Памёр Павел Марціновіч. Развітанне адбудзецца 28 красавіка

Развітанне адбудзецца 28 красавіка ў 12.00 у Мінскім крэматорыі (пас. Навінкі, Паўночныя могілкі).

Павел Марціновіч нарадзіўся 27 чэрвеня 1954 года ў сям'і пісьменніка. У 1971 г. паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля трэцяга курса перавёўся на завочнае аддзяленне (скончыў у 1976) і адначасова пачаў працаваць памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Рэспубліканскага тэатра юнага гледача. У 1978-1979 гг. - літсупрацоўнік рэдакцыі часопіса «Вясёлка».

Аўтар зборнікаў вершаў «Прадвесне» (1975), «Час бурштыну» (1977). Выдаў кніжкі вершаў для дзяцей «Паспяшайся ў наш звярынец!» (1978), «Жыў-быў воўк» (1979), «Дзядзька Сон» (1980), «Сталёвы бусел» (1989).

Перакладае з англійскай, літоўскай, польскай, чэшскай моў на беларускую. У яго перакладзе асобнымі выданнямі выйшлі аповесць В. Стыблавай «Мой брацік» (1977), зборнік чэшскіх народных казак «Кубачак, вары!» (1977), аповесці В. Бубніса «Белы вецер. Рамунас» (1978), зборнік вершаў «Рамоначак-рамунеле» (1979), раман Я. Козака «Гняздо бусла» (1979), аповесць А. Крысці «Нябожчыкава люстэрка» (зборнік «Замежны дэтэктыў», 1988).

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"