Гімн “Магутны Божа”: “зрабі магутнай” ці “зрабі свабоднай”?

Фота - belapc.org
Фота – belapc.org

Гімн “Магутны Божа”, напісаны ў 1943 годзе выбітнай беларускай паэткай Наталляй Арсеньневай, займае важнае месца ў беларускай культуры. Практычна ўсе хрысціянскія канфесіі краіны ўважаюць яго рэлігійным гімнам, ён рэгулярна выкарыстоўваецца падчас і пасля набажэнстваў, рознага кшталту ўрачыстасцяў, напачатку і сканчэнні разнастайных мерапрыемстваў. Вялікая доля асобаў увогуле лічыць “Магутны Божа” гімнам нацыянальным.

Разам з тым, як і шэраг іншых беларускіх нацыянальных спеваў (напрыклад, “Пагоня” Максіма Багдановіча”) тэкст гімну мае варыяцыі. Так, пры яго выкананні свецкімі вернікамі, грамадскімі і палітычнымі актывістамі ды дзеячамі часцей за ўсё апошнія радкі маюць наступны выгляд: “Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай краіну нашу і наш народ” (падкрэслена аўатарам). Менавіта гэты варыянт зафіксаваны на знакамітай складанцы “Я нарадзіўся тут”.

У той жа час хрысціянскія Цэрквы аддаюць перавагу варыянту “Зрабі магутнай, зрабі шчаслівай краіну нашу і наш народ” (падкрэслена аўтарам). Так, ва ўсіх адшуканых аўтарам каталіцкіх малітоўніках, пачыначы ад выдадзенага ў 1949 годзе ў Рыме “Hołasudušy”, прыводзіцца менавіта гэты варыянт. Спяваюць яго і праваслаўныя хоры, напрыклад, гарадзенскі альбо Петрапаўлаўскага сабору ў Менску. Менавіта гэты варыянт прыводзіць і сайт беларускіх прыхільнікаў аўтакефаліі.

Прычым бываюць выпадкі, калі тых, хто спявае “зрабі свабоднай” падчас набажэнстваў, пачынаюць крытыкаваць за гэта. Адначасова і апаненты варыянту са словам “магутнай” абвінавачваюць прыхільнікаў апошняга ў боязі слова “свабода”.

Адкуль жа ўзнік гэты падзел і які з варыянтаў мае большае права на існаванне? Беларускі паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла адзначыў у каментары Крыніца.INFO, што першапачатковы варыянт гімну ўтрымліваў слова “магутнай”, а не “свабоднай”. Менавіта ён апублікаваны на 69-й старонцы кнігі Наталлі Арсенневай “Сягоньня”,  што была выдадзеная ў Менску ў 1944 годзе. Аднак у кнізе “Між берагамі”, якая выйшла ў Нью-Ёрку ў 1979 годзе, на 115-й старонцы змешчаны варыянт са словамі “Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай”.

Так што, як бачым, нават зборнікі выдадзеныя самой аўтаркай “Магутны Божа” не даюць адназначнага адказу на пастаўленае пытанне. Вядома, калі браць да ўвагі тое, што першым з’явіўся варыянт са словам “магутны”, то менавіта яго і можна лічыць найбольш гістарычным. Але ў гэтым выпадку варта ўлічваць, у якіх абставінах ён апублікаваны. А выйшаў у свет ён у 1944 годзе ў акупаваным немцамі Менску, калі пра ніякую свабоду Беларусі казаць не выпадала, а найбольш заўзятыя прыхільнікі незалежнасці краіны, нават апантаныя антысаветчыкі, пазбаўляліся за гэта сваіх жыццяў. Таму, мяркуючы па ўсім, аўтарскі тэкст мог зазнаць уплыў цэнзуры і самацэнзуры.

У гэтым выпадку можна прыгадаць выказванне праваслаўнага дыякана Андрэя Кураева адносна літаратурных твораў, што выходзяць у межах цэнзуры: “Калі пісьменнік працуе ва ўмовах жорсткай знешняй цэнзуры, то з часам ён пераходзіць да самацэнзуры. Ён ужо па сваім горкім досведзе ведае, што – можна, што – на мяжы дапушчальнага, а што – проста немагчыма. Ён ведае патрабаванні цэнзуры і густы канкрэтнага цэнзара. І тады ён можа сам падпраўляць свой ​​тэкст напярэдадні аддачы яго ў чужыя рукі. Пакуль пісьменнік сам-насам са сваім натхненнем – ён проста шчыры. І тады кожны піша, як ён дыхае … Але вось надыходзіць пара, калі трэба наступаць на горла сваёй песні дзеля таго, каб хоць нешта прахрыпець” (д.Андрей Кураев. Мастер и Маргарита: за Христа или против?”).

Так што, не выключана, што першы  варыянт гімну мог быць адцэнзураваны самой аўтаркай, каб хоць у такім выглядзе данесці яго да чытачоў. Аднак, апынуўшыся ў ЗША, дзе цэнзура ёй больш не пагражала, Наталля Арсеннева магла апублікаваць той варыянт, які не зазнаў уплыву знешніх і ўнутраных цэнзараў.

У любым выпадку, як бачым, абодва варыянты спеву “Магутны Божа” маюць права на існаванне. У кожнага з гэтых варыянтаў ёсць свая гісторыя, неадлучная ад гісторыі іх стваральніцы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі