Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 329.17 (438)

 А.М.Чарнякевіч

 Беларуская Часовая Рада і яе месца і роля ў беларускім нацыянальным руху ў Польшчы сярэдзіны

1920-х гадоў

 В статье рассмотрены основные направления деятельности Временной Белорусской Рады и ее роль в белорусском национальном движении в Польше в 1920-е годы

 Абмежаванасць «польскага вектара» ў беларускім руху высветлілася яшчэ ў перыяд Грамадзянскага кіравання Ўсходніх зямель і польска-савецкай вайны, калі ўсе без выключэння ініцыятывы на кошт узаемнага супрацоўніцтва пацярпелі крах. Восенню 1921 года на беларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе арыентацыя на Польшчу была адкінута большасцью дэлегатаў як супярэчная з інтарэсамі беларускага народа.   

Ужо ў хуткім часе спектакулярная параза на выбарах у Віленскі сейм прымусіла апошняга з лідараў паланафільства – П.Аляксюка – адыйсці ад актыўнай грамадскай працы і перабрацца з Вільні ў Наваградак На фоне далейшага пашырэння ўплываў Беларускага пасольскага клубу паланафілы пачынаюць спрабаваць адыгрываць публічна ролю тамы на шляху гвалтоўнай радыкалізацыі беларускай вёскі.

Аднак ужо восенню 1924 года адбываецца раптоўная мабілізацыя паланафільскіх арганізацый. У канцы верасня 1924 года арганізуецца Цэнтральны камітэт беларускіх спраў на чале з Феліцыянам Цяўлоўскім. Разам з тым палітычная паліцыя Віленскага ваяводства зафіксавала «агульную кансалідацыю беларусаў польскай арыентацыі вакол Беларускага грамадскага схода» Валейшы [8, s. 65]. А ўжо 21 верасня 1924 года пасля расколу ў Беларускім грамадзянскім сходзе арганізуецца Часовая Беларуская Рада, якая аб’яднала вакол сябе «памяркоўныя элементы, што жадалі лаяльна супрацоўнічаць з польскай дзяржавай».

На асаблівую ўвагу заслугоўвае асоба кіраўніка Рады – Арсена Васільевіча Паўлюкевіча. А.Паўлюкевіч нарадзіўся ў 1889 годзе ў сям’і слуцкага святара. Па сканчэнні медыцынскага факультэта Маскоўскага універсітэта працаваў лекарам у Слуцку. Да беларускага руху далучыўся ўжо ў сталым узросце на пачатку 1920 года. У лістападзе 1920 года ўзначаліў адноўлены Слуцкі БНК, стаўшы кіраўніком яго медычна-санітарнага аддзелу. Восеннью таго ж года на з’ездзе Случчыны А.Паўлюкевіч выступіў спаборнікам У.Пракулевіча ў барацьбе за пасаду старшыні Беларускай рады Случчыны. Пад час уласна Слуцкага збройнага чыну загадваў шпіталем паўстанцаў. На пачатак 1920-х гадоў жыў у Нясвіжы, м.Сіняўцы і нават быў арыштаваны польскімі ўладамі ў 1922 годзе за стварэнне нелегальнай арганізацыі «Народны хаўрус за Бацькаўшчыну».  Пазней пераезджае ў Вільню, дзе, паводле А.Бочкі, з’яўляўся вайсковым лекарам пры адной з польскіх частак [13, с. 186 187].

Гэткая надзвычайная актыўнасць сярод праўрадавых беларускіх арганізацый, справакаваная ў значнай ступені палітычнай кан’юнктурай, амаль адразу выклікала паважны крызыс у паланафільскім асяродку. Ужо на наступны дзень пасля стварэння Цэнтральнага камітэта беларускіх спраў было прынята рашэнне «спыніць усялякія зносіны з Беларускім грамадскім сабраннем, а Часовую Беларускую Раду лічыць як установу палітычна няпэўную».

Менш чым праз паўгады пасля ўтварэння адбываецца адзін з першых расколаў унутры Часовай Беларускай Рады: 10 лютага 1925 года з яе складу выйшлі Усевалад Більдзюкевіч, Шышкоў і Валейша, у выніку чаго ў арганізацыі ўзмацнілася роля А.Паўлюкевіча, які з часам пачынае граць ролю галоўнага беларускага паланафіла. Адным з наступстваў гэтага стаў пошук Радой саюзнікаў сярод паланафільскіх колаў ва ўкраінскім нацыянальным рухе. 8 красавіка 1925 года ў Роўна адбылася агульная канферэнцыя з мэтай кансалідацыі паланафільскага лагера сярод нацыянальных меньшасцей ІІ Рэчы Паспалітай, аднак працягу гэтая ініцыятыва ў выглядзе наступнай сустрэчы ўжо ў Вільні не знайшла [12, с. 387 – 402].

Адначасова з пошукам партнёраў унутры самога паланафільскага лагера Рада інспіруе шэраг крокаў, накіраваных на заваёву прыхільных адносін з боку ўласна органаў улады, дзеля чаго ў сярэдзіне 1925 года зварочваецца да У.Рачеквіча з просьбаю аб нармалізацыі адносінаў на «крэсах». Што тычыцца дзейнасці па разбудове арганізацыйных структураў самой Рады і пашырэння яе ўплываў на правінцыі, дык на працягу ўсяго 1925 года не адбыўся ніводзін з запланаваных з’ездаў – у Гродне, Баранавічах ды Вільне. Як адзначаў пазней «Кароткі нарыс беларускага пытання», «гэта было зроблена або таму, …што ён (А.Паўлюкевіч – А.Ч.) баяўся, каб з’езд не апанавалі варожыя арганізацыі, або, урэшце, таму, што разам з іншымі асобамі часткова распусціў прызначаныя на правядзенне з’езду грошы» [12, с. 387 – 402].

Па сутнасці, ад самага пачатку ўся практычная дзейнасць Рады звялася толькі да выдання газеты «Грамадзкі голас», а таксама да асабістай акцыі доктара А.Паўлюкевіча. У выніку палітычная дзейнасць Часовай Беларускай Рады абмяжоўваецца агульнымі заявамі дэкларатэўнага зместу на старонках свайго друкаванага органы ды своеасаблівай «барацьбой кампраматаў», накіраваных перш за ўсё на дыскрэдытацыю асобы Антона Луцкевіча як адной з найбольш уплывовых постацей Віленскага БНК і ўсяго беларускага руху. Менавіта па ініцыятыве А.Паўлюкевіча ў сярэдзіне 1925 года грамадскі рэзананс атрымала гэтак званая «Справа Шалешкі»: Уладзімір Шалешка – актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў Гродне і Вільне, сябра шматлікіх арганізацый, супрацоўнік шэрагу беларускіх газет, у канцы 1924 года нелегальна перапраўляецца ў БССР, адкуль у худкім часе прыйшлі звесткі аб ягоным арышце і нават растрэле праз ворганы ДПУ. А.Паўлюкевіч, які ўзяўся актыўна распаўсюджваць гэтую інфармацыю, галоўную віну за гібель У.Шалешкі паклаў менавіта на А.Луцкевіча, які быццам бы наўмысна пераправіў за мяжу аднаго са сваіх паплечнікаў, занадта разазнанага ў розных канфеданцыйных справах з тым, каб пазней яго ліквідаваць рукамі ворганаў савецкай дзяржбяспекі [6]. 31 ліпеня 1925 года ў Вільні ў памяшканні рэдакцыі газеты «Грамадскі голас» адбыўся сход беларускіх дзеячоў, на якім разглядалася «справа Шалешкі» і ўзгадвалася, быццам бы апошні быў расстраляны бальшавікамі. Аднак ужо на паседжанні 6 жніўня 1925 года Валейша заявіў, што У.Шалешка, паводле ягоных дадзеных, не расстраляны, а жыве на тэрыторыі Савецкай Беларусі і працуе настаўнікам. У хуткім часе ў віленскіх беларускіх газетах левага накірунку з’явіўся адкрыты ліст У.Шалешкі з абвяржэннем чутак аб уласнай смерці. Паводле газет ён нават у Мінске быў у польскага консула і прасіў яго запярэчыць праз польскі друк аб ягоным нібыта расстрэле [7, к. 150; 10, ст. 122; 11, ст. 107; 2].

Раскол унутры Беларускага пасольскага клубу і ўзнікненне БСРГ прывялі да перагрупоўкі сіл на беларускай палітычнай сцэне і падштурхнулі ўжо існуючыя паланафільскія групоўкі да кантактаў з апанентамі Грамады. «…Дзейнасць Часовай Беларускай Рады ў дадзены час, – адзначалася ў справаздачы аб палітычным і эканамічна-грамадскам руху ў Вільні камісарыята дзяржпаліцыі за сакавік 1926 года, – накірована на выкарыстанне непаразуменняў паміж беларускімі пасламі і зводзіцца да намаганняў навязаць кантакт з Беларускім сялянскім саюзам і групаю ксяндза Станкевіча». Аднак намеціўшаяся пагадненне паміж А.Паўлюкевічам і той часткай Беларускага клубу, што дэманстравала апазыцыю да заснавальнікаў Грамады, не адбылося пасля рэзалюцыі з’езда Беларускага Сялянскага Саюза 24 сакавіка, згодна з якой «ніякіх бліжэйшых кантактаў нацыянальных беларускіх групаў з Часоваю Радаю – быць не можа» [6].

Не маючы рэальных вынікаў сваёй працы, па сутнасці, адмовіўшыся ад актыўнай дзейнасці сярод шырокіх масаў беларускага насельніцтва, А.Паўлюкевіч замест гэтага працягваў кампанію на старонках «Беларускага слова» па дыскрыдэтацыі А.Луцкевіча як ключавой постаці беларускага віленскага асяродка. У канцы лютага 1926 года ў «Беларускім слове» з’явіўся артыкул пад крыптанімам Т.Г. з абвінавачваннем супраць былога старшыні ўраду БНР у супрацоўніцтве з нямецкай і французкай выведкамі, а таксама – польскай палітычнай паліцыяй. Інтрыга была тым большай, што ў якасці аўтара ліста выступаў …Тамаш Грыб, у мінулым лідар беларускіх эсэраў і дэклараваны праціўнік паланафілаў [12, с. 387 – 402].

Віленскае беларускае грамадства не магло праігнараваць гэткай падзеі. У першай палове сакавіка 1926 года адбыўся агульны сход прэзідыўма Віленскага БНК і некалькіх з сябраў БСРГ па абмяркаванню артыкула. Паводле Р.Астроўскага, ліст Т.Грыба быў спробай «разбіць агульны пралетарскі фронт, які ствараецца ў Польшчы». Прэзідыўм Віленскага БНК пастанавіў у сувязі з гэтым пільна адсочваць за кожным крокам пражскай групы беларускіх эсэраў, а так сама іх віленскіх саюзнікаў, якімі ў першую чаргу выступаюць: Беларускі Сялянскі Саюз у Вільне…, а таксама А.Паўлюкевіч, які паспешна ўдзяліў сваю газету дзеля надрукавання ў ёй эсэраўскіх інсінуацый і брудных пасквілей на такога заслужанага беларускага дзеяча, якім у вачах усіх беларусаў зяўляецца Антон Луцкевіч, а адначасова бязлітасна змагацца са ўсімі тымі, хто парушае адзінства беларускага фронту» [9, ст. 20 – 21;]. Ужо 20 сакавіка беларускія студэнты ў Празе ўхвалілі пратэст супраць «нападкаў вырадкаў беларускай інтэлігенцыі» аплочаных польскай дэфензівай, супраць А.Луцкевіча. Пратэст скончваўся заклікам: «Ганьба прадажным, ганьба польскім служакам! На чорную доску Паўлюкевіча, Валейшу і іх кампанію!» [1]

Працягваючы палеміку 24 красавіка 1926 года А.Паўлюкевіч змясціў у «Беларускім слове» артыкул «Мой адказ», назваўшы праскіх студэнтаў «бальшавіцкімі суценёрамі», «якія, як і той, каго яны абараняюць, стаяць на ўтрыманні бальшавікоў, ў замен за што, паінны выконваць  загады сваіх кіраўнікоў». А.Паўлюкевіч у чарговы раз паўтарыў папярэднія абвінавачвання супраць А.Луцкевіча, адзначаючы пры гэтым, што яму вядомы радыкальныя настроі, якія пануюць сярод беларускага студенцтва, што, аднак, можна патлумачыць «маладзёвым парывам» [2].

На гэты раз публікацыя ў «Беларускім слове» выклікала актыўную рэакцыю з боку Віленскага саюзу студэнтаў-беларусаў. 28 красавіка Саюз склікаў агульны сход дзеля абмяркавання артыкула. Выступаючы пад час дэбатаў М.Марцінчык назваў А.Паўлюкевіча «прадажным інсінуатарам і даносчыкам, які за ідэал лічыць здабыванне грошаў…», заклікаючы па прыкладу праскіх студэнтаў выступіць з адкрытым пратэстам на дзейнасць апошняга і ягонай Часовай Беларускай Рады [9, с. 46 – 48].

Аднак менш чым праз месяц, прыход у выніку майскага пераварота да ўлады пілсудчыкаў прымусіў А.Паўлюкевіча змяніць тактыку. 15 мая 1926 года, калі ў Вільні стала вядома аб падзеях у сталіцы, Часовая Беларуская Рада на надзвычайным паседжанні пастанавіла выслаць віншавальную тэлеграму на імя Ю.Пілсудскага. Хутка пасля тэлеграмы А.Паўлюкевіч асабіста выехаў у Варшаву з мэтай атрымання падтрымкі і фінансавай дапамогі з боку новага ўраду. Прэм’ер Бартэль, з якім размаўляў А.Паўлюкевіч, падтрымку і дапамогу абяцаў, аднак запатрабаваў большай актыўнасці і павелічэння сваіх уплываў у беларускім грамадстве [12, с. 387 – 402].

Судзячы па ўсім, А.Паўлюкевіч  прапанову прыняў, бо ўжо ў канцы мая ён правёў агітацыйныя мітынгі ў Наваградку, Баранавічах і Нясвіжы, а прадстаўнікі Рады з мэтай вядзення агітацыі выехалі ў Гродзенскі, Віленскі і Лідскі паветы. Нарэшце, 16 чэрвеня 1926 года Рада выступіла з «Мемарыялам Часовай Беларускай Рады да пана прэм’ера Рады міністраў», які, па сутнасці, стаў праграмным дакументам. Асноўныя пастулаты мемарыяла звадзіліся да вырашэня «…зямельнага пытання, справы беларускага школьніцтва, удзелу ў самаўрадах, працы для інтэлігенцыі ў школах і адміністрацыі, людскага абыходжання з боку паліцыі і адміністрацыі, спынення прыдзірак і пераследу за прывідны камунізм – гэта найбольш балючыя справы беларускага жыцця, ад урэгулявання якіх залежыць стварэнне нармальных умоваў жыцця на нашых землях…». Дзеля гэтага, на думку аўтараў «Мемарыяла», трэба прыцягнуць да працы ў адміністрацыі мясцовыя дэмакратычныя элементы, не выключаючы і беларускай інтэлігенцыі; хуткае правядзенне зямельнай рэформы; адкрыццё беларускіх школ; адкрыццё курсаў для беларускіх настаўнікаў; наданне абітурыентам дзейных у Вільні і Кракаве настаўніцкіх курсаў права на працу (кваліфікацыі), гарантаванне ім пасады і дапамогі да моманту фактычнага іх атрымання; выданне дазволаў на адкрыццё новых беларускіх гімназій пад кіраўніцтвам «Прасьветы»; прызначэнне субсідый для наяўных беларускіх гімназій; выданне распараджэння аб прыняцці выпускнікоў беларускіх гімназій у вышэйшыя школы, перш за ўсё ў Вільні; адкрыццё ў Віленскім універсітэце аддзелу беларусістыкі і беларускага гуманітарнага факультэта; забеспячэнне магчымасці таварыству «Прасвета» дзеля вядзення шырокай культурна-асветніцкай працы; дазвол на адкрыццё ў Вільні новай беларускай культурна-асветніцкай пляцоўкі – «Беларускай хаткі»; выданне канцэсіі на адкрыццё Беларускага банка і выдзяленне яму крэдытаў; урэгуляванне спраў праваслаўнай царквы. Абвяшчэнне мемарыялу, як адзначае «Кароткі нарыс…», узмацніла пазіцыі доктара Паўлюкевіча сярод дзеячаў і арганізаванага беларускага грамадства. Разам з тым галоўныя пастулаты, якія ў ім былі агучаны, адлюстроўвалі асноўныя патрабавання большасці беларусаў ІІ Рэчы Паспалітай. Невыпадкова кс.А.Станкевіч заявіў, што пад гэтым мемарыялам ён сам мог бы падпісацца, змяніўшы яго толькі ў некаторых месцах [12, с. 387 – 402].

Вынікам гэткай надзвычайнай актыўнасці сталася правядзення 26 – 28 чэрвеня 1926 года пад эгідаю Часовай Беларускай Рады доўгачаканага з’езду Заходняй Беларусі, які да гэтага ўвесь час адкладваўся па розных прычынах. Характэрна, што сама дата з’езду трымалася ў таямніцы амаль да апошняга моманту. У першым паседжанні ўдзельнічалі ўся Часовая Беларуская Рада, сябры Таварыства «Прасьвета» і яшчэ каля дзесяці прадстаўнікоў віленскай і варшаўскай прэсы, а таксама госці, у асноўным з ліку мясцовай польскай інтэлігенцыі. Больш важным, аднак, падаецца тое, што з’езд праігнаравалі як уласна беларускія паслы, як і іншыя больш-менш уплывовыя беларускія палітыкі. Больш таго, некалькі дэлегатаў дэманстратыўна пакінулі залу паседжанняў, аб чым пазней паведаміў ворган Грамады «Народная справы», надрукаваўшы пратэст ад імя несастаяўшыхся ўдзельнікаў сходу [5, с. 3 – 4;]. Сам сход адкрыў А.Паўлюкевіч. Ён выступіў з доўгай палітычнай прамовай, пасля чаго запрапанаваў выслаць прывітальныя тэлеграмы да прэзідэнта рэспублікі, маршала Ю.Пілсудскага, прэм’ера Бартэля, а таксама ваяводы У.Рачкевіча, што было аднагалосна ўхвалена. На з’ездзе адбылася змена назвы арганізацыі. Замест Часовай Беларускай Рады ўзнікла Беларуская нацыянальная рада ў Вільні. У выніку праведзеных выбараў у склаў праўлення Рады вайшлі: А.Паўлюкевіч – старшыня, Сокал-Кутылоўскі, Ф.Аляхновіч, А.Якімовіч, Т.Вернікоўскі, Яраш, Вітко. Акрамя гэтага, на з’ездзе былі прынятыя рэзалюцыі па палітычнаму, рэлігійнаму, школьнаму і зямельнаму пытаннях.

Аднак не толькі Грамада крытычна адрэагавала на спробу Рады выступіць ад імя ўсёй Заходняй Беларусі.  А.Станкевіч змясціў у «Беларускай крыніцы» артыкул «Пасля з’езда Паўлюкевіча», у якім падкрэсліў, што рэальная паланафільская ідэя для беларусаў у дадзены момант не існуе: «Лёс нашага народу ў апоры на Польшчу, – сцвярджаў лідар беларускіх хадэкаў, – нават тэарэтычна немагчыма сабе ўявіць. Гэта тоё ж самае, што будаваць дому на пяску без адпаведных фундаментаў. Не магчыма так сама і рэальная апора нашага народу на Польшчу. Сучасная Польшча застаецца пры сваіх захопніцкіх імкненнях, якія калісьці давялі нас да страты нашай незалежнасці і якія зараз аж занадта выразна адыгрываюць ў Польшчы галоўную ролю» [12, с. 387 – 402].

І на самой справе, ажыўленне ў дзейнасці Рады было шмат ў чым штучным, а таму ўжо праз месяц пасля з’езду ў працы паланафілаў зноў пачаўся застой, выкліканы ў значнай ступені спыненнем урадавых субсідый. Некаторы час А.Паўлюкевіч працягваў друкаваць «Беларускае слова», а ў жніўні 1926 года нават распаўсюдзіў адозву, у якой рашуча выказваўся супраць дзейнасці БСРГ. Для таго каб справіцца з недахопам грошай, ён разам з Друцкім-Падбярэскім, А.Кабычкіным, Ф.Аляхновічам, Знамяроўскім, Г.Канапацкім і В.Шышковым звярнуліся да ўладаў па дазвол на адкрыццё т. зв. «Беларускага клуба», які мог бы за кошт камерцыйнай дзейнасці прыносіць пэўныя прыбыткі . Аднак пасля зацверджання ўладамі статуту арганізацыі А.Паўлюкевіч не быў у выніку праведзеных выбараў абраны ва ўправу клуба, а ўлада перайшла ў рукі У.Більдзюкевіча і С.Валейшы, які даў грошы на арганізацыю. Ужо 19 жніўня 1926 года перастала выдавацца «Беларускае слова», бо друкарня адмовілася яе друкаваць з-за запазычанасцяў. Былыя супрацоўнікі і паплечнікі А.Паўлюкевіча – А.Кобычкін і Б.Друцкі-Падбярэскі, не атрымаўшы ад яго дапамогі, канчаткова адыйшлі. У адказ А.Паўлюкевіч у №22 «Беларускага слова» ад імя Беларускай нацыянальнай рады выступіў супраць сваіх былых паплечнікаў, аднак сустрэў пратэст з боку іншых сябраў Рады. Ф.Аляхновіч выступіў на старонках «Віленскага кур’ера», заяўляючы, што Беларуская нацыянальная рада не мае з адозвай нічога агульнага, і што яна з’яўляецца выключна творам самаго А.Паўлюкевіча. Урэшце, друкарня Двожэца, не атрымаўшы аплаты, з 19 жніўня перастала друкаваць «Беларускае слова» [9, ст. 53, 84;]. Затое 7 кастрычніка 1926 года выйшаў першы нумар «Беларускай хаты» пад рэдакцыяй А.Кабычкіна. У перадавіцы газеты, азаглаўленнай «Наш шлях» гаварылася: «Стоячы безумоўна на грунце польскай дзяржаўнасці, мы павінны адкрыта высказацца за супрацоўніцтва з польскай дэмакратыяй, у мэтах супольнай барацьбы з польскай рэакцыяй …Пры гэтым агаварываемся, што здабыццё правоў загварантаваных польскай канстытуцыяй ня ёсць наш пэўны ідэал, і мы рагзглядаем гэта як першы этап на шляху зьдзяёснення ідэалу поўнай незалежнасці Беларускага Народу» [4].

Такім чынам, пад канец 1926 года Беларуская нацыянальная рада апынулася ў стане поўнага заняпада. І хаця 16 кастрычніка А.Паўлюкевіч выдаў адозву з абвяржэннем чутак аб ліквідацыі Рады, заклікаючы да працы і барацьбы на карысць беларускай культуры і супрацьстаянню камуністам, ягоная палітычная кар’ера падавалася скончанай [12, с. 387-402].

Яўны крызыс паланафільскага асяродка на фоне далейшай радыкалізацыі беларускага грамадства паспрыяў таму, што ўжо восенню 1926 года замест скампрамітаваўшых сябе і саму ідэю супрацоўніцтва з польскай адміністрацыяй асобаў, перш за ўсё ўласна замест А.Паўлюкевіча, вылучаецца шэраг «новых» постацей такіх, як Францішак Умястоўскі, Янка Станкевіч, Я. Мамонька ды М.Гурын-Маразоўскі...

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика