ПАПКОЎ СЯРГЕЙ ПЯТРОВІЧ

Намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ.

Палітычнай дзейнасьцю займаецца з 1987 года. З 1990 па 9-га студзеня 1996 г. дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. У Беларускім Народным Фронце ”Адраджэньне” з 1990 г. Займаецца сістэмным аналізам палітычных, сацыяльных і эканамічных працэсаў. Удзельнічаў у распрацоўцы эканамічнай праграмы Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”.

Адукацыя вышэйшая. Закончыў у 1964 годзе Днепрапятроўскі дзяржаўны ўнівэрсітэт па спэцыяльнасьці сістэмы кіраваньня беспілотных лятальных апаратаў. У Менску жыве з 1966 году. Асноўная працоўная дзейнасьць праходзіла ў Навукова-даследчым інстытуце па вылічальнай тэхніцы (1966-1971 г.г.) і ў Навукова-вытворчым аб'яднаньні “Інтэграл” ( 1972-1993 г.г.) на інжынерных пасадах. Кірунак дзейнасьці — распрацоўшчык вылічальных машынаў і сістэмаў.

Нарадзіўся 13 лютага 1940 году ў г. Новая-Ляля, паўночны раён Свярдлоўскай вобласьці. Бацькі ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя былі рэпрэсаваныя бальшавікамі і высланыя з роднай Беларусі. Маці, Марыя Якаўлеўна, разам са сваімі бацькамі была высланая з Чэрвеньскага раёну Менскай вобласьці ў Комі-Пермяцкую акругу. Бацька, Пётра Сафонавіч, быў высланы з Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці ў гэтыя ж ссыльныя мясцовасьці. Быў вялікі падарунак лёсу ў тым, што ў 1947 годзе бацька атрымаў вольную і, не губляючы часу, вярнуўся разам з сям'ёй на сваю Радзіму. Дзякуючы гэтаму Сяргей Папкоў з першай па дзесятую клясу жыў у беларускім асяродку і вучыўся ў беларускай школе. Гэта стала грунтам для выбару жыцьцёвай і палітычнай пазыцыі ўжо ў сталыя гады.