Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Другі ліст Карынцянам сьвятога апостала Паўлы


 

 

Другі ліст Карынцянам сьвятога апостала Паўлы

Другі ліст Карынцянам сьвятога апостала Паўлы

 

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13

 

Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага
Паводле: Новы Запавет, 1999
Рэдакцыя: Антоні Бокун
Электронная версія:  Антоні Бокун

1

Прывітаньне

1. Павал, з волі Божай пакліканы на апостала Езуса Хрыста, і Цімафей, брат, царкве Божай ў Карыньце з усімі сьвятымі, што ў-ва ўсёй Ахаі:

2. ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыста.

Падзяка Богу

3. Багаслаўлены Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрдзя і Бог усякае пацехі,

4. які пацяшае нас у кожным нашым горы, каб мы самі маглі пацяшаць тых, каторыя ў якой-колечы бядзе, пацехаю, якую атрымоўваем ад Бога.

5. Бо як у нас памнажаюцца цярпеньні Хрыстовы, так і праз Хрыста павялічваюцца пацяшэньні нашыя.

6. І калі мы пераносім гора, дык для пацяшэньня і для збаўленьня вашага; а калі мы цешымся, дык для вашага пацяшэньня, якое робіць, што і вы стойка пераносіце гэтыя самыя мучэньні, каторыя і мы перажываем.

7. І што да вас надзея нашая вялікая, бо ведаем, што вы ёсьць як супольнікамі мукаў, так і (супольнікамі) пацяшэньня.

8. Ня хочам, браты, каб вы ня ведалі, якое гора сталася нам у Азіі, як нас страшна прыціснула па-над сілы, што не хацелася жыць.

9. Але мы самі ў сабе адчувалі прысуд сьмерці, каб не пакладацца на саміх сябе, але на Бога, каторы ўваскрашае памёршых.

10. Ён і выбавіў нас ад раптоўнае небясьпекі сьмерці, і выбаўляе, і мы маем у Ім надзею, што і далей будзе выбаўляць ,

11. за дапамогай вашых малітваў за нас, каб за дар, атрыманы дзеля (просьбаў) многіх, многія падзяку складалі за нас.

Зьмена праграмы падарожжа Паўла

12. Бо пахвала для нас - гэта сьведчаньне сумленьня нашага, што ў прастаце сэрца ды ў шчырасьці перад Богам, і не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі мы на сьвеце, асабліва ў вас.

13. Ня пішам бо вам нічога, як толькі тое, што вы - чытаеце і што разумееце. Спадзяюся, што і да канца будзеце нас разумець.

14. Вы ўжо часткова зразумелі нас, што мы будзем пахвалою вашаю, так як вы - нашаю ў дзень Госпада нашага Езуса.

15. І з такой пэўнасьцю я ўжо раней рыхтаваўся прыбыць да вас, каб атрымалі вы паўторную ласку,

16. і ад вас направіцца ў Македонію, а з Македоніі зноў наведаць вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.

17. Калі я ўсё гэта плянаваў, ці рабіў гэта лёгкадумна? Ці рашаючыся на гэта, вырашаў па цялеснаму, каб было ў мяне адначасна: "так, так" і "не, не"?

18. Верны Бог, што слова нашае да вас не было: "так" і "не"!

19. Бо Сын Божы Езус Хрыстос, пра якога мы вам вясьцілі, - я, і Сільван, і Цімафей, - ня быў: "так" і "не", але ў Ім было "так".

20. Колькі бо абяцаньняў Божых, усе яны ў Ім "так". Таму таксама праз Яго кажацца "Амэн" Богу на хвалу праз нас.

21. А Той, хто нас умацоўвае разам з вамі ў Хрысьце, ды хто нас намасьціў, ёсьць Бог,

22. які і палажыў на нас пячатку сваю ды пакінуў заруку Духа ў сэрцах нашых.

23. Дык прызываю на сьведку Бога ў душы маёй, што, шкадуючы вас, я дасюль не прыходзіў у Карынт

24. не дзеля таго, што мы валадарым над верай вашай, але мы памочнікі вашае радасьці, бо ў веры вы моцныя.


Старонка 1 з 13 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст