Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Гаспóда. Суб’ектыўная рэчаіснасць

Выстаўка Рыгора Сямёнавіча Сітніцы “Гаспóда. Суб’ектыўная рэчаіснасць”, прымеркавана да 50-годдзя з дня нараджэння мастака. Майстар упершыню прадстаўляе свае працы ў такім аб’ёме ў залах музея. У экспазіцыі прадстаўлена 60 графічных лістоў 1980–2000-х гг. Каля пятнаццаці з іх датаваныя апошнім, 2008 г. Інтрыгуе назва “Гаспóда”. Слова “гаспóда” мае складанае сэнсавае значэнне. Сам аўтар тлумачыць гэта так: «…Гэтае слова ўзята з творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. Гэта старасвецкае, старадаўняе беларускае слова, якое абазначае тое месца, дзе жыве чалавек разам з сваёй сям’ёй і разам з Госпадам Богам. У гэтым слове чуецца слова гаспадарка і слова Госпад. Гаспóда – гэта месца пражывання сям’і, радні. Гаспóдай можна назваць дзяржаву, дзе нацыя клапоціцца пра свой дастатак, не забываючы пра Госпада, у гармоніі з светам, з Богам і самой сабой. Гаспóдай можна назваць Зямлю, калі людзі клапоцяцца аб захаванні сваёй планеты, вось тады зямная гаспóда. Гаспóдай можна назваць Космас, дзе жыве Бог, тады гэта гаспóда Госпада…».

Творчасці Рыгора Сітніцы характэрна пільная ўвага да беларускіх нацыянальных каштоўнасцей: гісторыі, этнаграфіі, фальклору як неад’емных частак агульнаеўрапейскага культурнага кантэксту.

Стылістычная манера мастака надае канкрэтным аб’ектам ягоных твораў грунтоўную сутнасць сімвалаў, знакаў і выводзіць іх на памежжа, дзе форма, не губляючы сваёй рэалістычнасці, набывае рысы абстрактнага вобраза.

Свядома карыстаючыся самымі звыклымі мастацкімі сродкамі – паперай і алоўкам, Р. Сітніца даследуе простыя, усім знаёмыя “банальныя” рэчы, выяўляе іх метафізічную існасць ды падымае іх з будзённага немастацкага кантэксту ў высокі ранг сучаснага рафініванага мастацкага стылю.

Рыгор Сямёнавіч Сітніца нарадзіўся 1 студзеня 1958 года у вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці.

1976 – скончыў Рэспубліканскую школу па музыцы і выяўленчаму мастацтву.

1982 – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся у В.П. Шаранговіча, У.П. Савіча.

З 1983 – выкладчык Беларускага каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка. Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў.

З 1985 – сябра Беларускага Саюза мастакоў.

З 2007– першы намеснік грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”.

З 1980 – сталы удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх, замежных і міжнародных выставак, мастацкіх і літаратурных імпрэзаў.

З 2003 – стала выступае ў рэспубліканскім і замежным друку як паэт і публіцыст. Мае шматлікія публікацыі і выступленні ў перыядычным друку, калектыўных выданнях, электронных медыя. Лаўрэат літаратурных прэмій: “Полымя – 2003” і “Залаты апостраф – 2007”.

Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Мастацкім фондзе Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва г. Мінска, Дзяржаўным літаратурным музеі М. Багдановіча, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчынай вайны, Дзяржаўным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава ў Магілёве, Дзяржаўным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе”, Музеі беларускай культуры ў Гайнаўцы (Польшча), галерэі Франца Салеса Грыля ў Мюнхене (Германія), мастацкім зборы Міністэрства марскога гандлю Грэцыі, Муніцыпальным мастацкім цэнтры г. Бельскага-Бяла (Польшча), Мастацкім зборы манастыра св. Георгія на востраве Касас (Грэцыя), Мастацкім зборы царквы св. Пятра і Паўла ў Мінску, прыватных зборах.