Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд вырашыў зьліквідаваць Беларускі ПЭН-цэнтар


Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь

У арганізацыі даведаліся пра пазоў аб ліквідацыі ў канцы ліпеня, калі самі затэлефанавалі ў прымальню Вярхоўнага суду. Улады вырашылі ніяк не папярэджваць ПЭН-цэнтар пра пазоў.

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь 9 жніўня разгледзеў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтру.

Суд вырашыў зьліквідаваць арганізацыю. Ранейшае паседжаньне было заплянавана на 3 жніўня, аднак тады яно не адбылося.

Як паведаміла Свабодзе першая намесьніца старшыні арганізацыі Тацяна Нядбай, у выніку другога судовага пасяджэньня ў справе арганізацыі Беларускі ПЭН-цэнтар зьліквідаваны. Судзьдзя — Сакалоўская Г.М., прадстаўніком Міністэрства юстыцыі на судзе выступіў Печкуроў А.У., пракурорка — Кавальчук І.А.

14 ліпеня сілавікі правялі ператрус па юрыдычным адрасе Беларускага ПЭН-цэнтру. У прадстаўнікоў ГУБАЗіК МУС была пастанова на ператрус, падпісаная генэральным пракурорам Андрэем Шведам. У сувязі з пандэміяй каранавірусу арганізацыя ўжо больш за год працуе ў дыстанцыйным рэжыме, таму пад юрыдычным адрасам нікога з супрацоўнікаў не было.

Паводле намесьніцы старшыні арганізацыі Тацяны Нядбай, сілавікі правялі ператрус у іншай арганізацыі, у якой такі самы юрыдычны адрас, сканфіскавалі ўсю тэхніку.

19 ліпеня стала вядома пра арышт рахункаў Беларускага ПЭН-цэнтру, а 22 ліпеня зьявілася інфармацыя, што Міністэрства юстыцыі падало пазоў аб ліквідацыі арганізацыі.

ПЭН-цэнтру, які ўзначальвае нобэлеўская ляўрэатка ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, вядома аб пачатку крымінальных справаў па шэрагу артыкулаў, у тым ліку ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы), ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).

Міжнародны ПЭН-клюб — сусьветнае аб’яднаньне прафэсійных літаратараў, заснаванае ў Лёндане 5 кастрычніка 1921 году, каб пашыраць супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафэсіяў і абараняць іх правы. Беларускі ПЭН-цэнтар створаны ў 1989 годзе. У 2010 годзе Міжнародны ПЭН-клюб налічваў больш за 140 аўтаномных прадстаўніцтваў у розных краінах сьвету.

Міністэрства юстыцыі ліквідуе шэраг самых розных беларускіх арганізацый. На цяперашні момант вядома ўжо больш як пра пяць дзясяткаў арганізацый, які падпалі пад ліквідацыю.

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка 23 ліпеня 2021 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG