Слуцк // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 345-347.
    Памяць : Слуцкі раён. Слуцк : у 2 кн. / [уклад. В.С. Відлога ; рэдкал.: Г.К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш. ; маст. Э.Э. Жакевіч]. - Мінск : БЕЛТА, 2000-2001. - (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі). - 2 кн.
    Слуцк = Slutsk : [справ. изд. / авт. текста В.С. Видлога ; англ. текст О.И. Непши и Н.В. Ковалевской ; фото А.В. Дидевича]. - [Минск : Белорусское телеграфное агентство], 2004. - 31 с. : цв. фот. - На рус. и англ. яз.
    Цітоў, А.К. Слуцак / Анатоль Цітоў // Геральдыка беларускіх местаў (XVI - пачатак XX ст.) / Анатоль Цітоў. Мінск, 1998. С. 234.
    Слуцк / падрыхт. да друку Злата Гурыновіч // Веснік Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь. 2003. № 19. С. 137-142. (Мая Беларусь).
    Случчына : мінулае і сучаснасць. Вып. 1 / Аддз. культуры Слуц. гарвыканкома, Слуц. краязн. музей ; [уклад.: Л.У. Калядзінскі, В.С. Відлога ; маст. А.В. Клязовіч]. - Слуцк : Дзіва, 1995. - 76 с. : іл.
    Ткачев, М.А. Укрепления средневекового Слуцка / М.А. Ткачев // Замки Беларуси / М.А. Ткачев. Минск, 2002. С. 156-162.
    Ціткоўскі, І. Гарматы на бастыёнах Слуцка / Ігар Ціткоўскі // Культура. 2002. 6-12 ліп. (№ 26). С. 14.
    Гісторыя абарончых умацаванняў горада (XV-XVIII стст.).
    Ціткоўскі, І.А. Помнікі архітэктуры Слуцка / І. Ціткоўскі. - Слуцк : [б.в.], 1997. - 111 с. : іл.
    Целеш, В.М. Слуцк / Вячка Целеш // Гарады Беларусі на старых паштоўках / Вячка Целеш. 3-е выд. Мінск, 2005. С. 245-249.
    Ціткоўскі, І.А. Мастакі і ўмельцы : вывучэнне мясцовых мастацкіх традыцый / І.А. Ціткоўскі ; М-ва культуры і друку Рэсп. Беларусь, Бел. ін-т праблем культуры. - Мінск : [б.в.], 1995. - 63 с.
    Лукша, У.Э. Случчына : мінулае і сучаснасць : [малюнкі маст. У. Лукшы і ўрыўкі з вершаў бел. паэтаў] / Уладзімір Лукша ; Аддз. культуры Слуц. гарвыканкома ; [уклад. і прадм. Валянціны Відлогі]. - Мінск : Беларускі кнігазбор, 2001. - 32 с. : іл.
    Ефремова, Т. Трагедия слуцкого концлагеря - в письмах его бывших узников / Татьяна Ефремова // Архівы і справаводства. 2004. № 5. С. 91-94.
    Ціткоўскі, І. Найстарэйшы храм слуцкага Зарэчча / Ігар Ціткоўскі // Культура. 2003. 23-29 жн. (№ 34). С. 14.
    Гісторыя і архітэктурныя адметнасці слуцкай Юр'еўскай царквы (засн. у XV ст.).
    Денисова, Е.Г. История : Слуцкий Свято-Троицкий монастырь / Е.Г. Денисова // Минские епархиальные ведомости. 2002. № 4. С. 58-60.
    История мужского монастыря, XV - 1-я половина XX в.
    Акінчыц, С. Горад, дзе захавалася традыцыя / Станіслаў Акінчыц // Спадчына. 2003. № 1. С. 52-56.
З гісторыі пратэстантызму на Случчыне.
    Рошчына, Т.І. Слуцкае Евангелле [1582 г.] : вяртанне святыні / Т.І. Рошчына // Минские епархиальные ведомости. 2004. № 1. С. 57-58.
    Тое ж // Голас Радзімы. 2003. 26 чэрв. С. 5, 6.
    Пятровіч, Н.І. Пярэдадзень Беларускага Асветніцтва : (дзейнасць слуц. друкарні ў 1673-1688 гг.) / Н.І. Пятровіч // Беларускае Асветніцтва : вопыт тысячагоддзя : матэрыялы II Міжнар. кангрэса, 17-19 мая 2000 г. Мінск, 2000. Кн. 1. С. 158-162.
    Хвалей, Я. Сто прыступак і дзве "пяцёркі" / Яўген Хвалей // ЛіМ. 2005. 14 студз. (№ 1/2). С. 5.
    Гісторыя і сённяшні дзень Слуцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі (засн. у 1904 г.).
    Бамбешка, І.І. З гісторыі стварэння і дзейнасці першага грамадскага краязнаўчага музея ў Беларусі / І.І. Бамбешка // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры. 2004. № 3. С. 119-124.