Мастацтва краін Усходу XIV - XX ст.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь валодае вялікім зборам помнікаў культуры і мастацтва народаў Усходу. Гісторыя гэтай калекцыі пачынаецца з канца 1950-х гадоў, калі Міністэрствам культуры КНР быў перададзены ў музей значны збор твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кітая. У 1960 г. істотную дапамогу ў папаўненні калекцыі  аказаў Дзяржаўны музей мастацтва народаў Усходу ў Маскве. Набыцці ў прыватных калекцыянераў пасля значна папоўнілі і пашырылі збор. Сёння ў калекцыі прадстаўлены традыцыйныя віды мастацтва краін Пярэдняй, Сярэдняй, Цэнтральнай, Паўднёвай і Паўднева-усходняй Азіі, Каўказа і Далёкага Усходу: жывапіс і скульптура, мініяцюра і мастацтва народнай карціны, ткацтва і мастацкі метал, кераміка і фарфор, распісная і перагародчатая эмаль, разьба па дрэве, косці, каменю, распісныя і разныя лакі.

Кітайскай цывілізацыяй, адной з найстаражытных у свеце, было створана непаўторнае па прыгажосці і своеасаблівасці мастацтва, якое адрозніваецца трывалай прыхільнасцю да захавання традыцый. Выдатныя мастацкія помнікі сярэднявечнага і сучаснага Кітая з`яўляюцца гонарам усходняга збору НММ РБ.

Высокімі мастацкімі якасцямі, разнастайнасцю форм і дэкору адрозніваюцца кітайская кераміка і фарфор XV–XX стст. Вазы, талеркі, чашы, фарфоравая пластыка “залатога стагоддзя” – перыядаў Кансі (1662–1722), Юнчжэн (1723–1735), Цяньлун (1735–1796) – спалучаюць найдасканалы ўзровень тэхнічнага майстэрства з вытанчанасцю роспісу. У калекцыі музея ёсць манахромныя вырабы, прадметы, упрыгожаныя паліваным роспісам кобальтам, эмалевымі фарбамі па паліве.

Разнастайныя па матэрыялах і тэхніках вырабу кітайскія табакеркі – пасудзіны для араматычнага нюхальнага парашку. Флакончыкі з коркам і маленькай касцяной лыжачкай выкананы з фарфору, шкла, каменя (нефрыт, агат, ружовы кварц), разнога лаку і датуюцца ХІХ – пачаткам ХХ ст.

У зборы музея прадстаўлены розныя тэхнікі мастацкіх эмалей. Перагародчытыя эмалі розных колераў, аб`яднаныя залацістым контурам, упрыгожваюць паверхню мноства сасудаў, ваз і талерак. Фігура Льва “Фо”, выкананая ў XVIII ст., спалучае ў сабе ўстойлівасць і манументальнасць формы з вытанчаным шматколерным арнаментам. Распісныя эмалі нешматлікія, але больш маляўнічыя. Тонкай, амаль мініяцюрнай прапрацоўкай дэталяў адроніваецца авальная скрынка перыяду Цяньлун з выявай дракона і фэйхуана, сплеценых у складаны раслінны арнамент.

Вытворчасць лакавых вырабаў з-за складанай тэхнікі была даволі дарагой. Лак, які адпавядаў густам знаці, як не адзін іншы матэрыял, ужываўся пры дэкарыроўцы архітэктурных дэталяў, вырабе мэблі, разнастайнага хатняга начыння. Пекінскія майстры працавалі па чырвоным лаку ў тэхніцы разьбярства, якая дазваляла распрацоўваць дэкор, выкарыстоўваючы мелкую і глыбокую гравіроўку. Вялікая  скрынка для навагодніх дароў ХІХ ст. аздоблена віртуозна выкананымі шматслойнымі рэльефамі з малюнкам жанравых сцэн.

Майстэрства кітайскіх разьбяроў па дрэве, іх уменне абыграць прыродныя ўласцівасці матэрыялу асабліва ярка выявілася ў рэдкай па выразнасці драўлянай скульптуры Лю Хая – бога манет і спадарожніка бога багацця, датаваная канцом XVII – пачаткам XVIII ст. Майстар добра перадаў стан асалоды бажаства, якое ляжыць на бамбукавай цыноўцы побач з трохлапай жабай – эмблемай нажывання грошай.

Большая частка помнікаў культуры і мастацтва Японіі датуецца ХІХ–ХХ стст. Гэтак жа як і Кітай, гэта краіна на працягу стагоддзяў беражліва захоўвала традыцыйныя асаблівасці мастацтва, тэхнікі, сімволіку і паэтыку, нацыянальныя арнаменты і каларыт.

Збор японскай керамікі і фарфору ўключае творы майстэрань Сацума, Хідзэн, Кіото, Бідзэн і Кутані. Выдатны ўзор фарфоравай прадукцыі Хідзэн – вялікая ваза, распісаная кобальтам, надпаліванай чырвонай фарбай з даданнем пазалоты. Тут вылучаны чатыры буйныя рэзервы з матывам кветнеючай вішні, парасонавай хвоі і фенікса. Вырабы майстэрань Сацума пакрыты палівай колеру слановай косткі з дробнымі расколінамі – цэкам, рапісаны паліхромнымі фарбамі і золатам. Характэрныя матывы роспісаў – батальныя, жанравыя сцэны, эпізоды літаратурных твораў, фігуры святых, “парчовы” арнамент.

Выява квітнеючай і завядаючай прыроды прысутнічае ўсюды  ў японскім мастацтве – у кераміцы і фарфоры, у тканінах для нацыянальнай вопраткі – кімано. У экспазіцыі музея прадстаўлены святочныя кімано сучасных японскіх майстроў, якія беражліва захавалі традыцыі гэтага мастацтва. Па сваёй стылістыцы яны імкнуцца да позняга сярэднявечча. Малюнак кожнага кімано звязаны з вызначаным часам года, адпавядае пэўнай выяве заказчыка, яго ўзросту і настрою. Вясельнае белае кімано з кветкавым дэкорам нагадвае кветнеючы вясновы сад.

Незвычайна разнастайныя па дэкору і парчовыя паясы – обі. Іх упрыгожваюць традыцыйныя матывы парадных калёс, кветак, птушак, хвоі і бамбука.

Нэцкэ – мініяцюрная скульптура са слановай косці і дрэва, незвычайна папулярная ў XVIII – пачатку ХХ ст. Сваеасаблівая бірулька-процівага – нэцкэ – абавязковая прыналежнасць традыцыйнага мужчынскага касцюма. З іх дапамогай да пояса кімано прымацоўваліся на шаўковым шнуры веера, кісеты, скрыначкі “інро”. Нэцкэ – “Чаяванне”, “Сабака са шчанём”, “Хлопчык на буйвале”, “Мыш на гарбузе”, “Малпа” – адрозніваюцца руплівым выкананнем, віртуознай апрацоўкай косці і дрэва і незвычайнай выразнасцю.

Усходняе мастацтва музея дапаўняюць калекцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мініяцюры Індыі XIX–XX стагоддзяў.

Рысы непаўторнай самабытнасці ярка выявіліся ў ткацтве Індыі. Тканіны музейнага збору звязаны з перыядам адраджэння індыйскага тэкстыльнага рамяства ў 1950-я гады і з часам яго росквіту ў 1970–1980-я гады. Вырабленыя ўручную, яны адрозніваюцца валікай разнастайнасцю. Найтонкія шаўковыя сары, пакрывалы, шалі, хусткі і дываны аздоблены вышыўкай, набіванкай і незвычайна гарманічныя па колеры. Адмысловую каштоўнасць уяўляюць унікальныя рытуальныя завесы – “каламкары”, створаныя майстрамі вядомых тэкстыльных цэнтраў у штатах Андхра-Прадзеш і Арыса. “Каламкары” упрыгожаны складаным раслінным арнаментам, які ўзнаўляе склад Сусвету.

Са старажытных часоў у Індыі былі вядомы вырабы з медзі і бронзы. Па-майстэрску арнаментаваліся і даспехі воінаў. Шчыты і кінжалы ўпрыгожваліся гравіроўкай і насечкай. Сучасныя майстры працягваюць рабіць разнастайныя рэчы, рытуальныя прадметы, скульптуру. Для вытворчасці вырабаў выкарыстоўваюць два метады: коўку і адліўку спосабам “згубленай васковай мадэлі”.

Мастацкая апрацоўка дрэва таксама з’яўляецца адным са старажытнейшых рамёстваў Індыі. Індыйскія лясы багатыя каштоўнымі пародамі дрэў – чырвоным, чорным, самшытам, кіпарысам і сандалавым дрэвам. З усіх раёнаў Індыі, дзе існуе мастацкая апрацоўка дрэва, найбольшай вядомасцю карыстаецца Кашмір. Рамеснікі Кашміра ўславіліся вырабам мэблі – празрыстых, падобных на карункі шырм, столікаў, крэслаў, пакрытых ажурным разьбяным узорам скрыначак.

У шматлікіх раёнах Індыі распаўсюджаны жывапіс на грунтаваным палатне – патачытра (пата – тканіна, чытра – малюнак). Мастацтва гэта народнае. Робяць патачытры майстры касты чыта, вядомай з ХІ ст. Мастакі адначасова і спевакі, і казачнікі. Яны спяваюць песні на сюжэты скруткаў.

У зборы прадстаўлены патачытры, прысвечаныя паданням аб Крышне, майстра  Чандрыах Накаш Чытра з вескі Чарыял Мангал штата Андхра-Прадзеш. Гэты майстар – удзельнік шматлікіх індыйскіх і замежных выставак народнага мастацтва. Яго працы экспануюцца ў буйнейшых музеях Індыі, набыты для калекцыі музея Вікторыі і Альберта ў Лондане.

Высокім майстэрствам выканання адрозніваюцца творы сучасных майстроў Раджастана, якія працягваюць і развіваюць традыцыі знакамітай раджастанскай школы мініяцюры.

Мастацтва Ірана прадстаўлена нешматлікімі ўзорамі мастацкіх рамёстваў – сасудамі з керамікі, металу і шкла ХІХ ст., прадметамі з пап’е-машэ і дрэва і лакавым роспісам XVIII–XIX стст., дыванамі з Белуджыстана і Цебрыза XIX–XX стст.

Незвычайна цікавая калекцыя сучаснай керамікі Сярэдняй Азіі. Яна прадстаўлена творамі старэйшых майстроў і маладога пакалення мастакоў самаркандскай керамічнай школы. Вазы, талеркі, чашы і экспрэсіўная дэкаратыўная скульптура дэманструюць творчае дачыненне майстроў керамікі да нацыянальных традыцый.

Калекцыя ўсходнягя мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі налічвае каля паўтары тысячы помнікаў і дае пэўнае ўяўленне аб мастацтве краін гэтага рэгіёна.