Нагадаем, 2 сакавіка ў інтэрнэце з'явіўся загадкавы "Спіс дзеячаў мастацтва і творчых калектываў". "Дакумент" суправаджаўся каментаром ад асобы, якая яго апублікавала: нібыта папера паступіла ў офісы ўсіх найбуйнейшых СМІ, і ўсе, хто ў ёй згаданы, павінны быць аддадзеныя "масмедыя-анафеме".
У спісе апынуліся вядомыя музыкі, літаратары, акцёры. Прычым не толькі беларускія, але і расійскія, еўрапейскія і галівудскія знакамітасці. Усе яны так ці інакш выказалі пратэст супраць рэпрэсіяў з боку беларускіх уладаў, накіраваных на прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці пасля прэзідэнцкіх выбараў-2010.
У Міністэрстве інфармацыі катэгарычна адмаўляюць уласную датычнасць да “дакумента”.
Прадстаўнікі ж шэрагу СМІ неафіцыйна пацвердзілі існаванне спісу. Да таго ж сёння амаль немагчыма замовіць ці пачуць песні згаданых музыкаў на ФМ-станцыях.
Адменены і шэраг канцэртаў. 13 сакавіка ў Гомелі "па тэхнічных прычынах" не адбыўся канцэрт "Ляписа Трубецкого". Пасля цэлай эпапеі "будзе-не будзе" скасаваны выступ гурта ў адным з клубаў Магілёва 20 сакавіка. Адміністрацыя брэсцкага Тэатра лялек без тлумачэння прычын адмяніла канцэрт Змітра Вайцюшкевіча 18 сакавіка. А ў мінскім клубе "Рэактар" пад пытаннем канцэрт-прысвячэнне гурту "Neuro Dubel", запланаваны на 24 сакавіка. Прычым, як адзначыў лідар рок-калектыва Аляксандр Кулінковіч, іх выступ забаронены: "Кіраўніцтва клуба выклікалі і прапанавалі выбіраць: альбо страта арандатара, альбо страта клуба".
“З-за хваробы вакаліста”
17 сакавіка ў сталічным рэстаране "Госці" меў адбыцца канцэрт гурта "Крамбамбуля", які таксама фігуруе ў паперы, ахрышчанай “чорным спісам”.
Раніцай 15 сакавіка ахвочыя ўжо не змаглі замовіць столік на канцэрт. Ва ўстанове ім паведамлялі аб адмене канцэрту са спасылкай на хваробу музыкаў. Карэспандэнт TUT.BY, які таксама паспрабаваў набыць квіток, пачуў ад прадстаўніка "Гасцей": "Канцэрт адменены з-за хваробы вакаліста".
Юлія, якая замовіла столік і аплаціла квіток загадзя, распавяла карэспандэнту TUT.BY, што ёй патэлефанавалі з рэстарацыі таксама 15 сакавіка ды паведамілі аб адмене канцэрту. “На маё пытанне, чаму, сказалі, што не ведаюць і што яго маглі перанесці, але гэтае пытанне не да іх”, - дзеліцца прыхільніца “Крамбамбулі”.
"Можа быць, я не зусім здаровы на галаву, як і ўсё ў гэтай краіне. Аднак на здароўе не скарджуся і, наадварот, знаходжуся ў добрай вакальнай форме, - як заўжды з іроніяй адрэагаваў на пытанне карэспандэнта TUT.BY Лявон Вольскі. - Мы рыхтаваліся да канцэрта ў Дзень святога Патрыка, на якім павінны былі прэзентаваць новы, яшчэ не выдадзены альбом. У дыск увойдуць традыцыйныя песні народаў Еўропы, выкананыя як на мове арыгінала, гэтак і ў перакладзе на беларускую. Канцэрт збіраліся наведаць амбасадары еўрапейскіх краін у Беларусі...”
Музыка падзякаваў “аддзелу культуры Мінгарвыканкама, Міністэрству культуры і ўсім структурам, якія ў гэтым паўдзельнічалі. Лепшы піяр у наш час цяжка і прыдумаць. Адзінае, шкада гледачоў, якія збіраліся паслухаць новы альбом і разам з намі адзначыць старое добрае ірландскае свята”.
Лявон Вольскі прыпусціў, што са з'яўленнем "чорнага спісу" адмена канцэртаў ажыццяўляецца праз мясцовыя выканкамы. "Туды запрашаюць альбо мэнэджэраў, альбо прадстаўнікоў гаспадарчых суб'ектаў, якія прадстаўляюць пляцоўку для канцэрта, пасля чаго мерапрыемствы адмяняюць", - кажа музыка.
“Я Лявон Вольскі і я не хворы”
У дзень адмененага канцэрту лідар “Крамбамбулі” ў суправаджэнні некалькіх чалавек, сярод якіх быў і карэспандэнт TUT.BY, наведаў рэстаран. Мы селі за столік і замовілі каву. Праз нейкі час з’явіліся прыхільніцы гурта, якія прыйшлі вярнуць грошы за квіткі. Прывітаўшы сваіх слухачоў, Лявон Вольскі падышоў да дырэктара рэстарана Любові Сачыўкі:
- Я Лявон Вольскі і я не хворы. Чаму адменены канцэрт?
Прадстаўніца ўстановы сумелася, пачаўшы гаварыць нешта пра тое, што канцэрт не адменены, а перанесены на больш позні тэрмін.
- Чаму вы кажаце ўсім, што я захварэў?! - не адступаў Вольскі. Чаму вы хлусілі людзям? Вы маглі патэлефанаваць мне і патлумачыць сітуацыю, а не распаўсюджваць паклёпніцкую інфармацыю!
- Мы не гаварылі такога, - адмаўляла Любоў Сачыўка. - Нашы супрацоўнікі інфармавалі ўсіх, што канцэрт адменены, магчыма перанесены, - раз за разам паўтарала прадстаўніца страўні.
Тым часам менавіта фармулёўку з хваробай чулі дзесяткі людзей, у тым ліку і карэспандэнт TUT.BY, які абачліва запісаў свой тэлефонны званок.
Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.
Спампаваць гук (246 КБ)
Пабачыўшы, што музыку ейны адказ не задавальняе, дырэктарка сышла, паведаміўшы праз нейкі час, што прычыны адмены канцэрту паведаміць на наступны дзень.
“Я магу ўсё зразумець. Можна было патэлефанаваць мне, па-людску патлумачыць, што яны атрымалі ўказанне і не могуць не падпарадкавацца. Я б і ва ўпраўленне культуры гарвыканкаму з імі схадзіў. Але яны схлусілі. Людзі пачалі мне тэлефанаваць, пытацца, што за мной здарылася...” - кажа лідар “Крамбамбулі”.
Як бачым, са з’яўленнем таямнічай паперы склалася абсалютна абсурдная сітуацыя. Афіцыйных забаронаў нібыта няма, але нават прыватныя ўстановы адна за адной адмяняюць канцэрты.
Нагадаем, што падобны неафіцыйны “чорны спіс” музыкаў існаваў з 2004 па 2007 гады. Аднак, па словах Вольскага, тады на невялікія канцэрты ў рэстарацыях ніхто не звяртаў увагі. “Цяпер, выглядае, тэрыторыя забароны пашыраецца”.