Слонімчанка Ганна Фёдараўна Пішчукевіч даўно на пенсіі, і даўно ёй мінула за 80.

Яшчэ ў 1944 годзе Ганна Пішчукевіч паступіла ў 8 клас беларускай сярэдняй школы № 1  Слоніма. Пасля закачэння школы слонімская дзяўчына стала студэнткай хімічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. А калі скончыла універсітэт, то вярнулася на родную Слонімшчыну.

Спачатку працавала настаўніцай хіміі ў Зэльве, а пасля аж да пенсіі – у Азярніцкай сярэдняй школе.

“Вучні памятаюць мяне да сённяшніх дзён, – кажа Ганна Фёдараўна, –хаця я ўжо амаль 30 гадоў на пенсіі. Былыя вучні дасылаюць мне паштоўкі, тэлеграмы, падарункі. А адзін мой вучань, цяпер палкоўнік, нават прывёз мне ў падарунак з Расіі арэнбурскую пуховую хустку”.  У час сустрэчы, Ганна Фёдараўна з вялікай радасцю ўспамінала СШ № 1, дзе вучылася, а таксама сваіх аднакласнікаў. Паказала кніжку “Успаміны сэрца майго” Надзеі Дземідовіч з аўтографам аўтаркі, разам з ёю Ганна Пішчукевіч калісьці вучылася, цяпер усё жыццё аднакласніцы сябруюць.

Пасля жанчына дастала невялікі запісны блакноцік, дзе па-беларуску былі напісаны такія радкі: “Для ўспамінаў вясёлых школьных дзён, якія праходзяць, каб ніколі не вярнуцца. Хай ваша жыццё будзе водблескам шчасця пад сонцам, і вусны хай вашы смяюцца  вясёлкамі ранняй вясны, а з прыходам апошняй споўняецца мары і сны, хай будуць ісці чарадой, адна за адной, так бясконца, А ваша жыццё будзе водблескам шчасця пад сонцам… Напісаў школьнай сяброўцы Анцы А.Гардзейка 24 лютага 1947 года Слонім”.

Аляксандр Гардзейка як і некаторыя іншыя аднакласнікі Ганны Пішчыкевіч былі рэпрасаваныя за беларускія нацыянальныя ідэі. Дзесяць гадоў зняволення адбыў Аляксандр Гардзейка ў канцлагерах Магадану. На Беларусь вярнуўся ў 1965 годзе. Жыў і памёр у Салігорску.

Сама Ганна Пішчукевіч з роду Мілачэўскіх. Пра сваіх дзядоў і прадзедаў расказала цікавую гісторыю. У вёсцы Блізная (недалёка ад шашы па дарозе Слонім – Ружаны) жылі тры браты Мілачэўскія. Адзін з гэтых братоў – Міхал Мілачэўскі прымаў удзел у паўстанні 1863 года. Пасля паразы паўстання, Міхалу ўдалося ўцячы ў Парыж. Там ён ажаніўся на парыжанцы і ад гэтага шлюбу меў сына і дачку. Пражыўшы ў Парыжы 13 гадоў, Міхал вярнуўся на Слонімшчыну. Але браты адказалі яму ў спадчыне, якая засталася ад бацькоў.

Праўда, у 1878 годзе яму ўсё ж удалося купіць невялікі маёнтак у Камілёва і млын у Клепачах. А калі Міхал састарэў, то ўсю сваю спадчыну ён перадаў сыну Паўлу. У Паўла было чацвёра дзяцей: Генрых, Ганна, Марыя і Паўліна – маці Ганны Фёдараўны Пішчыкевіч.

Кожнаму з дзяцей Паўла пасля смерці ў спадчыну засталіся па 5 гектараў зямлі і па частцы млына ў Клепачах.

Пра Паўліну Мілачэўскую неяк згадаў мне настаўнік-пенсіянер Мікалай Ракевіч. Ён памятае яе і сказаў, што Паўліна была вельмі шчырай працаўніцай і чулай жанчынай са спагадлівай душой.

“Мая мама Паўліна і тата Фёдар на сваім участку, дзе былі луг і невялікая крыніца, у 1937 годзе выкапалі сажалку, — расказала Ганна Фёдараўна. — А праз год прывезлі ад Слізьняў з Новадзевяткавіч малькоў карпа і запусцілі ў сажалку. Праз пэўны час у сажалцы плавалі вялікія карпы. Але радасці ў мамы з татам былі марныя, бо восенню 1939 года, калі прыйшла савецкая ўлада, мясцовыя актывісты спусцілі ноччу ваду ў сажалцы і выграблі ўсю рыбу. Ніхто не стаў шукаць рабаўнікоў”.

А вось сына Генрыха праца на зямлі мала цікавіла, яго больш цягнула да кніг, да вывучэння гісторыі роднай зямлі.

Генрых Мілачэўскі нарадзіўся прыблізна ў 1897 годзе на хутары Камялёва, недалёка ад чыгуначнай станцыі Азярніца. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Слоніме. Потым магчыма вучыўся ў Вільні. Але дзе канкрэтна, аўтару гэтых радкоў даведацца пакуль не ўдалося.

Генрых Мілачэўскім пісаў на польскай і беларускай мовах, якія сам дасканала ведаў. У 1929 годзе ў Гродне ў друкарні К.Крамкоўскага ён выдаў зборнік выбраных вершаў на польскай мове “Plyn, piosenko”. Сюды ўвайшлі вершы, напісаныя аўтарам на працягу 1908-1922 гадоў.

Гэта былі вершы, прысвечаныя роднай прыродзе, бацькоўскай зямлі, сябрам, землякам, шмат радкоў на рэлігійныя тэмы, а таксама вершы, прысвечаныя бежанству перыяду Першай сусветнай вайны. У адным з вершаў паэт сам шчыра прызнаўся: “Для вас — знаёмых і незнаёмых сёстраў і братоў я пішу свае паэтычныя радкі”.

Генрых Мілачэўскі для Ганны Пішчыкевіч быў родным дзядзькам, родны брат яе мамы. У Ганны Фёдараўны да сённяшніх дзён захоўваецца вышэй названы зборнічак вершаў з аўтографам для яе мамы: “Каханай маёй сястры Полі — на памятку. Г.Мілачэўскі. 17.ХI.1930”.

Сама Ганна Пішчыкевіч не памятае роднага дзядзькі. Але па яе словах, як расказвала ёй мама, дамоў са Слоніма, Гродна і Вільні Генрых прыязджаў з кнігамі, часопісамі і газетамі, альбо з калекцыямі розных старых рэчаў. Дарэчы, у фондах Гродзенскага Дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея знаходзіцца крамянёвы інвентар з ваколіц маёнка Антонава былога Слонімскага павета (ГИАМ 3642). Ён быў перададзены ў музей Генрыхам Мілачэўскім перад Другой сусветнай вайной і налічвае 28 адзінак.

Той факт, што калекцыя складаецца толькі з крамянёвых прыладаў працы, сведчыць аб тым, што іх збіральнік валодаў пэўнымі археалагічнымі ведамі. Асноўная частка гэтых знаходак колькасна і тыпалагічна адносіцца да перыяду канца неаліту — пачатку бронзавага веку (другая палова III —  пршая палова II тысячагоддзя да нашай эры). І на сённяшні дзень гэта знаходка з’яўляецца каштоўнай у фондах Гродзенскага музея.

Перад пачаткам Першай сусветнай вайны Генрых закахаўся ў прыгожую яўрэечку са Слоніма. Ён прысвяціў ён шмат сваіх паэтычных строфаў. Але вайна і тагачасныя расійскія парадкі, выгналі сям’ю Мілачэўскіх у глыб Расіі. Пасля вяртання, спаткаць сваё першае каханне Генрых не змог. Ён пайшоў у прымы да багатай жанчыны, якая жыла на хутары Антонава. У іх нарадзілася дачка Галіна.

У канцы 1930-х гадоў Генрых Мілачэўскі моцна захварэў на цукровы дыябет. Яму аднялі нагу, а 3 лютага 1941 года паэта і археолага ня стала. Пахавалі яго на могілках вёскі Моўчадзь, цяпер гэта Баранавіцкі раён.

Ганна Фёдараўна Пішчыкевіч да сённяшніх дзён захоўвае і некалькі старых дакументаў, якія сведчаць аб дваранскім паходжанні яе роду Мілачэўскіх. Найперш гэта “Вводный листъ” на спадчыну дваранаў Мілачэўскіх 1896 года, а таксама план кляпацкага млына, які ім належаў.

Дарэчы, кляпацкі млын у 1938 годзе арэндаваў яўрэй з Зэльвы. Ён адзін жыў пры млыне, а сям’я жыла ў Зэльве. Толькі пад вечар на ровары ён ехаў да сям’і ў Зэльву на некалькі дзён. Млын у Клепачах дзейнічаў да 1951 года. Апошнім яго гаспадаром быў Іван Дзмітрычэнка. Цяпер мала хто памятае, што на працягу некалькі стагоддзяў у Клепачах каля млына было возера, дзе падаючая вада на вадзяное кола прыводзіла ў рух механізмы млына. Круціліся жорны, а з-пад іх высыпалася мука, розныя крупы, а часальная машына выдавала пушыстую авечую воўну…

Расказваючы пра ўсё гэта Ганна Фёдараўна неяк прызадумалася і засумавала, дадаўшы з гораччу, што ўсе Мілачэўскія пахаваныя на могілках у вёсцы Блізная.